На мікраспарыю і кішэчныя інфекцыі хварэюць пераважна дзеці

На мікраспарыю і кішэчныя інфекцыі хварэюць пераважна дзеці

Сёлета ў нашым раёне адзначаецца рост захворвання на вострыя кішэчныя інфекцыі, прычым хварэюць пераважна дзеці. З гэтай прычыны нагадваем, што асаблівую ўвагу неабходна надаваць пытанням выканання ўмоў захоўвання і рэалізацыі харчовых прадуктаў і сыравіны, спраўнасці тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання, наяўнасці ўмоў для выканання правілаў асабістай гігіены работнікаў.
Дома неабходна таксама выконваць умовы і тэрміны захоўвання харчовых прадуктаў, тэхналогію прыгатавання ежы.
Не заўсёды надаецца належная ўвага выкананню асабістай гігіены, выхаванню звычкі мыць рукі перад ежай і пасля наведвання туалета, ужыванню ў ежу садавіны з папярэднім яе мыццём.
Не варта купляць прадукты ў месцах несанкцыянаванага гандлю, дзе не забяспечваецца бяспека прадуктаў і не выконваюцца ўмовы і тэрміны захоўвання, парушаецца таварнае суседства (магчымы кантакт сырой і гатовай прадукцыі, адсутнічае неабходная інфармацыя пра рэалізуемую прадукцыю, у прадаўцоў няма асабістых медыцынскіх даведак (г. зн. яны могуць быць носьбітамі сухотаў, гепатыту А, вострых кішэчных інфекцый і г. д.)
Адзначаецца таксама рост захворвання на мікраспарыю сярод дзяцей. Крыніцамі гэтага заразнага скурнага захворвання з’яўляюцца, галоўным чынам, безнаглядныя каты і сабакі. Калі паўсталі сумненні адносна захворвання ў хатніх жывёл, то ў раённай ветстанцыі можна праверыць іх на наяўнасць мікраспарыі.
Сёлета ў раёне зарэгістраваны чатыры выпадкі ВІЧ-інфекцыі, прычым тры з іх звязаны са знаходжаннем нашых грамадзян у Расіі. Адзначаецца таксама рост выпадкаў парэнтаральных вірусных гепатытаў. Ва ўзнікненні ВІЧ-інфекцыі і парэнтаральных вірусных гепатытаў дамінуе палавы шлях перадачы.
У раённай бальніцы можна ананімна метадам экспрэс-дыягностыкі праверыцца на наяўнасць ВІЧ-інфекцыі. Акрамя таго, у цэнтральнай раённай аптэцы ёсць магчымасць купіць набор для экспрэс-аналізу і самастойна праверыцца на наяўнасць ВІЧ-інфекцыі па сліне.
У верасні пачынае праводзіцца вакцынапрафілактыка грыпу. Дзякуючы актыўнай рабоце арганізацый аховы здароўя, праведзенай летась сумесна з прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі раёна, дзеля стварэння неабходнага імунітэту сярод насельніцтва, выпадкаў грыпу на Жабінкаўшчыне не зарэгістравана. Неабходна адзначыць, што своечасова праведзеная вакцынацыя з’яўляецца надзейнай абаронай ад грыпу і яго ўскладненняў.
Уладзімір ЛАПУС, урач-эпідэміёлаг Жабінкаўскага райЦГЭ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*