Ялінкі зіхацяць надзеяй, альбо Каб казка ўваходзіла ў ваш дом

Ялінкі зіхацяць надзеяй, альбо Каб казка ўваходзіла ў ваш дом

Традыцыйна напярэдадні Новага года ў раёне ладзяцца дабрачынныя акцыі “Дарога да сэрца” і “Нашы дзеці”, пад час якіх дарослыя дарылі надзею на лепшае хлопчыкам і дзяўчынкам з няпоўных, малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў.
ДЗЕД МАРОЗ наведаў сорак сем’яў, дзе выхоўваюцца 88 дзяцей. Нястомны казачны персанаж прыходзіў не толькі каб уручыць навагоднія падарункі, але й пазнаёміцца з умовамі, у якіх жывуць маленькія жабінкаўцы. Скажам шчыра, далёка не ўва ўсіх яны як у добрай казцы.
Разам з Дзедам Марозам пабывалі ў шматдзетных сем’ях Князевых з вёскі Залуззе і Панковых, што жывуць у райцэнтры.
У Князевых дзяцей пяцёра. Старэйшы Дзмітрый ужо закончыў Якаўчыцкую школу, уладкаваўся на працу. Таму за падарункі Дзеда Мароза дзякавалі дзесяцікласніца Ірына, яе малодшыя браты Ігар, Коля і сямігадовая Анечка. Малыя чыталі вершы, за што атрымалі ласункі ды цёплыя пажаданні на Новы год.
Усё паўтарылася ў сям’і Панковых. Дванаццацігадовы Кірыл, яго сястрычкі Карына і Насця хуценька ўскочылі з канапы, каб сустрэць навагодняга Дзеда. А той, ласкава пасміхаючыся ў бараду, віншаваў малых, зычыў поспехаў у вучобе, не забываўся, канечне, і на салодкія падарункі.
Каб акцыя “Дарога да сэрца” ўдалася, паспрыялі калектывы ПМК-19 (кіраўнік П.У.Вайноўскі), РКЦ №2 у г.Жабінка філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” (В.М.Андраюк), прафесійны саюз аграпрамысловага комплексу (Н.У.Калыбская).
НА ВУЛІЦЫ ВІШНЁВАЙ у Здзітаве, у прыгожым уладкаваным доме жывуць душа ў душу Таццяна Аляксееўна Баярчук і Наташа Курылюк. Іх Дзед Мароз наведаў у рамках акцыі “Нашы дзеці”.
Год таму дзяўчына-сірата засталася без апекуна: памерла яе бабуля — спагадлівая і міласэрная Валянціна Сцяпанаўна. І тады Таццяна вырашыла стаць для Наташы “другой маці”, аформіла апякунства. Заўсёды прыемна ўвайсці ва ўтульную хату, хлебасольную, багатую на ўсмешкі. Дзеду Марозу нават “чараваць” не трэба, каб зразумець: тут лад, дзіцё пад сапраўднай сямейнай апекай.
— Вось атрымоўвай, Натачка, свой падарунак! — абвясціў госць і пажадаў усім, каб казка часцей уваходзіла ў гэты добры дом.
Часам сапраўды па-мужчынску праяўляюць сябе бацькі. Віктар Мікалаевіч Трацяк з мікрараёна цукровага завода — для многіх іншых добры прыклад. Ён сам гадуе трох дзяцей. Бацькавы клопаты Аляксандр, Віталь і Ксенія ўжо разумеюць, чым могуць тату дапамагаюць. Таму й дзякавалі шчыра госцю з казкі, што прыйшоў падтрымаць шматдзетную сям’ю напярэдадні светлага свята.
ЗІХАЦЕЛА НАДЗЕЯЙ і традыцыйная ялінка ў гарадскім Доме культуры, куды запрасілі каля сотні дзетак, у тым ліку сірот. Пра падарункі для іх паклапаціліся прадпрымальнікі Жабінкаўшчыны. Шчыра дзякуем людзям спагадлівым, сардэчным. Спачатку хацелася назваць спонсараў пайменна, але згадаліся словы мудраца: “Дабро рабіце ў цішыні, яно, нібыта полымя свячы, не церпіць мітусні. Аднак залічана бывае, дзе патрэбна”.
І сапраўды, названыя навагоднія акцыі вымяраліся не грашыма, што адшукаліся на падарункі, але (і гэта значна больш важкі сягоння “капітал”!) — увагай, шчырасцю і радасцю суперажывання.


Н.АНДРАСЮК, загадчык сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама.
На здымках: дабрачынная ёлка ў гарадскім Доме культуры; Дзед Мароз наведаў Кірыла, Карыну і Насцю Панковых, затым шматдзетную сям’ю Князевых — Ігара, Колю і Ганначку і многіх іншых, уручыў кожнаму дзіцяці навагодні салодкі падарунак.
Фота І.Жук.


Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top