Новы год па-амерыканску

Новы год па-амерыканску

Мінулы Новы год быў для мяне не зусім звычайным. Воляй лёсу я апынулася ў амерыканскім штаце Аляска. Жыла ў родзічаў, таму і сустракала навагоднія святы ў адпаведнасці з іх мясцовымі традыцыямі.
Трэба сказаць, што ў амерыканцаў галоўнае свята — Раство, 25 снежня, а Новы год яны святкуюць нібы па інерцыі. Для мяне цікавым было не толькі само свята, але і працэс падрыхтоўкі да яго, гэта пачынаюць рабіць прыкладна за месяц.
У доме маіх родзічаў паставілі вялікую прыгожую ёлку, настолькі ўбраную, што нават дух захоплівае. Пад яе вялікай горкай у каробках і скрыначках, аформленых з незвычайнай фантазіяй, паклалі шмат падарункаў. На мой погляд, нічога істотнага, але проста прыгожа аформлена.
У пакоях развесілі гірлянды, якія гаспадыня зрабіла сама, але выглядалі яны як сапраўдныя мастацкія вырабы. На бачнае месца паклалі віншавальныя паштоўкі ад сяброў і родзічаў.
У доме ў гэты час запальваюць шмат свечак, кожная сям’я ўпрыгожвае сваё жыллё гірляндамі, што гараць уначы, і ўстанаўліваюць кампазіцыі з фігурак.
А вось і само свята. Ззяе агнямі ёлка. У цэнтры стала галоўная страва — запечаная індычка, у дадатак да яе — саладкаватая на смак вяндліна, бульбяное пюрэ, салаты, саладосці, фрукты… Дарэчы, тут не абавязкова прысутнасць на стале спіртных напояў. І нават выстаўляюцца яны не на ім, а недзе з боку, у куточку. Спіртное — не галоўны атрыбут свята. Не чуваць звону бакалаў з шампанскім, і калі гадзіннік праб’е 12 ночы. Госці п’юць салодкія безалкагольныя напіткі, віншуюць адзін аднаго. І, паверце, зусім не сумна. Застолле арганізуецца накшталт так званага шведскага стала. А потым прынята ехаць і віншаваць са святам родзічаў, сяброў. Сядаць за руль таксама не праблема — вадзіцель жа цвярозы. І яшчэ абавязковая цырымонія — разгортванне скрыначак з падарункамі і фатаграфаванне.
Пасля 12-ці гадзін ночы мы назіралі з акна машыны (быў 20-градусны мароз) грандыёзны феерверк. Пазней аб’ехалі амаль увесь вялікі горад, любуючыся на рознакаляровыя агні і ўпрыгожаныя дамы. Лічыцца, што патрэбна рабіць такую ілюмінацыю для прыцягнення ў дом Санта Клауса з падарункамі і добрымі пажаданнямі.
Свята прайшло хутка, а ўспаміны і фотаздымкі пра яго застануцца са мной назаўжды.
Н.ШОСЦІК, г.Жабінка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top