Пажылым патрэбны нашы клопат і ўвага

Пажылым патрэбны нашы клопат і ўвага

Першы дзень кастрычніка носіць мудры і спелы характар. Бо менавіта ён пазначаны ў календары як Дзень пажылых людзей. Людзей, якія ў нашым жыцці адыгрываюць важную ролю. Пражытыя імі гады — гэта мудрасць, вопыт, цікавыя напрацоўкі, годныя пераймання. Памятаць пра гэта трэба ўвесь час, як і пра ўсіх тых, каму ў сілу ўзросту патрэбны нашы клопат і ўвага — не толькі ў святы, але і ў будні.
Сёння на Жабінкаўшчыне пражывае больш за шэсць тысяч пажылых людзей, у тым ліку 360 адзінокіх, 22 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, 90-гадовую мяжу перасягнуў 161 чалавек. “Старэйшына” нашага раёна — Варвара Рыгораўна Кулік з Жабінкі — адсвяткавала сёлета свой 102-і дзень нараджэння.
Сацыяльная абарона для грамадзян пажылога ўзросту стала канкрэтнай і адраснай. Таму падтрымка малазабяспечаных грамадзян і людзей старэйшага пакалення, ветэранаў вайны і інвалідаў застаецца адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Рознымі відамі сацыяльнай падтрымкі ў цэнтры карыстаюцца 1457 пажылых людзей. У іх ліку матэрыяльную дапамогу са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны атрымалі 185 чалавек на агульную суму 11 802 рублі, дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу (штомесячную, аднаразовую і дапамогу для пакрыцця выдаткаў на набыццё падгузнікаў) — 356 чалавек на агульную суму 108 210,85 рубля, гуманітарную рэчавую дапамогу — 92 чалавекі, тэхнічныя сродкі рэабілітацыі выдадзены 57 пажылым людзям, платныя разавыя паслугі аказаны 445-ці. Поўны спектр сацыяльна-бытавых паслуг прадастаўляецца 234 пенсіянерам, якія знаходзяцца на надомным сацыяльным абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі дома.
У цэнтры працуе сумешчанае аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, дзе абслугоўваюцца 20 пенсіянераў. Дзейнічаюць гурткі: “Вытокі” (для аматараў краязнаўства), “Цудоўнае сваімі рукамі” (для жадаючых займацца рознымі відамі рукадзелля), “Энергія” (фізкультурна-аздараўленчы гурток), працуе клас па навучанні камп’ютарнай пісьменнасці (на платнай аснове), праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, псіхалагічныя трэнінгі.
Сацыяльныя паслугі ў аддзяленні прадастаўляюцца непрацуючым грамадзянам, якія дасягнулі 60-ці гадоў. Жадаючыя наведваць аддзяленне могуць звяртацца па адрасе: г. Жабінка, вул. Калгасная, 4, кабінет № 4,
тэл. 2-35-64.
Сёлета сумесна з Жабінкаўскай раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання ветэранаў рэалізуецца ініцыятыва “Шлях да даўгалецця” ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (БЕЛМЕД), фінансуемага Еўрасаюзам і рэалізуемага ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Сума гранта складае 5 970 долараў ЗША. На базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для пажылых людзей арганізаваны бясплатны пункт праката веласіпедаў, палак для скандынаўскай хадзьбы, а ў зімовы час — пракат лыж. Пунктам праката скарыстаўся 121 чалавек. Наведвальнікі фізкультурна-аздараўленчага гуртка “Гімнастыка” асвойваюць хадзьбу са скандынаўскімі палкамі, больш за сто чалавек прынялі ўдзел у прафесійных майстар-класах.
Хачу падкрэсліць, што мы ў неаплатным даўгу перад людзьмі старэйшага пакалення і ў нашых сілах зрабіць іх жыццё лепшым, напоўніць яго цяплом і святлом. Як гэта важна — не пакінуць старых сам-насам са сваімі клопатамі і праблемамі, аказаць ім рэальную дапамогу, падтрымаць добрым словам. Часам нават просты чалавечы ўдзел здольны тварыць цуды.
А напярэдадні свята свае найлепшыя пажаданні мы адрасуем усім пажылым грамадзянам нашага раёна, асабліва тым, хто знаходзіцца на надомным абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі дома, удзельнікам клубаў пажылых людзей, а таксама былым работнікам, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку.
Паважаныя прадстаўнікі старэйшага пакалення! Дзякуй вам за падораную нам магчымасць жыць на гэтай цудоўнай зямлі. Нізкі паклон за вашу гераічную працу, самаадданасць, любоў да людзей і Радзімы! Няхай ваша жыццё будзе напоўнена любоўю і клопатам дзяцей, унукаў і праўнукаў. Здароўя вам і даўгалецця!
Раіса МЫШКАВЕЦ, дырэктар Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top