Заўтра будзе мамін дзень

Заўтра будзе мамін дзень

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

Нехта, зірнуўшы на загаловак, не паверыць: “Хіба ж Дзень маці святкуецца ў верасні?!” Але ж у сям’і, пра якую пойдзе гаворка, гэтак і адбываецца: мамін дзень адзначаюць двойчы на год! Як кастрычніцкі дзень вядомы кожнаму, бо святкуецца спрадвеку і ў дамах, і ў храмах, дык 13 верасня пазначана яркім колерам толькі ў сямейным календары Выбяранцаў. Аднак ад таго “першы мамін дзень” ніколькі не становіцца менш важным.

Буса

ВЕДЫ – РАТУЮЦЬ. Для Іванавай маці Ніны Васільеўны гэта не проста прыгожы выраз. Так сапраўды адбылося ў жыцці. Каб не прага да ведаў – можа, і не было б яе на свеце ды вялікую сям’ю таксама ніхто не стварыў бы. Перарвалася б галіна даўняга роду…
Сярод позняй восені ў палескую вёску Буса прывезлі кіно. Для 50-х гадоў – Падзея з вялікай літары! Асабліва для дзяцей, што жадалі – аж трымцелі – паглядзець “жывыя карцінкі”. І матуля Матрона была не супраць, каб Ніначка збегала ў школу, дзе дэманстравалася кіно, нават рубель не пашкадавала. Ды сама дзяўчынка вырашыла інакш, зусім па-даросламу: “Што мне тыя забаўлянкі?! Лепей гэты грошык зберагу ды набуду ў краме сшыткі для ўрокаў”.
А падчас сеанса ўспыхнуў пажар. Прыйшла вялікая бяда ў Бусу. Сярод загінулых у полымі было 66 дзяцей.
– Тады паказвалі кінастужку “Хлопец з тайгі”, а я яе дасюль заву “Хлопец майго лёсу”. Пасля гэтага выпадку і ў Бога моцна паверыла, – неаднойчы расказвала Ніна Васільеўна малодшаму сыну. – Многім напярэдадні прароцкі сон сніўся: школа ў агні, нібыта вайна нейкая пачалася. Маці згадвалі, як дзеці ранкам дакаралі: “Навошта, матулечка, мяне так рана пабудзіла? Такі ж сон быў цікавы, як фільм пра вайну…”
А роўна праз 20 гадоў у той самай Бусе Іванаўскага раёна і Іван прыйшоў на свет – самае малодшае дзіця Ніны Васільеўны ды Івана Ігнатавіча Выбяранцаў. Яны ўжо гадавалі пяцярых: Віталя і Валянціну, Васіля, Святлану ды Алену. Дзе пяць, там і шостаму месца. Ваня, як жартавалі ў шматдзетнай сям’і, стаў “старэйшым з іншага боку”. Бо таму, хто нарадзіўся пазней, даставалася паболей увагі і клопату. Але ж і лайдаком у вёсцы нікога не расцілі, бо спраў хапала і дарослым, і малым. Сам Іван-старэйшы меў медаль за выдатную працу, нездарма паўжыцця ў калгасе шчыраваў на трактары. Як дамоў вяртаўся, і там без працы не мог пасядзець, быў і сталяр здатны. Посуд, бочкі, вазы – усё было ягоным рукам падуладна. Бацькі трымалі, вядома ж, і гаспадарку вялікую, усім вясковым справам і спадчыннікаў вучылі.

Як паралельныя сустрэліся

ГЭТА Ў МАТЭМАТЫЦЫ паралельныя лініі ніколі не сыходзяцца. Ды толькі хто жыццё арыфметыкай ці геаметрыяй правярае?! Людзі ж, як маюць жаданне ды ў лёсах сваіх наканаванне, абавязкова перакрыжуюцца.
Трэба толькі верыць. Трэба толькі ведаць: дзе і калі?
Івану давялося нямала паблукаць па свеце. Пасля войска, дзе даслужыўся да камандзіра аддзялення рамонтнага ўзвода, сяржант Выбяранец выбраўся зноў дамоў.
Ішоў да завяршэння 1996 год. Час, вядома, быў няпросты, калі працы на вёсцы паменела. Вось і задумаўся юнак пашукаць шчасця ў іншых краях. У розных справах сябе паспрабаваў, нават пяць гадоў у міліцыі адслужыў, атрымаўшы пагоны старшага лейтэнанта. Ды ўсё ж вярнуўся да любімага зянятку – будаўніцтва. Пэўны час пашчыраваў у сталічнай фірме, якая апрацоўвала вогнетэрмам металічныя каркасы на прадпрыемствах Беларусі. Каб толькі не было ад полымя бяды…
…А лёс усё бліжэй і бліжэй цягнуў яго да Жабінкі. Іван Іванавіч меў ужо вопыту нямала, таму знайшоў справу па душы, як уладкаваўся ў фірму “ДомЛюкс”. Разам з калегамі займаўся ў асноўным узвядзеннем дахаў на шматкватэрных дамах. Паколькі аб’екты знаходзіліся ў Жабінцы, пасяліўся ў інтэрнаце ў мікрараёне цукровага завода. Там і спаткаўся з будучай жонкай.
Нехта знаёміцца ў гасцях, хтосьці на вуліцы ці дыскатэцы, а іх паралельныя сустрэліся на агульнай інтэрнацкай кухні. Вінаватаю аказалася… бульба. Дзяўчына гатавала вячэру, ды, мабыць, так на хлопца загледзелася, што картоплі прыпаліла. А ён, прывучаны тушыць усё, што гарыць, выратаваў сітуацыю. Слова за слова – і адчулі сябе блізкімі іх душы, якія без “перакладчыка” цудоўна паразумеліся. Прыблізна паўгода спатрэбілася Таццяне ды Івану, каб канчаткова пераканацца: яны сапраўды палавінкі цэлага, патрэбныя адзін аднаму. Для шчырых пачуццяў. Бывае, нават сцюжа не перашкода, часам і маразы каханне здольна растапіць.
Хоць і было на календары 26 лютага 2011 года, але цёпла было маладым ды іх блізкім, родным, запрошаным на вясельную гасціну. У пары сышліся Іван і Таццяна. Так атрымалася, што была яшчэ адна пара за вясельным сталом: дзядуля ды бабуля нявесты, якія жывуць на Піншчыне ў вёсцы Туляцін, – таксама Іван ды Таццяна.
Вось так нават у імёнах меўся сямейны працяг…

