Дзень ведаў – незабыўнае свята

Дзень ведаў – незабыўнае свята

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота аўтара.
Сёлетні Дзень ведаў запомніцца жыхарам аграгарадка Ленінскі надоўга, таму што на ўрачыстую лінейку, прысвечаную пачатку новага навучальнага года, у мясцовую сярэднюю школу завітала вялікая колькасць ганаровых гасцей на чале са старшынёй Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатолем Лісам.

У святочным мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел намеснік кіраўніка вобласці Алег Вялічка, старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Галіна Бурко і іншыя запрошаныя.
У прывітальным слове, звернутым да школьнікаў, педагогаў і бацькоў, старшыня Брэсцкага аблвыканкама адзначыў, што наша дзяржава вялікую ўвагу надае развіццю адукацыі, у рэспубліцы паляпшаюцца ўмовы для навучання, з 1 верасня павялічваюцца заработныя платы педагагічным работнікам.
– Сёлета здадзены дзіцячы сад на 350 месцаў у новым мікрараёне Брэста, распачата будаўніцтва дашкольных устаноў у Баранавічах і Пінску, – заўважыў Анатоль Васільевіч. – У наступным годзе плануецца адкрыццё новай школы на 1400 навучэнцаў у горадзе над Бугам і школы-сада на 470 чалавек. Жадаю і вашай установе з багатай гісторыяй і традыцыямі “прырастаць” вучнямі, квітнець і развівацца.
Кіраўнік вобласці ўручыў дырэктару Ленінскай сярэдняй школы Ірыне Гурскай сертыфікат на сучасную гукавую апаратуру для правядзення пазакласных мерапрыемстваў і развіцця творчых здольнасцяў навучэнцаў. Школьнікі ў адказ падарылі Анатолю Васільевічу сувенірнае пано, зробленае сваімі рукамі.
Ірына Фёдараўна звярнулася з віншаваннямі да дзяцей, іх бацькоў, педагогаў і пажадала навучэнцам сваімі поспехамі і дасягненнямі ўслаўляць родную Беларусь і малую радзіму.
– У нашай краіне шмат увагі ўдзяляецца развіццю кожнага вучня, створаны неабходныя ўмовы і ў нашай Ленінскай школе, – заўважыла Ірына Гурская.
Кіраўнік установы выказала словы падзякі Брэсцкаму аблвыканкаму і Жабінкаўскаму райвыканкаму за садзейнічанне ў развіцці школы і падтрымку ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года.
Найбольш хвалюючым выдаўся гэты асаблівы Дзень ведаў для 32 першакласнікаў Ленінскай сярэдняй школы і іх бацькоў. Яны, як галоўныя героі свята, ганарова прайшлі па кругу і сталі побач з адзінаццацікласнікамі. Самых юных падарожнікаў у Краіну ведаў чакае наперадзе мноства цікавых адкрыццяў, а дапамогуць іх ажыццявіць настаўнікі пачатковых класаў Данута Кучук і Алена Адзінец.
А вось адзінаццацікласнікаў “выпусціць на крыло” Наталля Пасюк. У вачах юнакоў і дзяўчат чытаўся пэўны сум, што хутка давядзецца развітацца з роднай школай. У планах выпускніцы Ганны Фісенкінай – скончыць яе з залатым медалём, паступіць у медыцынскі ўніверсітэт у Віцебску або Гомелі, але не забываць пры гэтым пра малую радзіму.
Не менш за вучняў хваляваліся і тыя, хто ўпершыню прысутнічаў на лінейцы ў якасці настаўнікаў. Малады спецыяліст Вікторыя Брэзіна, якая скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, будзе выкладаць у Ленінскай адзінаццацігодцы рускую мову і літаратуру. Яна прызналася, што першы працоўны навучальны год пачынае з невялікім хваляваннем і надзеяй на тое, што ў яе ўсё атрымаецца. Добразычлівыя стасункі з калегамі ўжо наладжаны, калектыў установы прыняў маладога спецыяліста вельмі цёпла і прыветліва. “Застаецца, – дадала Вікторыя Сяргееўна, – пасябраваць з вучнямі, у якіх буду выкладаць, улюбіць іх у свае прадметы”.
…Прагучаў першы школьны званок, і навучэнцы накіраваліся ў адрамантаваныя светлыя кабінеты на першы ўрок “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”, прысвечаны Году малой радзімы.
Для ганаровых гасцей кіраўнік установы Ірына Гурская правяла экскурсію, падчас якой яны пазнаёміліся з умовамі навучання 266 школьнікаў, а таксама наведалі сталовую і спартыўную залу, дзе настаўнікі падзяліліся дасягненнямі сваіх выхаванцаў.
Зазірнулі прадстаўнікі абласной і раённай улады і ў актавую залу, дзе праходзілі заняткі ў адзінаццаці-класнікаў, для якіх у той дзень прагучаў апошні першы школьны званок, і ў кабінет да першакласнікаў, якім старшыня абл-выканкама ўручыў падарунак ад Прэзідэнта краіны –
кнігі “Беларусь –
наша Радзіма”. Анатоль Васільевіч цёпла пагутарыў з хлопчыкамі і дзяў-чынкамі і пажадаў ім стараннай вучобы.
Кіраўнік вобласці адзначыў у інтэрв’ю журналістам, што, на яго погляд, галоўнае, каб дзеці атрымлівалі ва ўстановах адукацыі трывалыя веды. Таксама вялікую ўвагу неабходна ўдзяліць здароўю школьнікаў, навучыць іх правілам бяспечных паводзінаў у школе, дома і на вуліцы. І яшчэ адна важная задача – падрыхтоўка старшакласнікаў да самастойнага жыцця. З гэтай мэтай, акрамя праводзімай прафарыентацыйнай работы, у дзясятых класах уводзіцца дысцыпліна “Працоўнае навучанне”.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі дапоўніў, што ў старшакласнікаў, якія сёлета будуць займацца не ў профільных, а ў базавых класах, з’явіцца магчымасць нароўні з дакументам аб адукацыі атрымаць дакумент аб першай прафесіі, што дазволіць юнакам і дзяўчатам лягчэй сацыялізавацца і знайсці першае месца працы.
А пакуль у іх наперадзе вучоба: урачыстая лінейка распачала новы навучальны год. Плёну і поспехаў настаўнікам і вучням! У добры шлях!

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*