Калі гарэлі не толькі шыпшыны

Калі гарэлі не толькі шыпшыны

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

У Драмлёве, ля падножжа кургана, ужо колькі дзесяцігоддзяў палымнеюць кусты шыпшыны. Штогод у пачатку восені чырвонымі пацеркамі на іх рассыпаны ягады. Нібыта кроплі крыві тых драмлёўцаў, што былі закатаваны ды загінулі ў агні-полымі чорным памятным ранкам 11 верасня сорак другога года…

СТАРАЖЫЛЫ НЕ РАЗ ЗГАДВАЛІ: тады, як бяда прыйшла, было цёпла, нават горача, быццам лета вырашыла на пару тыдняў затрымацца. А потым стала зусім невыносна, як успыхнула яркім факелам ахутаная густым дымам вёска…
Усё ж якое шчасце, што толькі цёплае надвор’е радніць той ваенны год і сённяшні мірны. А яшчэ іх яднае памяць, што прымушае жабінкаўцаў розных узростаў кожны раз 11 верасня збірацца на жалобны мітынг-рэквіем у мемарыяльным комплексе “Драмлёва”.
Сёлета, як заўжды, ён пачынаецца лірычнай, крыху шчымлівай мелодыяй і праніклівымі вершаванымі радкамі: “І вёска была спалена датла…”
Дыктар, што вядзе жалобу, дае слова старшыні раённага Савета дэпутатаў Анатолю Шалтанюку. Прамоўца падкрэслівае: хоць і многае мінула за гэтыя 76 гадоў, ды не забытая драмлёўская трагедыя. Паколькі забыць такое ёсць здрада ў адносінах да ахвяр, прынесеных на алтар Перамогі, дзеля шчасця будучых пакаленняў, якім невядомы жахі ліхалецця. Таму й трывожна, падкрэсліў Анатоль Вітальевіч, ад усведамлення, што і ў сённяшнім свеце на нашай Зямлі яшчэ гучаць выбухі ваенных канфліктаў ды тэрарыстычных пагроз.
Наступным слова трымае старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Старыцкі. У сваім выступленні ён прыгадаў, як узнікла памятка на месцы нашай вогненнай вёскі. Гаварыў і аб злачынствах, здзейсненых акупантамі на беларускай зямлі, калі знішчана было больш за 600 населеных пунктаў, рэспубліка аказалася ахутанай сапраўднай сеткаю канцлагераў. Анатоль Аляксандравіч нагадаў і пра тое, што зямля з Драмлёва захоўваецца ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”, на ўнікальных Могілках вёсак, сярод іншых 185 паселішчаў, спаленых з жыхарамі і не адроджаных пасля вызвалення. Яшчэ адно жабінкаўскае паселішча – Ацячызна – пералічана сярод населеных пунктаў, што аднавіліся пасля Вялікай Айчыннай вайны.
Ва ўнісон гэтаму жалобнаму пераліку прагучала песня “Ляцяць журавы” ў выкананні Валерыя Няменьшага.
А затым слова было дадзена сакратару Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, дабрачыннаму цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцелю храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы, протаіерэю Сергію Петрусевічу. Ён прапанаваў задумацца над вытокамі зладзейскіх учынкаў тых, хто здзейсніў расправу над драмлёўцамі. Бо менавіта грэх і нявер’е прывялі іх да рысы, якая аддзяляе чалавека ад звера, ператварае нават адукаваную цывілізаваную асобу ў ката для іншых нявінных. І калі злачынцы загінулі, дык іх ахвяры – жыхары вогненнай вёскі – па хрысціянскіх канонах дасюль жывыя. Бо захавалі бессмяротнымі свае душы.
Апошняю з бачным хваляваннем свае словы ад імя маладых жабінкаўцаў прамаўляла дзевяцікласніца трэцяй гарадской школы Кацярына Давідчык.
Затым метраном гучна адлічыў хвіліну маўчання, што парушалі толькі павевы асенняга ветру.
Пасля маўчання прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый Жабінкаўшчыны ўсклалі кветкі і вянкі да помніка загінулым.
І, як апошні запамінальны акорд над месцам людской памяці, загучаў гожы спеў песняроўскай “Малітвы”, які заўжды кранае душу.
На здымку: падчас жалобнага мітынгу ў мемарыяльным комплексе “Драмлёва”.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top