“Не стамляе і не стамляецца адна толькі любоў…”

“Не стамляе і не стамляецца адна толькі любоў…”

Жабінкаўская раённая бібліятэка запрасіла старшакласнікаў з дзвюх гарадскіх школ у ГДК на свята кнігі “Не стамляе і не стамляецца адна толькі любоў”, прысвечанае 75-годдзю з дня нараджэння вядомай беларускай паэткі Ніны Мацяш.
Перад пачаткам свята вучням і настаўнікам былі прапанаваны кніжныя закладкі з выявай Ніны Мацяш і яе вершам. Затым гасцей запрасілі ў залу.
Вядучыя мерапрыемства: бібліятэкары Валянціна Славуціч і Таццяна Раманава – чыталі вершы і вялі аповед пра слынную паэтку, прызнанага майстра на літаратурнай арэне, чалавека з вострай грамадзянскай пазіцыяй, чулую і спагадлівую жанчыну, якая, нягледзячы на тое, што ўсё сваё жыццё змагалася з цяжкай хваробай, пакінула нашчадкам у спадчыну шмат цудоўных, пранікнёных твораў: трыццаць паэтычных зборнікаў («Агонь», «Удзячнасць», «Ралля суровая», «Прыручэнне вясны», «Неутолённость», «Поўны келіх», «Паварот на лета», «Жнівень», «Шчаслівай долю назаві», «Паміж усмешкай і слязой», «Душою з небам гаварыць», «Я вас люблю») і шэраг другіх кніг.
Апошні яе паэтычны зборнік «У прыгаршчах ветру» быў надрукаваны ўжо пасля смерці паэткі.
Яна таксама напісала некалькі п’ес для дзяцей, якія былі пастаўлены: «Прыгоды трох парасят» і «Крок у бессмяротнасць», тэлесцэнарыі пра творчасць Вітольда Бялыніцкага-Бірулі «Пясняр роднай прыроды» і Рокуэла Кента «Гэта я, Госпадзі».
Расповед вядучых суправаджаўся відэапрэзентацыяй і цудоўнымі песнямі, напісанымі на словы Ніны Мацяш. Да свята была падрыхтавана кніжная выстава “Паэма жыцця”, якая складалася з трох раздзелаў. У першым “Хто я, дзе я, адкуль і куды…” госці свята даведаліся пра старонкі біяграфіі Ніны Мацяш. У раздзеле “Узыходзіць, як каліва, слова…” прадстаўлены выданні паэткі. У наступным – “Каб цветам акінуўся свет” – змаглі пазнаёміцца з выявамі мастацкіх твораў у стылі пёркаграфіі, зробленымі рукамі Ніны Язэпаўны, і з яе перакладам вершаў з французскай мовы.
Навучэнцы даведаліся, што нарадзілася Ніна Мацяш 20 верасня 1943 года ў невялікай вёсачцы Нівы, што на Бярозаўшчыне. Вучылася ў Бярозаўскай сярэдняй школе. Пасля заканчэння паступіла ў Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў. Атрымаўшы адукацыю, працавала выкладчыцай нямецкай мовы ў Белаазёрскай прафесійна-тэхнічнай установе.
Пісаць вершы пачала яшчэ ў школе. Упершыню яе верш быў надрукаваны ў раённай газеце “Маяк камунізму” у 1962 годзе. Колькі мужнасці і цярпення было ў апантанай творчасцю дзяўчыны трымаць сябе ў форме, пастаянна змагацца з цяжкай хваробай (большую частку свайго жыцця яна была прыкавана да інваліднага крэсла). Пасля поўнасцю перасталі слухацца ногі, аслаблі і рукі. Цяжка стала нават трымаць аловак, ручку. Але, нягледзячы на гэта, Ніна Мацяш супрацоўнічала з бібліятэкамі раёна, удзельнічала ў арганізацыі і правядзенні шматлікіх літаратурных вечарын.
Агеньчык душы Ніны Мацяш сілкаваўся вялікай любоўю яе сэрца да бацькоў, да роднай Беларусі, да любага Белаазёрска, да клапатлівай радні і вялікай колькасці сяброў. Асноўным рэфрэнам праз усю творчасць Ніны Мацяш праходзіў матыў любові да бацькоў, да матулі, светлы вобраз якой на працягу ўсяго жыцця атуляў паэтку ад нягод, наталяў душу высокім пачуццём павагі і пашаны, натхняў да творчасці. Балюча перажывала Ніна Язэпаўна адыход маці ў іншы свет. Вынікам тых душэўных пакут стала “Паэма жніва”. Менавіта за гэты твор паэтка была ўдастоена высокай узнагароды – Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова за лепшы твор у галіне паэзіі.
Акрамя таго, Ніна Мацяш
самастойна авалодвала замежнымі мовамі. У арыгінале чытала французскіх, польскіх, нямецкіх, балгарскіх, украінскіх класікаў літаратуры. Многія іх творы перакладала на родную мову.
Яе талент быў рознабаковы. Ніна Мацяш праявіла сябе і ў выяўленчым мастацтве. Толькі «фарбы» для стварэння карцін яна выбрала незвычайныя – птушыныя пёркі. Праца з імі прывяла да стварэння новага віду мастацтва, які і назвы яшчэ не меў. Пазней яго пачалі называць пёркаграфіяй. І такіх работ у Ніны Язэпаўны за сотню.
Была ў паэтэсы яшчэ адна грань таленту: яна стварала музыку да сваіх твораў. Казала, што проста душа напявае мелодыю верша, а сама яна нават нотнай граматы не ведае. Ніна Мацяш сама паклала на музыку «Усмешку», «Калядную», «Песню ў цярноўніку», «Забялела ночка».
Удзельнікі свята кнігі былі ўражаны асобай Ніны Мацяш, тым, што паэтка – лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, прэмій Усебеларускага фестывалю моладзі і «Берасцейская зорка», міжнароднай прэміі Рыгора Скаварады, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
10 гадоў таму (у снежні 2008 года) пайшла ад нас Ніна Язэпаўна, але сёння і надалей яе паэзія будзе дапамагаць нам жыць годна і прыгожа. Душа паэткі, як і яе лірыка, – з любові і агню, і вельмі прыемна, што моладзі падабаецца яе паэтычнае слова, якое так прыгожа кладзецца на музыку.
Таццяна РАМАНАВА, бібліятэкар.
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*