“Нам зверху бачна ўсё…”

“Нам зверху бачна ўсё…”

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Раней мы ўжо мелі магчымасць пабачыць у праекце “Фотасведкі былога” – а ён, як сведчаць водгукі чытачоў, не застаўся па-за ўвагаю жабінкаўцаў, зацікаўленых мінулым, – будынкі мястэчка ды станцыі Жабінка даваеннай і ваеннай пары. Цяпер прыйшоў час зірнуць на тагачасны гарадскі пасёлак узору сярэдзіны 1960-х гадоў у прамым сэнсе звысоку.

КАЛІСЬ, У САВЕЦКІЯ ЧАСЫ, вялікай папулярнасцю карысталася жартоўная песенька ваенных авіятараў, у якой распавядалася пра баявое мужчынскае братэрства. Мелася ў зухаватай песні і папярэджанне: “Нам зверху бачна ўсё – не забывай!”
Так, лётчыкі (а пазней касманаўты, што таксама выйшлі некалі з дружнай авіятарскай сям’і) карысталіся вялізным аўтарытэтам ва ўсіх краінах, нярэдка станавіліся сапраўднымі героямі. Бо далёка не кожнаму ў часы, калі дроны існавалі толькі ў фантастычных кіна-стужках, атрымлівалася, “рассунуўшы хмары рукамі”, зірнуць на зямлю з паднябесных вышынь.
Іншая справа, што нярэдка на гарады і вёскі ў чужой краіне кідалі погляд зусім не з пустой цікавасці, а з намерам сфатаграфаваць прамысловыя, стратэгічныя ды ваенныя аб’екты.
Унікальная картачка, якую сёння разглядаем у якасці ФОТАСВЕДКІ БЫЛОГА, зроблена ў самы разгар халоднай вайны. Нагадаем, гэта быў надзвычай неспакойны час. Ён пачаўся адразу пасля Другой сусветнай вайны з жорсткай прамовы Чэрчыля ў 1946-м. На сусветнай арэне сапернічалі дзве супердзяржавы – СССР і ЗША, якія мелі, між іншым, вялізныя запасы ядзернай зброі. Пік жорсткага супрацьстаяння прыпаў на 60-я гады мінулага стагоддзя (знакавая падзея – Карыбскі крызіс).
Чым яшчэ прыкметны гэты час? Вядома ж, асваеннем космасу, дзе таксама назіралася савецка-амерыканская канкурэнцыя. Мо першымі пачалі “бараздзіць прасторы мірнага космасу” менавіта ваенныя спадарожнікі. Сваімі шпіёнскімі “вочкамі” яны заўжды былі не супраць заглянуць на чужую “кухню”.
Фотаздымак, дзе ў падрабязнасцях можна разгледзець тагачасную Жабінку, быў зроблены ў пачатку 1964 года, спецыяльна ў зімовую пару, каб наземныя аб’екты не хаваліся за густой лістотай.
Упершыню гэтае фота было апублікавана на старонках кнігі “След на зямлі”, прысвечанай 50-годдзю Жабінкаўскай ПМК-10 (аўтарам выдання стаў берасцейскі краязнавец і выдавец Аляксандр Сувораў).
Што ўяўляла сабой Жабінка раней? Якою пабачыў яе амерыканскі спадарожнік? З чым была звязана шпіёнская цікаўнасць да невялічкага паселішча пад Брэстам?
Спачатку – адказ на апошняе, самае істотнае для таго часу пытанне. Стратэгічнае размяшчэнне Жабінкі і яе аб’ектаў было вядома немцам яшчэ перад пачаткам Вялікай Айчыннай (на першым месцы па важнасці знаходзілася нафтавая база, пабудаваная вясной 1940-га, а таксама чыгуначная станцыя). З надыходам халоднай вайны значнасць нафтабазы нават узрасла, паколькі дазваляла ў выпадку маштабнага канфлікту сілкаваць гаручым тэхніку савецкіх войскаў, размешчаных у Польшчы і Усходняй Германіі. Дарэчы, гэты аб’ект цудоўна бачны на здымку 1964 года ў паўднёва-заходняй частцы Жабінкі.
Што тычыцца непасрэдна населенага пункта.
Канечне ж, тэрыторыя “гэпэ” была значна меншаю, чым сёння (для зручнасці ўспрыняцця на здымку лініяй абведзены горад у межах 2016 года, яшчэ да далучэння Здзітава, Шчэглікаў, Сцяброва і Курпічаў).
Тады асобна ад Жабінкі знаходзіліся Абрамавічы, Мышчыцы, Галінова. Побач з апошнім паселішчам, на самым ягоным краі, месцілася пабудаваная ў 1957 годзе раённая бальніца (сённяшні тэрапеўтычны корпус). Затое праз дарогу – там, дзе зараз раскінуўся жылы мікрараён райбальніцы са шматлікімі дамамі, першай гарадской школай, дзіцячымі садамі, крамамі і інш., яшчэ гадоў 55 таму было царства жабак. Толькі ў пачатку 70-х, пасля таго як Жабінка набыла статус горада, тут пакрысе разгарнулася будаўніцтва.
Але ж гэта, як гаворыцца, ужо зусім іншая гісторыя, якая яшчэ не праглядаецца на фотаздымках ранейшых часоў.
На здымку: выявы Жабінкі, зафіксаваныя ў 1964 годзе з касмічных вышынь.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*