Бывай, любімая марыхуана!

Гэта ў нейкіх мексіканскіх ды бразільскіх серыялах Марыя прызнаецца ў каханні да Хуана. А ў жыхара Жабінкі Уладзіміра С. іншая гарачая любоў. Завуць яе марыхуана. Як жа ён пазнаёміўся з гэтай каварнай ды спакуслівай “дамай”?
Надвячоркам 8 жніўня ў Жабінцы на вуліцы Садовай Уладзімір набыў наркатычнае зелле зялёна-карычневага колеру. Як потым распавядаў, не меў ніякага намеру з іншымі дзяліцца, а прыдбаў выключна для ўласнага ўжывання і захоўваў “атруту” ў сваёй кватэры на вуліцы ХХІІ з’езда КПСС. Аднак на гэты раз “абламіўся кайф”: ужо наступным вечарам давялося 36-гадоваму мужчыне спусціцца з той незямной вышыні, куды ўсялякі раз ён “узносіцца”, ужываючы наркотыкі ды спіртное. Непрыемным сюрпрызам для ачмурэлага ад марыхуаны і гарэлкі жабінкаўца стаў візіт супрацоўнікаў міліцыі.
Частка наркотыкаў пры гэтым рассыпалася на падлогу, ды ўсё роўна следчым дастаткова доказаў, каб узбудзіць справу паводле часткі 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Мабыць, гэта ацвярозіць любіцеля марыхуаны.

“Прывід” на “пакосе” трымер выносіць

Гэта раней дзяды ў лугах ад світанку да вечаровых рос косы кляпалі ды імі зухавата махалі. Цяпер унукі, каб на падворку прыгажосць і парадак навесці, замест звычайных кос найчасцей электрычныя або бензінавыя набываюць, называючы іх замежным словам “трымер”.
Аднак, часам здараецца, што замест гаспадара гэтым зручным прыстасаваннем скарыстаецца нейкі невядомы зламыснік (назавем яго “прывідам” на двух нагах). Гэтак і адбылося ў ноч з 17 на 18 жніўня на вуліцы Цэнтральнай у Налезніках. Як зазірнуў а сёмай гадзіне раніцы гаспадар у сарай, дык за галаву ад роспачы схапіўся, паклікаўшы хуценька ў дапамогу праваахоўнікаў. Бо бачна было нават няўзброеным вокам: “прывід” так ночкаю пагасцяваў ды насваволіў (замок збіў ды трымер скраў), што самы час справу ўзбуджаць паводле часткі 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса краіны, бо пасля гэткай “касавіцы” маёмасная шкода склала 150 рублёў.

Дрэнна ляжыць? Раптам збяжыць…

Часам грошы і рэчы, што не маюць ног, нейкім цудоўным чынам пачынаюць перамяшчэнні ад гаспадара ў невядомым накірунку. Не, ніякай незвычайнасці або полтаргейста і блізка няма, калі побач раптам можа апынуцца не зусім чысты на руку чалавек. Бывае, прымуць яго ў хаце гасцінна, а як схопяцца раніцай – нешта дрэнна ляжала, ды раптоўна знікла…
Гэтак аднойчы Руслан Х. завітаў на вуліцу Цэнтральную, што ў Старым Сяле. “Пустым”, вядома, не сыходзіў: з сабою прыхапіў гаспадароў тэлефон “Хуавэй”, што каля чатырох соцень каштуе. Цяпер зламысніку, схопленаму па гарачых слядах, давядзецца і чужое вярнуць, і ў суд зазірнуць. Трэба ж адказваць за свае дзеянні паводле закона.

“Прайшоўся” на аўто… па гаражы

Рознаю бывае вядомасць, далёка не ў кожнага яна “зорная”. Вось і імя Сяргея Я. таксама стала “знакамітым”… у судах двух суседніх раёнаў – Камянецкага і Жабінкаўскага, дзе даводзіцца ўжо не першы раз займацца ягонымі крымінальнымі справамі.
У красавіку 2013 года мужчына настолькі “вызначыўся”, што давялося судзіць яго ў Камянцы адразу па некалькіх артыкулах КК. У выніку грамадзянін трапіў на чатыры гады за краты з дадатковым пакараннем у выглядзе пазбаўлення права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі больш чым на чатыры з паловаю гады.
І што вы думаеце, падзейнічала? Ужо ў красавіку 2017 года Сяргей Я. быў папярэджаны жабінкаўскімі праваахоўнікамі за ўхіленне ад выканання ранейшага судовага прыгавору, але й пасля гэтага працягваў кіраваць аўто. Нарэшце сёлета, у самым пачатку жніўня, ён пратараніў сцяну гаража. Толькі яна і спыніла зацятага парушальніка закона.

У суд – як на працу.
У турму – як дамоў?

Яшчэ часцей разбіраюцца ў судзе справы Васіля М. Падаецца, ён туды ходзіць, нібыта на працу.
Нелады з законам у Васіля пачаліся яшчэ ў жніўні 2014-га. За чатыры гады, што мінулі, ён неаднойчы трапляў на вочы праваахоўнікам. Мужчыну і арыштоўвалі, і накіроўвалі, як гаворыцца, “у месцы не вельмі аддаленыя”, і скарачалі тэрміны знаходжання за кратамі, і шматразова ўсталёўвалі за Васілём прывентыўны нагляд…
І што ж? Мабыць, ён стаў на шлях выпраўлення, змяніў свае паводзіны, узяўся за розум? Ды і думаць у той бок не збіраўся!
То Васіля заўважаць надвячоркам у кавярні-бары “Ветрык” (хоць яму строга забаронена наведваць падобныя ўстановы і ўжываць там спіртныя напоі). То мужчына наўмысна ў начны час адсутнічае па месцы жыхарства (хоць яму і прадпісана не пакідаць сваё жытло паміж дваццаццю двума і шасцю гадзінамі раніцы). Стала зразумела: адміністрацыйныя пакаранні ў выглядзе штрафаў ніяк не ўздзейнічаюць на злоснага парушальніка. Пагэтаму супраць яго 10 жніўня ўзбуджана справа паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэкса.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела
Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*