Дыялог праз гады, праз вякі

Дыялог праз гады, праз вякі

Спрадвеку людзі імкнуліся зазірнуць у глыб вякоў, бліжэй да родных каранёў. Так здарылася і на гэты раз. У рукі кандыдата гістарычных навук, дацэнта Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Вольгі Папко трапіў дакумент аб цяжбе яе продка з панам. Захацелася даведацца, чым скончылася справа. “Закапаўшыся” ў архіўныя дакументы, Вольга Мікалаеўна адкрыла для сябе вялікі пласт старажытнага роду Дзяконскіх, які жыў на нашых землях. Так з’явілася навуковая манаграфія “Род Дзяконскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХІХ-ХХ стагоддзях”.
Кніга мела добры водгук, вельмі хутка разышлася, адшукаліся новыя факты з жыцця герояў. Гэта змусіла аўтара перавыдаць яе сёлета. Выданне дапоўніла тэкстам і здымкамі. Пра гэта гаварыла аўтар на прэзентацыі 17 снежня ў раённай бібліятэцы. Хораша аповед дапоўніў фільм, зняты Міколам Пракаповічам пра даследчыцу і род Дзяконскіх, якім яна цікавіцца.
Многія з прысутных былі шаноўнага ўзросту, і добра ўяўлялі сабе тыя векавыя дубы ў Пятровічах, на фоне якіх у 1925 годзе сфатаграфаваліся госці Вацлава і Марыі Дзяконскіх, і маёнтак паноў Бяртольдзі ў Азятах Каралеўскіх… Нярэдка аповед Вольгі Папко ператвараўся ў дыялог. Асабліва часта брала ўдзел у гаворцы Марыя Міхайлаўна Грыцук, якая змалку, яшчэ з 1930-ых гадоў, памятае азяцкія мясціны.
Самы знакаміты ў родзе Дзяконскіх быў, канечне, Альбін Міхал — паэт, што нарадзіўся 11 мая 1892 года ў Пятровічах. Лёс яго аказаўся трагічным: пісьменнік загінуў напярэдадні вайны. Пісаў па-польску, і сягоння малавядомы на радзіме. 2012 год — юбілейны для А.М.Дзяконскага, да 120-годдзя першага паэта, народжанага на Жабінкаўшчыне, мяркуецца правесці вечарыну.
На заканчэнне прысутныя імпрэзы змаглі набыць кнігу Вольгі Папко з аўтографам аўтаркі.
Р.БЕНЗЯРУК.
На здымку: аўтограф ад Вольгі Мікалаеўны Папко.
Фота А.Бензерука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top