Кніга – сябар назаўжды, паратунак для душы

Анатоль РОСТАЎ.

ЧАЛАВЕК ПІСЬМЕННЫ (ён жа Чалавек чытаючы) – вяршыня цывілізаванага развіцця. Бо не ўяўляе сябе без ведаў. А тыя, у сваю чаргу, глыбока закладзены ў кнігах. Гэта ж сапраўдны бальзам для душэўных ран! Паколькі друкаванае слова прымушае разважаць, атрымліваючы сапраўдную асалоду ад прачытанага, а часам здольнае нават здымаць боль, што агортвае душу ды цела.
За гэтую “кнігатэрапію” – вялізная пашана бібліятэкарам. Вельмі для многіх удзячных чытачоў “кніжныя гаспадыні” сапраўдныя сябры і дарадцы.
Сёння ў біяграфіі адной з найбольш паважаных прадстаўніц гэтай выдатнай і вельмі карыснай прафесіі двайное свята. А менавіта: зліліся ў адзінае цэлае Дзень бібліятэк і ўласны, надзвычай паважаны юбілей. Іншымі словамі, Таццяна Антонаўна Япішка святкуе сваё 70-годдзе.
…Новы век для айчынных бібліятэчных работнікаў пачаўся з добрай навіны. Менавіта 8 верасня 2001-га Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб святкаванні іх прафесійнага свята. Прычым, Днём бібліятэк абвяшчалася 15 верасня. На гэтую акалічнасць у Жабінцы не маглі не звярнуць увагу. Бібліятэкары нават жартавалі:
– Гэта ж, мабыць, невыпадкова! І на самым версе ведаюць, калі ў нашага дырэктара дзень нараджэння, таму й Дзень бібліятэк да 15 верасня прымеркавалі…
Той 2001 год у біяграфіі Таццяны Антонаўны таксама выдаўся юбілейным. На гэты раз у прафесійным плане: спаўнялася трыццаць гадоў, як яна прыехала ў наш горад, каб узначаліць “баявую дружыну” жабінкаўскіх бібліятэкараў. Адразу пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педінстытута імя А.М. Горкага, дзе Таццяна атрымала дыплом па спецыяльнасці “бібліятэкар-бібліёграф”. Нараджэнка шчодрага на таленты янаўскага краю (нездарма ж сёлета ён прымаў Дзень беларускага пісьменства!) заўсёды цягнулася да культуры, ведаў, адукаванасці, спадарожнікамі якіх была і застаецца Яе вялікасць Кніга. Пакланенню перад гэтай “каралеўнай” вучылі і ў школе, і ў шматдзетнай вясковай сям’і Антона Іванавіча і Ганны Фёдараўны Майсейчыкаў, дзе, акрамя Таццяны, гадаваліся яшчэ пяцёра дзяцей.
А тады, у семдзесят першым, калі маладая загадчыца толькі прыйшла на працу, у райбібліятэцы працавала ўсяго пяць чалавек. Пры гэтым задачы стаялі не жартоўныя. Даводзілася праводзіць шматлікія мерапрыемствы з дарослымі і школьнікамі, прапагандуючы чытанне, ладзіць агляды сучаснай літаратуры, бібліятэчныя конкурсы, вусныя часопісы, чытацкія канферэнцыі, тэматычныя вечарыны… Ды ўсё хіба пералічыш, як штодня быццам вавёрка ў коле і, што цікава, на ўсё часу стае: калі малады – нібы крылаты…
А тут выспела і яшчэ адна надзвычай важная справа: падрыхтоўка чытальняў для пераводу на цэнтралізаваную сістэму абслугоўвання. Кніжныя фонды пад кіраўніцтвам маладой загадчыцы абнаўляліся, былі складзены алфавітныя і сістэматычныя каталогі, у сельскіх бібліятэках распрацаваны адзіныя планы.
Нарэшце, 1 ліпеня 1976 года на Жабінкаўшчыне запрацавала ЦБС, якую ўзначаліла Таццяна Антонаўна. Дырэктар адчувала дапамогу з боку метадыста Вольгі Будзько, бібліёграфа Ганны Кавальчук, загадчыкаў аддзеламі Таццяны Карасёвай і Галіны Хандрыка.
Сапраўдным “штабам” сістэмы стала раённая бібліятэка, якая размяшчалася на вуліцы Піянерскай. Аднак стары драўляны будынак не задавальняў ужо патрэбы чытачоў горада, што пакрысе разрастаўся. Таму наступным клопатам стаў пераезд раённай бібліятэкі на новае месца. Зноў жа так супала, што да свайго 40-годдзя Таццяна Антонаўна з каляжанкамі атрымала і такі незвычайны падарунак: у верасні 1988-га жабінкаўскія бібліятэкары адзначылі наваселле ў будынку № 8а на вуліцы Савецкай. Па гэтым адрасе, цудоўна вядомым тысячам землякоў ад юных да пасівелых, якія шчыра сябруюць з багатым кніжным светам, чытальня месціцца па сённяшні дзень. Надзвычай прыемна, што да свайго 30-годдзя раённая бібліятэка “апранулася” нарэшце ў будаўнічыя рыштаванні, і яе гаспадыні ды чытачы дачакаліся пачатку абнаўлення. Гэта не можа не цешыць і былую дырэктарку са шматгадовым стажам, якая і сёння сваімі парадамі і вопытам, калі ёсць патрэба, дзеліцца з маладзейшымі.
Пра тое сведчаць і тыя, хто шчыра лічыць сябе вучнямі Таццяны Япішка ў бібліятэчнай справе.
– Усё, што я ўмею і ведаю, – гэта ад Таццяны Антонаўны, – неаднойчы прызнавалася Ірына Ганчар.
– Дзякуючы ёй я засталася жыць і працаваць у Жабінцы, – дзеліцца ўспамінамі Галіна Дулевіч і дадае: – Дасюль звяртаюся нярэдка па парады. Памятаю, як Таццяне Антонаўне ў ролі кіраўніка заўсёды цяжка, з душэўнымі перажываннямі даваліся рашэнні пра нейкія спагнанні або нават звальненні работнікаў. За доўгія гады і такое, на жаль, здаралася… Аднак пры гэтым на першым месцы стаялі інтарэсы справы. І яшчэ было прыемна назіраць, наколькі ўважлівая Япішка да тых, хто толькі прыйшоў у прафесію са студэнцкай лаўкі.
А яна сапраўды дала пуцёўку ў жыццё многім маладым спецыялістам, якіх цярпліва вучыла ўсім тонкасцям прафесіі, распавядаючы не толькі пра тое, як кнігі выдаваць, але і як паводзіць сябе з чытачамі, каб заставацца для іх сябрамі назаўжды.
Таццяна Япішка і цяпер у бібліятэчным “страі”. Пасля таго, як амаль тры дзясяткі гадоў была дырэктарам Жабінкаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, стала метадыстам аддзела маркетынгу ў райбібліятэцы, а з 2009-га па сённяшні дзень – бібліятэкарам гарадскога ліцэя.
Там штодня чакае тых, хто стараецца ўзбагаціць свае веды, каб зрабіцца па-сапраўднаму Чалавекам пісьменным, чытаючым.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.