Новы год пачаўся з падарункаў

Новы год пачаўся з падарункаў

Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара.

Здаецца, толькі нядаўна шчаслівыя дзеці і іх бацькі планавалі, як з карысцю правесці летнія канікулы. Адны адпачывалі ў загарадных лагерах, другія – у бабуль і дзядуляў у вёсцы, трэція – на моры. Лета прамільгнула, і зноў радасныя, загарэлыя, падрослыя хлопчыкі і дзяўчынкі з ранцамі за плячыма і вялізнымі букетамі ў руках крочаць у школу.

У панядзелак напоўнілася дзіцячым гоманам і Жабінкаўская школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку.
На ўрачыстай лінейцы, прысвечанай Дню ведаў і пачатку вучэбнага года, прысутнічалі шаноўныя госці: старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Іван Васільковіч, першы намеснік начальніка ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці Дзяніс Будзюхін, кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі і яго намеснік Ала Ануфрыюк. Яны звярнуліся да педагогаў і вучняў з віншаваннямі і пажаданнямі здароўя, поспехаў, дасягненняў у вучобе.
Дырэктар школы Аляксандр Кавальчук шчыра павіншаваў усіх з пачаткам новага навучальнага года і падзякаваў гасцям за ўвагу і дапамогу, якую яны аказваюць школе. Дарэчы, Іван Васільковіч ў межах акцыі “Прафсаюзы – дзецям” прывёз крэслы ў пакоі інтэрната, а яшчэ адзенне для дзяцей-сірот, якія вучацца тут. А даўнія сябры і шэфы жабінкаўскай спецыяльнай установы з упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці падарылі выхаванцам школы-інтэрната канцылярскія прылады.
Затым адзінаццацікласнікі ўручылі падарункі-размалёўкі самым юным навучэнцам школы, якіх сёлета ў першы клас прыйшло васьмёра. З рук старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага дзеці атрымалі кнігу “Беларусь – наша Радзіма”.
Упэўнена, гэтую яркую падзею ў жыцці і самі юныя школьнікі, і іх бацькі запомняць надоўга.
Хлопчыкі і дзяўчынкі прачыталі вершы, паабяцалі захоўваць добрыя школьныя традыцыі і першымі адправіліся ў клас на першы ўрок ведаў аб сваёй краіне і малой радзіме.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*