Неадзінокая восень жыцця

Неадзінокая восень жыцця

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Самы старэйшы жыхар Хмелева Канстанцін Іванавіч Пятручык усё жыццё прысвяціў працы ў мясцовай сярэдняй школе. Пачынаў настаўнікам пачатковых класаў, затым навучаў дзетак беларускай і рускай мовам і літаратурам (Канстанцін Іванавіч філолаг па адукацыі). Сем гадоў быў намеснікам дырэктара школы, а наступныя дзесяць займаў дырэктарскую пасаду.
— Як выйшаў 33 гады таму на заслужаны адпачынак, часта наведваўся ў родную школу, — расказвае Канстанцін Іванавіч. — Але з кожным годам усё радзей і радзей. З цягам часу зразумеў: мяне ўжо ніхто з настаўнікаў не ведае, я нікога не ведаю. А дзеці думаюць: што за стары дзед тут ходзіць? Кінуў я гэтую справу.
Але і па сённяшні дзень не забываюць старажыла аграгарадка ды ветэрана працы навучэнцы Хмелеўскай адзінаццацігодкі, штогод віншуюць Канстанціна Іванавіча да Дня настаўніка. Тэлефануюць і былыя вучні, якіх жыццё параскідала па розных краінах, гарадах і вёсках. Распытваюць пра здароўе і справы, дзякуюць любімаму настаўніку за трывалыя веды, атрыманыя на яго цікавых, змястоўных уроках.
Педагогам Канстанцін Іванавіч марыў стаць яшчэ з дзяцінства. Дзеля ажыццяўлення запаветнай мары скончыў Брэсцкі педінстытут імя А.С. Пушкіна, адслужыў на Далёкім Усходзе і па размеркаванні прыехаў “сеяць разумнае, добрае, вечнае” ў хмелеўскую школу.
Жонка Ганна Мікалаеўна была некалі вучаніцай Канстанціна Іванавіча. Ужо два дзясяткі гадоў мінула, як адышла яна ў іншы свет. Пра сваю верную спадарожніцу жыцця гаспадар расказвае больш, чым пра сябе, і робіць гэта з вялікім задавальненнем і цеплынёю. Ганна Мікалаеўна працавала фельчарам-акушэркай, загадчыцай Хмелеўскай амбулаторыі. Была яна чулай і спагадлівай, ніколі не адмаўляла хворым у просьбах: і ўдзень, і ўначы спяшалася да іх, не зважаючы на дождж ці снег, мароз ці завіруху.
Пражылі Пятручыкі душа ў душу не адзін дзясятак гадоў, дзвюх дочак выгадавалі-выхавалі. Старэйшая Люда вывучылася ў Маскве на інжынера-даследчыка, пад яе кіраўніцтвам ствараліся новыя віды самалётаў. Малодшая Рыта скончыла Беларускі інстытут народнай гаспадаркі ў Мінску. Абедзве зараз масквічкі, але па меры магчымасці праведваюць бацьку. Аднак часцей, канечне, наведваюцца да Канстанціна Іванавіча ўнукі і праўнукі. Ён багаты дзядуля: мае чатырох унукаў і шасцёра праўнукаў. Дружнай вялікай сям’ёй адзначалі 12 чэрвеня яго дзень нараджэння: 92-е лета сустрэў Канстанцін Іванавіч.
Акрамя таго, гонар Пятручыка — уласнаручна пабудаваны дом, дзе кожны цвік забіты гаспадаром. Вокны, дзверы, падлогі, столь у кожным пакоі — справа рук Канстанціна Іванавіча. У свой час будынак упрыгожвала шыльдачка “Дом узорнага парадку”, і многія лічылі, што гэта заслуга Ганны Мікалаеўны. Аднак яна сцвярджала, што дом і двор упарадкаваны дзякуючы мужу-гаспадару.
Адзінока і пуста стала ў хаце без гаспадыні, як надышоў яе час. Але на дапамогу пажылому чалавеку прыйшоў Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а менавіта аддзяленне надомнага абслугоўвання, якім загадвае Наталля Адзінец. І вось ужо 15 гадоў памочніцай Канстанціна Пятручыка з’яўляецца сацыяльны работнік Ірына Навуменка.
— Мне і тут пашанцавала, — прызнаецца хмелеўскі доўгажыхар. — Ірына Віктараўна прызнана лепшым сацыяльным работнікам па выніках мінулага года. Яна цудоўна спраўляецца са сваімі абавязкамі і даўно ўжо стала для мяне часткай сям’і.
На здымку: сацыяльны работнік Жабінкаўскага ТЦСАН Ірына НАВУМЕНКА, самы старэйшы жыхар Хмелева Канстанцін ПЯТРУЧЫК, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Наталля АДЗІНЕЦ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top