Дораць цяпло, камфорт і ўтульнасць

Дораць цяпло, камфорт і ўтульнасць

Пра тое, чым жыве Жабінкаўскі раён газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення “Брэстгаз”, гутарка з яго кіраўніком Яўгенам Кукашуком.

– Яўген Мікалаевіч, якія задачы стаяць перад калектывам, што вы ўзначальваеце?
– У першую чаргу – гэта бесперабойнае і безаварыйнае функцыянаванне газатранспартнай сістэмы ў горадзе і раёне. Для гэтага мы падтрымліваем усю сістэму ў тэхнічна спраўным стане, праводзім тэхнічнае абслугоўванне газавых сетак і абсталявання, а таксама займаемся прафілактычным рамонтам і абслугоўваннем, бягучым рамонтам газаправода, газарэгулятарных пунктаў, унутрыдамовага газавага абсталявання жылых дамоў і заменай на новае, больш сучаснае.
– Якія лічбы сведчаць аб вашым сацыяльна-эканамічным развіцці?
– Памятаю, калі я ўзначаліў калектыў дзевяць гадоў таму, працягласць знешніх газаправодаў была ўдвая меншая, а цяпер яна вымяраецца 388 кіламетрамі. На 2600 абанентаў вырасла і колькасць карыстальнікаў блакітнага паліва. Цяпер 8701 абанент мае ў сваім жыллі прыроднае паліва, яшчэ 3262 кватэры абсталяваны звадкаваным газам. Скажу, што наш раён газіфікаваны на 70 %, амаль да кожнага другога населенага пункта падве-дзены газаправод. Бадай, толькі жыхары аграгарадка Вялікія Якаўчыцы з нецярпеннем чакаюць прыходу ў іх дамы блакітнага паліва. Зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, і пры падтрымцы рэспубліканскага бюджэту, спадзяемся, у 2019 годзе прыродны газ будзе падведзены і ў хаты якаўчукоў.
Сёлета мы перавялі са звадкаванага газу на прыродны восем кватэр (з іх сем – у вёсках), 19 кватэр абсталявалі прыборамі ўліку ўласнымі сіламі пад-раздзялення. За першае паўгоддзе абслужылі 1511 адзінак замежнага газавага абсталявання, правялі тэхабслугоўванне 1823 адзінак, 260 маральна састарэлых увогуле замянілі. Пры гэтым выканалі заданне з пачатку года па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў – 6,5 % пры плане 3,2 %.
– Газ у кватэры – гэта цяпло, камфорт і ўтульнасць. Аднак ці ўсе абаненты гатовы своечасова за яго плаціць?
– У любой працы ёсць свая “лыжка дзёгцю”. Неплацельшчыкі – гэта галаўны боль. Крайняя мера – адключэнне паліва – прымяняецца не так часта, асабліва калі ў сем’ях абанентаў маленькія дзеці. Папярэджваем зацікаўленыя службы – аддзел па адукацыі райвыканкама, напрыклад, што бацькі некалькі месяцаў не плацяць за спажытае паліва і запазычанасць расце. Як правіла, такіх мер дастаткова. А на самых упартых шукаем “управу” ў судзе – зараз там знаходзіцца на разглядзе каля 20 спраў. Яшчэ праблема – замена маральна састарэлых газавых пліт і ацяпляльных катлоў. Іх тэрмін эксплуатацыі, як правіла, 20 гадоў, аднак некаторыя спажыўцы не спяшаюцца замяняць на новыя. У выніку плацяць у некалькі разоў больш, асабліва ў зімовы перыяд. Тыя ж, хто прыслухоўваюцца да нашых парад, потым адзначаюць: а новы “Арыстон” (“Імэргаз”, “Медыум”, “Альфа-Калор” і інш.), аказваецца, можа абагрэць дом 300 кубамі газу ў месяц зімой, а не тысячай, як яго стары папярэднік…
– Усе гэтыя работы кладуцца на плечы вашых супрацоўнікаў. Хто яны, прафесіяналы сваёй справы, якімі ганарыцца калектыў?
– З задавальненнем назаву іх прозвішчы. Гэта старшы майстар Наталля Масалава, аператар ПВМ Алена Лузяніна, слесары па абслугоўванні і рамонце газавыкарыстоўваючага абсталявання Сяргей Гацкевіч, слесар аварыйна-аднаўленчых работ Уладзімір Мухамядзіеў, вядучы бухгалтар Раіса Хцей, слесар па абслугоўванні і рамонце вонкавага газаправода Віктар Філіманюк і яго брат Анатоль, а таксама Валянцін Лучко і Генадзь Муха. Прафесіяналізму і вопыту ім не займаць. Дарэчы, на апошнім конкурсе прафесійнага майстэрства на званне “Лепшае звяно па абслугоўванні і рамонце ўнутрыдамовага газавага абсталявання” наша каманда заняла другое месца. Гонар Жабінкі абаранялі старшы майстар Наталля Масалава, слесары Аляксандр Кудраўцаў і Аляксандр Асонаў.
А ў абласным конкурсе на лепшае звяно па рамонце вонкавых газаправодаў дзякуючы прафесіяналізму Аляксея Шуляка мы сталі другімі на Брэстчыне.
Увогуле, лічу, наш калектыў, які налічвае 54 чалавекі, дружны, згуртаваны. Тут усе на сваіх месцах – ад кіраўніка да абслуговага персаналу. Дарэчы, хочацца сказаць асаблівы дзякуй за клопат і шчырую працу Аксане Парукавай, якая наводзіць парадак і чысціню ў кабінетах, а таксама даглядае кветнікі ля адміністрацыйнага будынка.
Усе работнікі маюць таленты і з радасцю ў вольны ад работы час іх раскрываюць. Прыгаданая мной Аксана Парукава, напрыклад, стала суддзёй спаборніцтваў па рыбнай лоўлі, дзе мы і зімой, і летам займалі прызавыя месцы на абласным узроўні. Нашы работнікі з задавальненнем спяваюць і танцуюць у мастацкай самадзейнасці. Лічу, гэта здорава: не адной толькі працай жыве чалавек.
– Яўген Мікалаевіч, не будзем забываць пра тое, што наперадзе ў вас прафесійнае свята. Што б вы хацелі пажадаць калегам напярэдадні яго?
– Хочацца павіншаваць з надыхо-дзячым святам не толькі паважаных работнікаў і ветэранаў нашай галіны. Варта ўзгадаць кіраўнікоў, якія да майго прыходу ў 2009 годзе сваёй працай стваралі гісторыю Жабінкаўскага раёна газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення “Брэстгаз”. Гэта Іван Кахавец, Валянцін Лучко, Анатоль Бакей, Валянцін Шэйда. Хоць дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці, на першы погляд, выключна наша прафесійнае свята, але яно тычыцца ўсіх, на чыёй кухні сінім бутонам распускаецца газ. У супрацоўніцтве са спажыўцамі мы ўпэўнены, што такі звыклы і зручны від паліва не будзе расходавацца ўпустую і прынясе людзям толькі карысць.
– Што ж, дзякуй за размову.
Інтэрв’ю правяла Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

 

На здымках: слесары Валянцін ЛУЧКО, Аляксандр КУДРАЎЦАЎ і Генадзь МУХА; начальнік Яўген КУКАШУК і старшы майстар Наталля МАСАЛАВА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*