Хлеб сабралі, рупліўцаў шанавалі

Хлеб сабралі, рупліўцаў шанавалі

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

 

У мінулую суботу горад Высокае сустракаў гасцей з усёй Брэстчыны. Тут, на цэнтральнай плошчы прыбранага і пафарбаванага горада, ушаноўвалі працу лепшых хлебаробаў вобласці на свяце “Дажынкі-2018”.

Па традыцыі святочная праграма пачалася шэсцем калон па галоўнай вуліцы горада. Са сцэны ў адрас пераможцаў абласнога спаборніцтва гучалі цёплыя словы падзякі за нялёгкую сялянскую працу.
Віншуючы рупліўцаў палёў са святам, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс падкрэсліў: “Хлеб ніколі не бывае лёгкім. А сёлета яшчэ і надвор’е  дадало хваляванняў. Жніво патрабавала вялікіх фізічных і маральных высілкаў. Спачатку адчуваўся дэфіцыт ападкаў, калі ў многіх гаспадарках у маі-чэрвені не выпала ні кроплі дажджу. Ад засухі толькі зерневых культур загінула і пацярпела 58 тысяч гектараў, ці 16 % плошчаў. Не хапіла вільгаці і для наліву збожжа… Тым не менш, дзякуючы кіраўніцтву і зладжанай рабоце ўсіх працаўнікоў, уборачная кампанія была праведзена дакладна і арганізавана”.
Хаця не ўдалося дасягнуць ураджайнасці мінулага года (36 ц/га), вынікі ўсё ж годныя. Пры ўраджайнасці 29 цэнтнераў з гектара (гэта лепшы вынік сярод абласцей) намалочана 930 тысяч тон збожжа. Найбольшы ўнёсак у абласны каравай у Баранавіцкага раёна – 118 тысяч тон. Ён жа і ў перадавіках па ўраджайнасці – з кожнага гектара атрымалі 33,8 цэнтнера збожжа. А вось абсалютны лідар па гэтым паказчыку – ААТ “Асавецкі” Драгічынскага раёна: намалот складае 57 цэнтнераў на круг.
Першае месца ў абласным спаборніцтве па ўборцы ўраджаю прысуджана Лунінецкаму раёну. Другое і трэцяе месца падзялілі Маларыцкі і Столінскі.
Анатоль Ліс адзначыў, што першымі тысячнікамі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы стаў сямейны экіпаж Валерыя і Таццяны Кухта з ААТ “Белавежскі” Камянецкага раёна. Акрамя іх, яшчэ 130 экіпажаў Брэстчыны “ўзялі” тысячную планку, ад паўтары да дзвюх тысяч тон – 11, больш за дзве тысячы тон – 3 экіпажы.
Анатоль Ліс уручыў пераможцам жніва Ганаровыя дыпломы Брэсцкага аблвыканкама і прэміі. Іх атрымалі лепшыя працаўнікі гаспадарак. Сярод узнагароджаных былі і прадстаўнікі Жабінкаўшчыны. Віншаванні і падарункі прымалі трое рупліўцаў з ААТ “Вазнясенскі”: Дзмітрый Савосін, Васіль Пілінкевіч і Сцяпан Кандрацюк, а таксама Алег Дзенісовіч з ААТ “Мацеевічы” ды Аляксандр Шляга з “Арэпічаў”.
Пасля ўрачыстай цырымоніі ўшанавання пераможцаў “Дажынак-2018” пачаўся святочны канцэрт з удзелам лепшых артыстаў вобласці. Прыемна, што каторы год запар Жабінкаўшчыну на ім прадстаўляў народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”.
Пасля канцэрта гасцей і жыхароў горада чакалі гандлёвыя павільёны і гульнёвыя пляцоўкі. 
Прысмакаў – на любы густ. 
Можна было набыць сувеніры, вопратку (праўда, кошт на апошнюю нават з 15-працэнтнай зніжкай даволі-такі кусаўся). “Горад майстроў” у парку парадаваў разнастайнасцю цацак, выцінанак, упрыгажэнняў, саматканых ручнікоў, драўляных сувеніраў, карцін. Аднак цэны на іх пакінулі адваротнае ўражанне. Спадабалася, напрыклад, дзіцячая кашуля з моднай сёння вышыванкай. Толькі вось набыць яе сыну за 100 рублёў рука не паднялася…
Пакуль на галоўнай плошчы ўшаноўвалі лепшых рупліўцаў, ля адзінай у горадзе школы не было дзе яблыку ўпасці, бо з’ехаліся лепшыя сем’і з вобласці.
Абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” сабраў на гэты раз 13 сем’яў з Брэсцкага, Кобрынскага, 
Столінскага, Пружанскага, Лунінецкага, Баранавіцкага, Драгічынскага, Іванаўскага, Івацэвіцкага, Маларыцкага, Ганцавіцкага, Камянецкага і Жабінкаўскага раёнаў.  Знаёмства з удзельнікамі адбылося падчас конкурсу “Вітаем па-беларуску”. Прадэманстравалі сем’і свае спрыт і ўзаемападтрымку ў конкурсах “Сямейная эстафета”, “Па дровы”. Суддзі ацэньвалі таксама выставы дасягненняў сем’яў, завочна знаёміліся з падворкамі, ацэньвалі кулінарныя здольнасці гаспадынь.
Наш раён на конкурсе прадстаўляла сям’я Цераз. Сяргей і Настасся выхоўваюць трох сыночкаў: Віктара, Захара і Арцёмку. Яны парадавалі журы і гледачоў артыстызмам, шчодрасцю, гасціннасцю і былі лепшымі ў “Візітоўцы”.
…Высокае весялілася да апоўначы пад яркае выступленне арт-групы “Беларусы”.
Завяршылася свята феерверкам і дыскатэкай. Эстафету святкавання “Дажынак-2019” пераняў горад Ружаны Пружанскага раёна.

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*