Сляды застаюцца, або Казкі-небыліцы ад расійскага Івана

Сляды застаюцца, або Казкі-небыліцы ад расійскага Івана

На судзе не ўсе абвінавачваемыя адразу раскрываюць, як усё было. Трапляюцца і такія, што стараюцца выгарадзіць сябе, але прыціснутыя неабвержанымі доказамі сведкаў і экспертызы ў рэшце рэшт гавораць праўду. Чаго ніяк не скажаш пра гэтага расіяніна: Іван Ш. да апошняга расказваў казкі-небыліцы, уводзячы ў зман следства, а затым і суд.
У сакавіку было абрабавана офіснае памяшканне ААТ “АвистаПлюс”, якое месцілася ў будынку аўтакасы ў вёсцы Федзькавічы. Зламыснік украў тры ноўтбукі з зарадным прыстасаваннем, 8 флэш-карт з праграмным забеспячэннем, провад для падключэння прынтара і рознай рознасці, у тым ліку і па пляшцы каньяку ды бальзаму “Чорны знахар”. “Наваражыў” такім чынам ажно на суму ў 2200 рублёў!
Гісторыя мела свой сапраўды дэтэктыўны працяг.
Каля 12 гадзін 25 сакавіка ў пагранслужбу ў Брэсце паступіла паведамленне ад работніка гасцініцы “Белтаможсервис” аб тым, што ў іх гатэль хоча засяліцца грамадзянін Расійскай Федэрацыі… са зброяй.
Спатрэбіўся тэрміновы выезд на месца супрацоўнікаў памежнай службы. Івана Ш. папрасілі прад’явіць дакументы. Аднак іх у яго не аказалася, бо, як патлумачыў расіянін, зброя і дакументы ў ягонага напарніка. Яму прапанавалі схадзіць да напарніка, а Іван рашыў уцячы. Не ўдалося. Пасля ён яшчэ раз хацеў пакінуць цішком гасцініцу, ды запасны выхад аказаўся замкнёны.
Пачалося расследаванне. У ходзе агляду выявіліся дакументы з рэквізітамі адкрытага акцыянернага таварыства “АвистаПлюс”…
І на судзе Іван прытры-мліваўся сваёй версіі: маўляў, 25 сакавіка ён быў у горадзе Орша. Толькі спусціўся з чыгуначнага моста, як заўважыў нейкага хлопца з пакетам. Незнаёмец чамусьці спалохаўся яго, кінуў сваю ношу ды пабег. Калі Іван зазірнуў у пакет, дык убачыў там ноўтбукі, некалькі флэш-карт… Здаць знойдзенае ў міліцыю не мог, бо не ведаў, дзе знаходзіцца аддзяленне. Затым сеў у аўтамабіль да дальнабойшчыка, які прыкладна а дзясятай гадзіне высадзіў за некалькі кіламетраў ад прапускнога пункта “Казловічы”. Іван пайшоў у гасцініцу, дзе яго і затрымалі супрацоўнікі памежнай службы. Словам, у Федзькавічах ён ніколі не быў, не ведае, дзе яны, а значыць, і нічога, адпаведна, не браў…
Што тычыцца следу ягонай рукі на шкле будынка аўтакасы, а таксама пары красовак, на адным з якіх выяўлены Іванаў біялагічны матэрыял, дык іх з’яўленне ў Федзькавічах, абвінавачваемы растлумачыць ніяк не мог. Мацнейшай за байкі ды міфы аказалася навука. Экспертыза дакладна патлумачыла, што Іван Ш. і ў гэтым разе расказвае казкі-небыліцы, каб увесці ўсіх у зман.
Суд Жабінкаўскага раёна прызнаў расіяніна вінаватым у тайным выкраданні маёмасці (крадзяжы) і паводле часткі 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь назначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на адзін год з адбыццём у выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Апроч таго, з Івана Ш. спагнана ў даход дзяржавы зусім не казачная сума — 240 рублёў 18 капеек працэсуальных выдаткаў за правя-дзенне экспертызы.
Дзмітрый КУРОЎСКІ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top