Бяспека на дарозе каштуе вельмі многа

Бяспека на дарозе каштуе вельмі многа

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Гэтая простая, але надзвычай жыццёвая думка стала лейтматывам сустрэчы, якая ладзілася 27 жніўня ў Дзяржаўтаінспекцыі. Бо кожнаму разважліваму чалавеку зразумела: падзеі на дарозе могуць прывесці да бяды, і расплачвацца тады за бесклапотнасць давядзецца не толькі разбітымі транспартнымі сродкамі, але нават паламанымі лёсамі. У сотні разоў больш прыкра, калі пагроза падсцерагае дзяцей.

МЕНАВІТА ПАГЭТАМУ галоўнымі слухачамі заняткаў, якія праводзілі супрацоўнікі ДАІ сумесна з народнымі дружыннікамі, сталі не проста кіроўцы, але тыя, каму даверана штодня на школьных аўтобусах перавозіць нашых дзяцей да месца вучобы і назад дамоў. Час таксама быў выбраны невыпадковы: заставаліся лічаныя дні да званка, што абвесціць пачатак новага навучальнага года, а таму патрабавалася не толькі праінструктаваць вадзіцеляў, але й праверыць спраўнасць і ўкамплектаванасць іх аўтобусаў, наяўнасць патрэбнай дакументацыі, без чаго нельга выпраўляцца ў такія адказныя рэйсы.
Сустрэча, аднак, пачалася з прыемнай афіцыйнай часткі. За добрасумленную працу, скіраваную на карысць спакойнага жыцця грамадзян, паводле рашэння раённага аддзела ўнутраных спраў сёлета прэміяй былі адзначаны найбольш актыўныя дружыннікі – добраахвотныя памочнікі ДАІ.
Пры гэтым намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС Яўген Самускевіч, якому выпала прыемная місія павіншаваць актывістаў, з задавальненнем прамовіў:
– Сярод нас, можна сказаць, калегі. Не, яны не носяць міліцэйскай формы, але столькі карыснага зрабілі, каб парадак захоўваўся на жабінкаўскіх вуліцах і дарогах, што без перабольшвання называю іх менавіта так – нашы калегі. Гэта шматгадовы кіраўнік народнай дружыны (узначальвае яе вось ужо 21 год) Уладзімір Іванавіч Верацёлка і адзін з найбольш актыўных сяброў добраахвотнай арганізацыі Яўген Уладзіміравіч Смалюк.
(Дарэчы, паміж радкамі заўважым: сёлета апошні выступіў і ў зусім не характэрнай для яго ролі. У самым прамым сэнсе: Яўгена Смалюка запрасілі на здымкі фільма, прысвечанага стагоддзю міліцыі Беларусі. У паўсядзённым жыцці Яўгену Уладзіміравічу найчасцей даводзіцца ўдзельнічаць у затрыманні парушальнікаў, а на экране яго самога можна пабачыць у ролі таго, хто не ў ладах з законам).
НЕПАСРЭДНА ПАДЧАС заняткаў узнімаліся вельмі сур’ёзныя пытанні. Кіраўнік АДАІ Жабінкаўскага РАУС Сяргей Пятручык заклікаў быць надзвычай адказнымі на дарогах, “дзе толькі ра-
зам мы можам супрацьстаяць няпростаму становішчу”, зноў нагадаў, што да 5 верасня ў раёне праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – дзеці!”.
Аб тым, што становішча сапраўды няпростае, сведчыць несуцяшальная, на жаль, статыстыка. Так, за апошнія сем месяцаў на Брэстчыне адбыліся 283 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх загінула 47 і паранена больш за тры сотні чалавек. У 28 выпадках вінаватымі ў аварыях аказаліся нецвярозыя вадзіцелі.
Усплеск няшчасных выпадкаў на дарозе, па словах Сяргея Мікалаевіча, назіраецца і на Жабінкаўшчыне. На канец жніўня ў раёне зарэгістравана дзевяць ДТЗ (што значна болей, чым летась за такі самы перыяд). Аднак найбольш балюча, што кожнае здарэнне прыводзіла да ахвяр: чацвёра загінулі, яшчэ дзявяцера атрымалі пашкоджанні рознай ступені цяжкасці.
Жывым атрымаўся і далейшы працяг размовы, якую вёў начальнік добраахвотнай дружыны Уладзімір Верацёлка. Уладзімір Іванавіч нагадаў вадзіцелям школьных аўтобусаў заканадаўчыя дакументы, якімі патрэбна карыстацца; расказаў аб патрабаваннях да тэхнічнага стану сродкаў; заклікаў да выключнай увагі пры перавозках вучняў, асабліва папрасіў:
– Ні на імгненне не забывайцеся, што ў руках вашых самае дарагое – нашы дзеці. Заставайцеся чалавечнымі пры любых абставінах, каб ніколі не давялося зведаць боль і расчараванне.
Безумоўна, не зусім утульна было тым кіроўцам, чые імёны прагучалі як парушальнікаў дарожнага руху, што панеслі адміністрацыйныя пака-ранні за хуткасць на дарозе. Цікавымі былі і спасылкі на замежны вопыт. Прыкладам, згадвалася пра тое, наколькі клапоцяцца пра непаўналетніх на канадскіх дарогах. Строгасці такія, што ніякае аўто не мае права рухацца, пакуль не ад’едзе школьны аўтобус, з якога выходзяць дзеці.
Чырвонай ніццю праз усю сустрэчу пралягала яшчэ адна важная думка. Яе не стамляюцца паўтараць інспектары ДАІ: бывае, што бяду магчыма папярэдзіць. Аднак дзеля гэтага патрэбна аб’яднаць намаганні ўсіх сумленных грамадзян.
– Не саромцеся патэлефанаваць на нумар 102, каб паведаміць пра факты парушэнняў правілаў дарожнага руху, пра вадзіцеля, што паводзіць сябе не зусім адэкватна, – заклікаюць супрацоўнікі дарожнай міліцыі. – Гэтым самым вы можаце папярэдзіць бяду, якую ніхто не чакае. Разу-мейце, што на месцы патэнцыяльных ахвяр могуць апынуцца і вашы родныя, знаёмыя – тыя, хто для вас неабыякавыя і блізкія.
На здымках: у час праверкі гатоўнасці школьных аўтобусаў у ДАІ; намеснік начальніка РАУС Яўген САМУСКЕВІЧ віншуе найстарэйшага дружынніка Уладзіміра ВЕРАЦЁЛКУ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*