Пажар – бяда. І праверка на чуласць сэрцаў

Пажар – бяда. І праверка на чуласць сэрцаў

13 чэрвеня застанецца ў жыцці нашай сям’і вогненнай датай. Пэўна, ніколі не забудзецца той цёплы летні вечар, калі мы ўсёй сям’ёй селі вячэраць. Раптам над галавою пачулі нейкі незвычайны трэск. Я выйшла з дому і кінулася назад, бо ўбачыла, як з-пад страхі вырываюцца нясмелыя язычкі полымя. “Дзеці, гэта наш дом гарыць, хутчэй выбягайце!” – закрычала я і адразу выклікала пажарных. А далей усё было як у тумане. Ногі не трымалі ад роспачы, вочы нічога не бачылі ад слёз. На дапамогу прыбеглі суседзі, якія кінуліся ў дом выносіць рэчы. Пажарныя машыны прыехалі імгненна і сталі тушыць полымя, якое ўжо сквапна “лізала” шыфер. Ускладнялася гэтая барацьба з агнём тым, што рэйкі на кроквах (стропилах) пад шыферам былі, як аказалася, прапітаны нейкім спецыяльным растворам. Нарэшце агонь пад націскам пажарных здаўся. Балюча было глядзець на абгарэлыя бэлькі дома, у якім толькі-толькі зрабілі рамонт… З болем у сэрцы пайшлі спаць, каб раніцай вырашыць, што рабіць далей.
А назаўтра двор і дом запоўніўся людзьмі, чулымі да чужой бяды. Суседзі, здаецца, з усёй вуліцы Гагарына, а таксама Саўгаснай, 67 палка, Калгаснай, Ракасоўскага, родзічы, кумы, мае калегі з бальніцы і мужавы з цэху вонкавай механізацыі цукровага завода, проста знаёмыя прыйшлі, каб дапамагчы, суцяшалі, неслі грошы нам, пагарэльцам, выносілі з дому тое, што не змог знішчыць агонь, здзіралі са сцен шпалеры, з падлогі – дываны, сушылі іх на плоце. Гэтая маральная і фінансавая падтрымка неабыякавых людзей суцяшала і не давала нам апускаць рукі. Праз тыдзень паставілі новыя кроквы, яшчэ праз адзін – накрылі новы дах.
Хочацца праз газету сказаць велізарны дзякуй усім-усім, хто падтрымаў нас словам і грашыма і нізка пакланіцца за тое, што не пакінулі нас сам-насам з бядою. Няхай дасць вам Бог здароўя, і каб такая бяда не зачапіла вас!
З павагай, Ала, жыхарка вуліцы Гагарына.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top