Алеся ПІСКУН: “Вам зычу лёгкіх спраў, святочнага настрою!”

Алеся ПІСКУН: “Вам зычу лёгкіх спраў, святочнага настрою!”

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

Прафесія следчага… Што можа быць цікавей і нават рамантычней? Складаныя заблытаныя справы, пагоні, затрыманні, штодня – перастрэлкі… І канечне ж, у цэнтры сюжэту – неверагодна адважны і брутальны “опер-слядак”… Хіба не такі вобраз найперш малюе фантазія абывацеля пад уплывам шматлікіх паліцэйскіх серыялаў?
Але жыццё – не кіно. У сапраўднасці нярэдка няпростую і вельмі адказную ролю сучасных Шэрлакаў Холмсаў выконваюць дзяўчаты, такія, як Алеся Піскун (на здымку).

ЯШЧЭ СА ШКОЛЬНАЙ пары яна мела мару далучыцца да шэрагаў праваахоўнікаў. А той, хто ставіць перад сабой задачу, прыклаўшы веды і намаганні, абавязкова адшукае правільны адказ на яе.
У 2011-м годзе Алеся скончыла 11 класаў у роднай бабруйскай школе № 38. Любіла матэматыку і англійскую мову, цягнулася да роднай мовы (усё дзякуючы Таццяне Аляксандраўне Васілеўскай, настаўніцы ад Бога, якая прывіла любоў да беларускага слова). Нават сустрэча са “следствам” упершыню адбылася… на ўроку айчыннай літаратуры. Вывучалі гарэзлівую “Пінскую шляхту”, дзе паказаны старадаўні суд са следствам. Тады, чытаючы вясёлую камедыю, Алесі і няўцям было, што міне непрацяглы час, як сама стане следчым.
Аднак спачатку дзяўчыне больш хацелася апрануць міліцэйскі кіцель. Таму адразу, як прагучаў развітальны школьны званок, падала дакументы ў Акадэмію МУС. Алесіны памкненні падтрымалі бацькі. Хоць і не было ў сям’і раней праваахоўнікаў, Леанід Аркадзьевіч з Галінай Пятроўнай ухвалілі выбар дачкі. Ды толькі да дзяўчат у гэтай вучэльні асабліва строгія патрабаванні, вось і не хапіла балаў, каб стаць абітурыенткаю ў галоўнай навучальнай установе Міністэрства ўнутраных спраў.
Адступіцца, забыць пра мару? Такое не ў правілах Алесі Піскун. Калі ўжо паставіла сабе мэту – так таму і быць. Не губляючы часу, паехала на самы захад Беларусі. Бо ў Брэсце, як вядома, таксама даюць добрыя веды ў правазнаўстве. Сапраўднай альма-матар стаў юрыдычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.
На пачатковых курсах даводзілася вывучаць агульныя прадметы, унікаць у юрыдычныя тэрміны, шматлікія параграфы кодэксаў, разнастайных законаў. Мела спецыяльнасць “Правазнаўства” і спецыялізацыю “Судова-пракурорская следчая дзейнасць” (альбо карацей – СПД). З трэцяга курса, як мінулі “экватар” навучання, пачалася спецыялізацыя. Тады Алеся і выбрала для сябе СПД, бо лічыла, што няма нічога больш цікавага, чым займацца практычнай дзейнасцю. А што можа быць больш практычным за працу следчага?!
– Ведамі літаральна напаўняешся, – успамінае студэнцкія гады Алеся Піскун, – калі іх прыносяць такія педагогі, як Уладзімір Уладзіміравіч Лосеў. Ён выкладаў нам крымінальнае права. Яго лекцыі заўсёды выклікалі захапленне, заўсёды падмацоўваліся шматлікімі прыкладамі з жыцця. Цудоўным дапаўненнем да лекцый Лосева былі практычныя семінары, што праводзіла па тым самым крымінальным праве Алеся Віктараўна Глухарова. Гэтыя выкладчыкі паспрыялі, каб я звязала свой лёс са следствам.
Пасадзейнічала і тое, што пры ўніверсітэце паспяхова існавала факультэцкая юрыдычная клініка. Яе асноўная задача заключалася ў тым, каб навучыць студэнтаў на практыцы прымяняць свае веды. Стараннасць і адказнасць Алесі Піскун былі заўважаны. У 2014-м яна атрымала прапанову стаць пазаштатным супрацоўнікам Брэсцкага міжраённага следчага камітэта. Даводзілася двойчы на тыдзень дапамагаць прафесіяналам у іх няпростай працы: разам са следчымі выязджаць на месцы здарэнняў, вывучаць рэчавыя доказы злачынстваў, рыхтаваць дакументацыю – адным словам, далучацца пакрысе да будучай прафесіі.
Яшчэ да заканчэння ўніверсітэта малады спецыяліст прайшла стажыроўку ў Жабінцы, на будучым першым сваім працоўным месцы. Тут, у раённым аддзеле Следчага камітэта, Алеся Леанідаўна адразу адчула падтрымку з боку калег, найперш ад тагачаснага начальніка Аляксандра Дзягеля.
Са жніўня 2016-га яна (ужо дыпламаваным спецыялістам) прыйшла ў райаддзел. Пацяклі працоўныя будні. Усе справы, што праходзілі за гэтыя два гады праз яе рукі, памятныя старшаму следчаму Алесі Піскун. На самым добрым рахунку яна і ў сённяшняга кіраўніка раённага аддзела Следчага камітэта Юрыя Юркевіча. І хоць стаж у яе пакуль невялікі, але й надалей бачыць Алеся Леанідаўна сябе толькі ў прафесіі, атрыманай раз і назаўсёды.
Напярэдадні прафе-сійнага свята ахвотна звяртаецца да калег, што звязалі свае лёсы з прафесіяй следчага, са шчырымі словамі-пажаданнямі:
– Усім без выключэння – прафесійных поспехаў, кар’ернага росту, здароўя моцнага і шчасця ў сем’ях. Вам зычу лёгкіх крымінальных спраў, святочнага настрою!

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*