“Лепшы супрацоўнік крымінальнага вышуку”

“Лепшы супрацоўнік крымінальнага вышуку”

 

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Ужо не першы год прафесійнае спаборніцтва пад такой назвай праводзіцца ў Беларусі. Сёлетняя асаблівасць конкурсу ў тым, што ён ладзіўся напярэдадні важнай юбілейнай даты — 100-годдзя крымінальнага вышуку. Прыемна адзначыць: упершыню ў ліку лепшых у краіне — прадстаўнік Брэстчыны, удвая прыемней, што служыць ён у Жабінкаўскім РАУС.
КРЫХУ ПРА ГЕРОЯ. Пасля Якаўчыцкай адзінаццацігодкі Эдуард Лінік (на здымку) паступіў у Акадэмію МУС. Першае месца службы — у Ганцавічах. Праз год, у 2012-м, вярнуўся ў Жабінку, дзе стаў оперупаўнаважаным (а з лета мінулага года — старшым оперупаўнаважаным) аддзялення крымінальнага вышуку раённага аддзела ўнутраных спраў. Сёлета 1 ліпеня Эдуарду Анатольевічу прысвоена чарговае спецыяльнае званне — маёр міліцыі.
Конкурс прафесійнага майстэрства, у якім ён паспяхова браў удзел, праходзіў у тры этапы. На кожным патрабавалася праявіць свае веды ў заканадаўстве ды ўменні ў фізічнай і агнявой падрыхтоўцы.
Стартавала спаборніцтва на раённым узроўні 16 жніўня. Затым праз тыдзень (ужо на абласным этапе) давялося высвятляць, хто ж лепшы з прадстаўнікоў усіх раёнаў Брэстчыны. Лінік стаў тады другім, уступіўшы першае месца маёру міліцыі Арцёму Мацясу, які прадстаўляў баранавіцкія органы ўнутраных спраў на транспарце.
Паміж 18 і 20 верасня ў сталіцы ладзіўся фінал рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лепшы супрацоўнік крымінальнага вышуку”. Усяго сабралася, каб вызначыць, хто з іх найлепшы, 20 удзельнікаў — прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны і горада Мінска.
У першы дзень канкурсантаў чакала тэсціраванне на веданне нарматыўна-прававых актаў, рэгламентуючых службовую дзейнасць крымінальнага вышуку. 19 верасня патрабавалася ўжо выканаць нарматывы па фізпадрыхтоўцы і стральбе з пісталета. Нарэшце, у чацвер 20-га чысла адбылося доўгачаканае падвядзенне вынікаў.
Каб захаваць напружанасць ды павышаны інтарэс, імёны пераможцы і прызёраў захоўваліся ў сакрэце літаральна да апошняга імгнення. Да ўдзельнікаў звярнуўся з прамоваю старшыня камісіі, начальнік Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку Анатоль Саковіч. У музеі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Анатоль Іванавіч уручыў найлепшым заслужаныя ўзнагароды.
— Было, канечне, крыху хвалююча, — згадвае Эдуард Лінік, — пакуль па свае ўзнагароды ўзнімаліся прадстаўнікі Гомельскай і Магілёўскай абласцей, якія занялі два першыя пераможныя месцы. У гэты час пра свой поспех нават і не здагадваўся.
Таму вельмі прыемнай неспадзяванасцю для Эдуарда Анатольевіча стаў момант, калі прагучала ягонае прозвішча. Так, адчуваў, што выступіў няблага, ды лічыў: заняў у спісе ўдзельнікаў радок, размешчаны дзесьці ў сярэдзіне. Аказалася, падведзеныя вынікі ўзнялі старшага оперупаўнаважанага з Жабінкі на “бронзавае” месца!
— Было надзвычай прыемна атрымаць з рук кіраўніка крымінальнага вышуку краіны адразу два дыпломы, — распавядае Эдуард Анатольевіч. — Першы — за “бронзу” ў раздзеле “Спецыяльная падрыхтоўка”, другі — зноў жа, за трэцяе агульнае месца ў спаборніцтве.
Акрамя таго, былі выдадзены пасведчанне да нагруднага знака “За прафесійныя поспехі”, памятны гадзіннік, вымпел “Крымінальны вышук. 100 гадоў” ды кніга, створаная да названай значнай даты, што будзе адзначацца ў Рэспубліцы Беларусь
5 кастрычніка.
Дарэчы, для самога Эдуарда Лініка ўзнагарода стала падарункам і да ўласнага юбілею: 23 верасня маёр міліцыі, супрацоўнік крымінальнага вышуку адсвяткаваў свой трыццаты дзень нараджэння.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top