Чытачы “ажывілі” казку

Чытачы “ажывілі” казку


Няма, бадай, таго беларускага паэта, які б не напісаў хоць адной кніжкі для дзяцей. У Алеся Каско іх дзве. Казкі, сабраныя ў кнізе “Чыстага ўсё нячыстае баіцца”, — вынік ягоных сустрэч з таленавітымі народнымі казачніцамі роднай і іншых вёсак Берасцейшчыны. Яны прасякнуты мудрасцю і прастатою, душэўнасцю і дабрынёй беларускага народа. Але ёсць у іх і асуджэнне чалавечых заганаў, напрыклад, прагнасці, як у казцы “Два браты”. Праз сваю сквапнасць багаты брат за кавалак хлеба з салам пазбаўляе беднага брата зроку. Аднак перамагае справядлівасць: бедны і сляпы брат пачынае бачыць, а прагны і багаты робіцца сляпым.
Шчодры, спагадлівы, добры, працавіты чалавек, нават калі ён пройдзе праз пакуты, абавязкова будзе шчаслівы. Таму што дабро заўсёды перамагае зло, таму што “чыстага ўсё нячыстае баіцца”. Аднайменны з кнігаю твор захапляе сюжэтам, і галоўныя яго персанажы — дзеці, дзве дзяўчынкі, якія воляю ліхой мачахі трапілі пад выпрабаванне да хітрага і жорсткага нячысціка. Казку “Чыстага ўсё нячыстае баіцца” чытачы нашай бібліятэкі “ажывілі”: падрыхтавалі пастаноўку. З ролямі цудоўна справіліся Дзіма Марковіч (бацька), Віка Войцік (мачаха), Вадзім Ятчанка (чорт), Аня Андрасюк (бацькава дачка; дарэчы, ёй давялося і спяваць), Наташа Волк (дачка мачахі). Юныя акцёры вельмі хваляваліся, але ўсё атрымалася добра. За што ім падзякаваў сам аўтар. Ён пахваліў і за касцюмы герояў, і за іх выразную мову. А першымі гледачамі спектакля былі шасцікласнікі гарадской школы №1.
Потым вядучая ранішніка, метадыст бібліятэкі Лілія Анатольеўна Ятчанка адзначыла, што ў шаноўнага госця ёсць не толькі казкі для дзяцей, а яшчэ і вершы для іх, многія з якіх змешчаны ў зборніку “Два сонцы”. Дарэчы, тут ёсць і вершаваныя казкі. З любоўю і ўсмешкай піша аўтар пра дзяцей, пра іх учынкі і паводзіны, пра цудоўны свет прыроды, што акаляе іх. Каб малы чытач прыгожа і правільна размаўляў, паэт прапаноўвае свае вымаўлянкі.
Лілія Анатольеўна падкрэсліла, што паэт, які піша для дзяцей, — абавязкова і педагог ад прыроды. Ён памятае, для каго піша, ведае, што ў такіх творах не павінна быць аніводнай фальшывай ноткі. Дасягнуць гэтага цяжка, аднак жа пісаць для дзяцей цяжка ўвогуле — нашмат цяжэй, чым для дарослых!


Алесь Каско заўсёды дапамагае паэтам-пачаткоўцам. Рэдагуе вершы, спрыяе надрукаваць іх. Пры дзіцячай бібліятэцы працуе літаратурная студыя “Вестка”, дзе збіраюцца хлопчыкі і дзяўчынкі, што спрабуюць пісаць вершы, казкі, апавяданні. Паэт з вялікай цярплівасцю слухае або чытае напісанае імі, далікатна і шчыра дапамагае аўтару зразумець ягоныя памылкі. Ад самага пачатку студыю наведвае Насця Сідорка, цяпер ужо дзевяцікласніца. Гэта вельмі таленавітая дзяўчына: яна яшчэ і малюе, і займаецца музыкай, спявае ў царкоўным хоры. Насця таксама прыйшла ў гэты дзень у бібліятэку і падарыла свайму творчаму настаўніку новы верш, яму прысвечаны, чым узрушыла Алеся Канстанцінавіча і прыемна здзівіла ўзрослым майстэрствам.
Напрыканцы ранішніка госць сказаў некалькі слоў пра ўласнае дзяцінства, пра першыя свае вершы, пазнаёміў з некаторымі з іх. Нам, бібліятэкарам, прыемна было атрымаць падзяку за мерапрыемства, за добрую падрыхтоўку. Спадзяемся, што такія сустрэчы і надалей будуць адбывацца ў дзіцячай бібліятэцы, бо чытачам заўсёды цікава сустрэцца з аўтарам, а тым болей, калі ён твой зямляк, жыве і працуе побач.
Т.РАМАНАВА, бібліятэкар раённай дзіцячай бібліятэкі.
На здымках: сцэны з пастаноўкі “Чыстага ўсё нячыстае баіцца”.
Фота А.Ганчука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top