Гаспадыня ў вялікай сям’і

ЁСЦЬ У ТАНІ даўняе адчуванне радасці і шчасця.
Вось ужо дзевяць год мінула, як яна, карэнная пінчанка, размеркавалася пасля Мінскага медыцынскага вучылішча ў Жабінку.
Тут адшукаўся сэнс жыцця: праца і сям’я. Што яшчэ ў рэшце рэшт для шчасця трэба? Добрыя адносіны з калегамі ў родным ужо прыёмным аддзяленні райбальніцы, дзе часта даводзілася першай чуць просьбы аб дапамозе і аказваць гэтую дапамогу. Ды клопат з боку мужа і дзяцей, што хутка напоўнілі Таццяніна жыццё птушынымі сваімі галасамі.
Як толькі заручыліся, жылі ў невялічкім пакоі. Пакуль не пачала сям’я імкліва, як на дражджах, расці.
Першыніца Вікторыя нарадзілася 29 ліпеня 2011 года. (У суседнім Брэсце якраз святкавалі чарговую гадавіну горада). Цяпер яна другакласніца другой гарадской школы. Як тата, любіць майстраваць, яе малюнкі выстаўляліся ў класе. Для матулі добрая расце памочніца.
Амаль дзень у дзень (на чарговую гадавіну горада над Бугам), 28 ліпеня 2012-га, у сям’і з’явіўся яшчэ адзін мужчына. Хлопчыка назвалі Ільёй, ён цікаўны, разважлівы, сябруе са спортам. Быў час, і самба займаўся, ды вырашыў (самастойна!), што трэба пакуль знайсці больш мірны занятак. Хоць нядаўна і заявіў:
– Як вырасту, абавязкова стану ваенным!
Цудоўна, што ўжо ў такім узросце малеча ведае: краіну сваю і родных людзей патрэбна абараняць. Найменшыя дзеці за Ільёй як за каменнай сцяной. Гэты юны волат для іх – сапраўдны абаронца. Дарэчы, сённяшні верасень для яго асаблівы: Ілья пайшоў у першы клас.
4 красавіка 2014 года на свет прыйшоў Ігнатка (атрымаў імя па царкоўным календары, таму клічуць яго амаль па-даросламу Ігнаціем), да таго ж раней дзед галавы сям’і насіў такое ж самае імя.
А праз год з нечым, 4 лістапада 2015-га, на дзень абраза Казанскай Божай Маці, зноў у сям’і радаваліся папаўненню. Таццяна нарадзіла Ганначку – самую малодшую, а таму найбольш агорнутую цеплынёй ды агульнай увагай.
Дзеці проста перапаўняюцца шчасцем, весялосцю, калі парог пераступае хросная – Таццяніна сястра Аксана Чэчук з мужам Андрэем. Разам з імі заўсёды прыходзяць святы з ласункамі-падарункамі, а настрой паляпшаецца на цэлы дзень.
Гаспадыня з задавальненнем гаворыць пра мужа – сапраўднага майстра на ўсе рукі, якім знайшоў справу ў хаце, што будуецца на вуліцы Шашэйнай. Мінуць лічаныя гады, трохі дзеці падрастуць, і сям’я адсвяткуе наваселле ў вялікім доме, дзе ў кожнага з’явіцца ўласны пакой. Каб гэта мара хутчэй увасобілася і стала рэальнасцю, спатрэбілася дапамога дзяржавы. Тры гады таму шматдзетная сям’я атрымала льготны крэдыт, што і дазволіла шпарка будавацца. Значную дапамогу ў гэтым адчувалі і ад Таніных бацькоў – Віктара Іванавіча і Валянціны Сцяпанаўны, якім надзвычай удзячныя.
Выбяранцы цягнуцца да духоўнага свету, шануюць сямейныя каштоўнасці. Таму найбольшыя святы для іх (такія, як Вялікдзень, Тройца, Пакровы) звязаны з царкоўным календаром. Тады і стараюцца ўсе разам выбрацца ў Пінск, каб раздзяліць радасць з бабуляй і дзядулем.
Але ж ёсць і святы чыста сямейныя, калі “збіраюцца радком, каб пагаманіць цішком”.
Для матулі ўзначальваюць гэты спіс дзіцячыя дні нараджэння. А вось для ўсёй дружнай Танінай сям’і ў календары самы шчаслівы дзень надыходзіць заўтра. Хоць ён і 13-ы ў верасні па ліку, але завецца гучна, коратка і проста: “Мамін дзень!” І ўпрыгожаць яго белыя ружы – ад бацькі ды мужа, а таксама вырабы, малюнкі, паштоўкі, зробленыя ўласнымі рукамі, – ад любячых сыноў і дачушак.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*