Так сталеюць пакаленні

Так сталеюць пакаленні

Якаўчыцкі дзіцячы сад працуе з 1974 года. Разлічаны на 35 месцаў, пакуль быў падвоз з суседніх Маціевічаў прымалі і больш дзяцей. Зараз з Залуззя, Прускі і Панцюхаў прыязджаюць восем дзяцей, астатнія — мясцовыя.
— Месцы занятыя, існуе нават чарга, — гаворыць загадчыца Н.М.Сізоненка. — Жадаюць бацькі, каб малыя наведвалі дзіцячы сад, ды памяшканні не вельмі вялікія, таму не кожнага задаволім…
Так, з’явілася ў людзей магчымасць, жаданне (ва ўмовах крызісу і патрэба) раней выходзіць на працу, таму і ўладкоўваюць сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак у сад. Яшчэ да трох гадоў.
Наталля Міхайлаўна Сізоненка з сям’і патомных педагогаў: калісьці выкладала ў пачатковых класах бабуля Станіслава Людвігаўна Кацуба, дасюль настаўнічаюць мама Валянціна Анатольеўна, тата Міхаіл Ярасавіч, цёця Ніна Ярасаўна — усе Казачэнкі. Сем гадоў мінула, як жанчына закончыла дашкольны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Ужо дзве пяцігодкі на педагагічнай працы ў Вялікіх Якаўчыцах. За дзяцей перажывае, як за родных.
— Нават у водпуску хочацца зазірнуць, каб іх пабачыць і пачуць, — прызнаецца загадчыца. — Заходзіш у групу, нешта расказваюць, шчабечуць, як птушачкі. Жывеш іх перажываннямі, ад таго і жыць хочацца.
З 2007-2008 гадоў у Якаўчыцкім сельсавеце заўважаны рост нараджальнасці.
— Калі гадоў сем таму нарадзілася ўсяго восем дзяцей, дык далей — больш. Малыя, якім зараз два з паловаю гады, прыйдуць да нас, — мяркуе Наталля Міхайлаўна.
У садзе існуюць дзве рознаўзроставыя групы: у адной, малодшай, малыя двух-чатырох гадоў, а старэйшая — ледзь не за ручку “даводзіць” да школы, рыхтуючы маленькіх якаўчукоў у першы клас.
Выхавальнікі працуюць паводле нацыянальнай праграмы “Пралеска”, дзе ўтрымліваюцца патрабаванні па падрыхтоўцы да школы. Сустракаюцца дзеці добра падрыхтаваныя: чытаюць нават па складах, а бываюць і такія, як Сашанька Свіціч. Калі пераступіла школьны парог, то ўмела чытаць ужо бегла! Яе брацік Жэня таксама спраўна ўпраўляўся з кніжкамі. Надзвычайныя здольнасці да ведаў паказалі Ваня Зыковіч, Аліна Гаўрылюк, Даша Лапурка.
— З ранішнікаў, што рыхтуем, бачым, наколькі дзеці артыстычныя, вершыкі, песенькі вясёлыя любяць, у маляванні таксама здатныя: могуць фарбы на палітры падабраць, ёсць прыгажосць у іх малюнках.
У загадчыцы ёсць і свае дзеці: Сярожа і Алена. Вучацца яны ў СШ №1 г.Жабінка. Сям’я Н.М.Сізоненкаў жыве ў райцэнтры, таму Наталля Міхайлаўна штодня едзе ў Вялікія Якаўчыцы на працу.
Спецыфіка падвозу дзяцей такая, што кіроўца з Жабінкі з раніцы аб’язджае так званую “маціевіцкую зону”, Залуззе, Пруску вось і атрымоўваецца: выхавальніцы суправаджаюць сваіх выхаванцаў нават у дарозе, тыя ўвесь час пад наглядам дарослых. Ранкам з рук бацькоў іх забіраюць і ў тыя ж рукі надвячоркам вяртаюць.
Так рухаецца жыццё.

А.БЕНЗЯРУК.
На здымках: загадчыца Якаўчыцкага дзіцячага сада Н.М.Сізоненка з самым маленькім выхаванцам — двухгадовым Дзянісам Яльчыкам; у старэйшай групе заняткі праводзіць выхавальніца С.А.Андраюк; заўсёды весела дзецям разам з выхавальніцай А.А.Пігулеўскай.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top