Важная тэма для размовы

Важная тэма для размовы

Суіцыд, суіцыдальныя паводзіны – далёка не самая прыемная тэма для размовы. Аднак жыццё паказвае, наколькі важна яе абмяркоўваць, бо суіцыд уваходзіць у пяцёрку вядучых прычын ненатуральнай смерці. Штогод у свеце здзяйсняецца каля аднаго мільёна самагубстваў і ў 10 разоў больш суіцыдальных спроб. Самагубства як прычына смерці маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 35 гадоў займае другое месца ў Еўропе пасля дарожна-транспартных здарэнняў.
За першае паўгоддзе бягучага года на Брэстчыне скончылі жыццё самагубствам 112 чалавек, з іх 85 працоўнага ўзросту. У нашым раёне за гэты ж перыяд здзейснены адзін суіцыд. Асноўнымі прычынамі суіцыдальных актаў сталі: злоўжыванне спіртнымі напоямі, сямейна-бытавыя канфлікты, цяжкія захворванні і іншыя. Так, з тых, хто здзейсніў суіцыд, 69 знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Таксама скончылі жыццё самагубствам шасцёра непаўнагадовых.
Матывы суіцыдальнага акта розныя. Гэта пратэст ці помста каму-небудзь з блізкіх, крык аб дапамозе, самапакаранне, рацыянальная адмова ад жыцця і іншыя. Людзі, якія здзейснілі суіцыд, звычайна пакутуюць ад моцнага душэўнага болю ці знаходзяцца ў стане стрэсу, а таксама адчуваюць немагчымасць справіцца са сваімі праблемамі ці маюць эмацыянальныя парушэнні і глядзяць на будучыню без надзеі. Прычыны суіцыду разнастайныя: страта блізкага чалавека, дэпрэсіўнае расстройства, цяжкае саматычнае хранічнае захворванне, алкагалізм, таксікаманія, наркаманія, страта работы, выхад на пенсію, адзінота і іншыя.
Сярод тых, хто намерыўся скончыць жыццё самагубствам, ад 70 да 75 працэнтаў людзей тым ці іншым спосабам паказваюць свой намер. У такой сітуацыі велізарную ролю адыгрываюць блізкія і родныя. Іх клопат, цеплыня, уменне падтрымаць у цяжкую хвіліну і своечасова працягнуць руку дапамогі могуць паспрыяць таму, што чалавек застанецца жыць.
Асобы, якія знаходзяцца ў вельмі цяжкай, здавалася б, бязвыхаднай сітуацыі ці пакутуюць ад дэпрэсіі, могуць звярнуцца да ўрача-псіхіятра паліклінікі Жабінкаўскай ЦРБ у кабінет № 38 з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 16.00 у буднія дні, кантактны тэлефон 2-29-29. Атрымаць экстраную псіхалагічную дапамогу можна па “тэлефоне даверу” ў Брэсце (80162)25-57-27, які працуе кругласутачна. У цяжкія жыццёвыя моманты, калі здаецца, што вы ў тупіку і не знаходзіце выйсця, тэлефануйце – і вам дапамогуць.
Марыя ВАЙЦЮК, урач-псіхіятр раённай паліклінікі. 10 верасня – Сусветны дзень прадухілення суіцыду.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top