На патоку — “экстра” і вышэйшага гатунку

На патоку — “экстра” і вышэйшага гатунку

У сакавіку мінулага года СВК “Падлессе-АГРА” было далучана да СВК “Хмелева”. Эканамічна слабейшая гаспадарка аб’ядналася з той, якая і ў складаных рынкавых адносінах стабільна развіваецца, укараняючы новыя тэхналогіі ў раслінаводчую і жывёлагадоўчую галіны, дзе ёсць перспектывы эфектыўнага развіцця. Набыткі хмелеўцаў, асабліва ў малочным і мясным цэхах, заўважаны не толькі ў раёне, але і ў вобласці.
Якім быў для іх 2011 год, калі давялося перажыць такія змены? Узбуйненне ж заўсёды патрабуе большых працоўных, прафесійных высілак! Да таго ж у кожным калектыве адпрацаваны і прыжыліся ўласныя падыходы да арганізацыі працы, стварэння мікраклімату! Пры аб’яднанні “малодшы брат” павінен прыняць напрацоўкі “старэйшага”, гаспадара. Так атрымалася і тут, з разуменнем аднесліся да рэарганізацыі спецыялісты, людзі рабочых прафесій, і вынік бачны, асабліва ў развіцці малочнай галіны.
— Канечне, год быў не з лёгкіх, — расказвае галоўны заатэхнік сельгаскааператыву “Хмелева” Таццяна Мікалаеўна Наўроцкая. — Але дастойна перажылі ўсе складанасці з рэарганізацыяй, набыткі радуюць: ад кожнай каровы летась надаілі 6421 кілаграм малака. На жаль, крыху менш, чым у папярэднім годзе, аднак гэта найлепшы паказчык у раёне. Таварнасць малака летась склала 90%, валавы надой павялічылі на 334 тоны, прадалі дзяржаве таксама больш — на 382 тоны. Дый якасць яго ў гаспадарцы добрая: 44% здадзена на перапрацоўчыя прадпрыемствы класам “экстра”, амаль 50% — вышэйшым гатункам. Словам, і ў якасці малочнай прадукцыі наш калектыў жывёлаводаў сярод лідараў.
Так, набыткі відавочныя. Дасталіся яны дзякуючы карпатлівай працы ўсіх, хто працуе ў малочным цэху СВК “Хмелева”. Умела яе тут арганізоўваюць зааветспецыялісты. Хоць, як прызналася Таццяна Мікалаеўна, два заатэхнікі, калі ў гаспадарцы налічваецца амаль 5000 галоў буйной рагатай жывёлы, — гэта мала.
А цяпер больш канкрэтна пра арганізацыю тэхналагічнага працэсу. У СВК “Хмелева” дойны статак складае 1275 галоў і месціцца ён на трох малочнатаварных фермах: у Рудцы, Дзяменічах і Падлессі. Найбагацейшы і самы якасны сырадой атрымліваюць рудкаўскія жывёлаводы, дзе каровы дояцца ў дзвюх залах вялікай і малой, з захаваннем усіх тэхналагічных патрабаванняў. Кожны аператар машыннага даення строга сочыць за чысцінёй кароў, абсталявання, не забывае пра першыя струмені малака. Ранішняя дойка пачынаецца з пяці гадзін, перад якой прамываецца абсталяванне слесарамі Васілём Яскаўцом ці Уладзімірам Ляшко, чыя выпадае змена. Пасля дойкі, як прадукцыя адпраўлена ў халадзільную камеру, — зноў кіслотная і шчалачная прамыўкі. Кожны аўторак тут праходзіць санітарны дзень, пад час якога дасканала мыюць даільнае абсталяванне, дзе трэба і раскручваюць яго, чысцяць плітку ў даільнай зале… Гэтым заняты і даяркі, і слесары.
Колькі слоў аб захаванні яе. Тут, на Рудкаўскай ферме, пры рэканструкцыі не зрабілі стаўку на дзве халадзільныя камеры, якія цяпер вельмі патрэбныя. Спецыялісты прыйшлі да высновы: каб атрымліваць малако “экстра” ні ў якім разе нельга змешваць вячэрашняе з ранішнім. Таму да пачатку дойкі раніцай вадзіцель Віктар Галоўчык загружае ў малакавоз, які гаспадарка набыла паўтара года таму, і адвозіць на ААТ “Савушкавы прадукт”, што ў Брэсце. Наступны рэйс з ахалоджанай ранішняй прадукцыяй ён робіць у другой палове дня. А набыткі тут сапраўды важкія. Чатыры Таццяны Прыхожка, Германовіч, Кашалюк, Церашчук і Валянціна Рыкава, што працуюць у вялікай даільнай зале, Галіна Саванюк, Наталля Цяліпка, Галіна Савіцкая з малой надаілі летась ад кожнай фуражнай каровы адпаведна 7217 і 7009 кілаграмаў малака.
— На якасць прадукцыі ўплывае не толькі санітарны стан на рабочых месцах, захаванне чысціні абсталявання, — удакладняе Таццяна Мікалаеўна, — але й здароўе рагуляў. Як толькі работніца заўважае хворую на мастыт жывёліну, то яна адразу выводзіцца ў спецыяльнае аддзяленне для хворых, дзе іх раздойвае асобная даярка, а малако ідзе на выпайку бычкам. Вылечаная — вяртаецца ў асноўны статак. Дарэчы, ад структуры яго таксама залежыць якасць прадукцыі, таму са старых жывёл дойны статак не фарміруецца з прычыны таго, што яны маюць павышаную саматыку. А яшчэ кантралюем наяўнасць мікраарганізмаў у малацэ. Гэта робіць лабарантка Паліна Дзенісовіч тут жа ў лабараторыі. Думаю, летась на якасць прадукцыі станоўча паўплывала ўстаноўка ў Рудцы дадатковага фільтра тонкай ачысткі пасля фільтруючага рукава на выхадзе малака ў халадзільную камеру.
Якія ж набыткі ў жывёлаводаў малочнага цэху на іншых фермах? Заўважу, што ні ў Дзяменічах, ні ў Падлессі няма ўмоў для атрымання малака экстра, амаль усё яно ідзе вышэйшым гатункам. Сёлета ў Дзяменічах намечана будаўніцтва малочнатаварнай фермы, аналагічнай Буснёўскай СВК “Рагазнянскі”, што вядома яшчэ палепшыць якасць сырадою.
І апошні складнік поспеху хмелеўскіх жывёлаводаў — збалансаванае кармленне статка. Як заўважыла галоўны заатэхнік, высокаўдойныя рагулі атрымліваюць кормасумесі тройчы на дзень, астатнія — двойчы. У гаспадарцы для гэтага ёсць шэсць кормазмяшальнікаў, якія змешваюць усе кампаненты: сілас, сянаж, жом, камбікорм, шрот. Паядальнасць добрая, таму што нарыхтаваныя травяністыя кармы высокай якасці. Дый рабочыя фермаў пастаянна знаходзяцца ў кароўніках, падгортваюць сумесі да кармушак.
Словам, кожны на сваім месцы працуе на канчатковы вынік, ад якога, вядома, залежыць заробак, дабрабыт сельгасвытворцаў, умовы працы іх, эканамічны стан гаспадаркі.
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top