Звязаць свой лёс з лесам – справа высакародная

Словы «лес» і «лёс» у беларускай мове вельмі падобныя. Нашы лясы нездарма лічацца нацыянальным багаццем, захаваць якое дапамагаюць кваліфікаваныя спецыялісты. Звязаць свой лёс з лесам — справа высакародная і ўдзячная. Так лічыць і ляснік Пятровіцкага лясніцтва, што адносіцца да Кобрынскага доследнага лясгаса, Мікалай Козіч.

“Лес люблю з дзяцінства, пастаянна хадзілі па грыбы, ягады, на лыжах каталіся, ды і проста цікава на прыродзе”, — дзеліцца Мікалай Міхайлавіч.
Даглядае лес ён ужо амаль тры дзясяткі гадоў. Сёння ў яго абхо-
дзе — 867 гектараў. У халодную пару ўчасткі аб’язджае на аўтамабілі, у цёплую — на матацыкле або веласіпедзе. “Машынай не ўсюды даедзеш”, — кажа Мікалай Козіч. Ды і пешшу, бывае, нямала кіламетраў намотвае. Асабліва летам. “Работа ў нас такая, што пастаянна трэба рухацца ў прамым і пераносным сэнсе, — адзначае ляснік. — Акрамя таго, што абыход “валоданняў” — штодзённы абавязак, трэба расці ў плане сваёй адукаванасці, павышаць кваліфікацыю”.
Мікалай Козіч разам з 13 калегамі-леснікамі папярэджваюць незаконныя высечкі, ахоўваюць лясы ад пажараў, назіраюць за станам насаджэнняў і вядуць барацьбу з іх шкоднікамі і захворваннямі. “Мы сочым, каб дрэвы без дазволу не высякаліся, каб неахайныя гаспадары не ператваралі лесапасадкі ў смеццезвалкі, — кажа Мікалай Міхайлавіч. — Лес павінен сустракаць адпачываючых парадкам і ўтульнасцю. Напрыклад, тэрыторыя маіх “валоданняў” — ад Пятровічаў да Філіпавічаў (амаль да санаторыя “Буг”) — вельмі адказная і шматлюдная. Ведаеце, людзей часам сустракаю падчас абыходу больш, чым грыбоў”, — жартуе Мікалай Козіч.
Ён адзначае, што, на яго погляд, наведвальнікі лесу сталі больш культурныя, чым раней, але ўсё роўна смецця ў лесе хапае, асабліва пасля выхадных.
Асабліва напружана лясная ахова працуе ў гарачыя летнія месяцы, калі ўзрастае небяспека пажараў. Але ў любую пару года і браканьераў хапае, і тых, хто хоча дрэвы на дровы спілаваць бясплатна або “прыхватызаваць” пясок з Мухаўца дзеля будаўніцтва. Каб лавіць парушальнікаў закона, у лесе ўстанаўліваюцца відэакамеры: ад запісу потым не адмовішся.
Мікалай Козіч стараецца, каб у ягоным абходзе быў парадак. А каб добра спраўляцца з абавязкамі, ляснік павінен сумленна адносіцца да працы, быць уважлівым, фізічна моцным і вынослівым, бо рупіцца трэба і ў холад, і ў спёку. Галоўнае ж — работнік лесу павінен любіць прыроду.
А гэтага ў Мікалая Міхайлавіча не адняць.
Не менш, чым лес (а можа, і больш) ён любіць сваю сям’ю. Жонка Мікалая Міхайлавіча Людміла Мікалаеўна таксама працуе ў лясніцтве, даглядае аленяў. Акрамя таго, Козічы сямейным падрадам, уключаючы сына Сяргея, вось ужо каля 20 гадоў займаюцца нарыхтоўкай бярозавага соку, гэта іх любімая і прыбытковая справа.
Мікалай Козіч дадае, што напачатку свайго прафесійнага шляху працаваў вадзіцелем у калгасе “Беларусь” (сённяшнія “Азяты АГРА”) і амаль дзесяць гадоў у Жабінкаўскай сельгасхіміі. Але праца лесніка, пасаду якога яму прапанаваў у 1990 годзе Адам Мікалаевіч Палуянаў, нашмат цікавейшая. Хоць і не пазбаўленая цяжкасцей, яна мае адценне рамантызму. Столькі прыгожых краявідаў, прыродных таямніц адкрываюцца звычайнаму воку!
Лес сапраўды стаў яго лёсам, а доказы таму — нагрудны знак “20 гадоў бездакорнай службы”, які ўпрыгожвае грудзі Мікалая Козіча і шматлікія граматы Кобрынскага лясгаса і Жабінкаўскага райвыканкама за сумленную, шматгадовую працу.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.