Сваёй зямлі прызнанні ў любові

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Сем дзясяткаў гадоў мінула з тае пары, як на абшарах сённяшняга адкрытага акцыянернага таварыства “Мацеевічы” былі арганізаваны першыя калектыўныя гаспадаркі.
За доўгі час пройдзены вялікі шлях некалькімі пакаленнямі вяскоўцаў, якія на гэтай зямлі здаўна ўмелі шчыра працаваць і неаднойчы прызнаваліся ў любові да яе.

Іх выбраў час

МЕНАВІТА ТАДЫ, у жнівеньскія дні 1948 года, сяляне вёскі Грыцэвічы сышліся на агульны сход, каб абагуліць свае зямельныя надзелы ды маёмасць, жыць “разам, у дружнай калгаснай сям’і”, стварыўшы сельгасарцель імя Куйбышава. Таму менавіта гэты год лічыцца пачаткам калектывізацыі земляў ААТ “Мацеевічы”. Хоць не будзем забывацца і на такі факт: сённяшняя гаспадарка, аб’яднаная ў 2011-м з СВК “Надзея-Агра” (з цэнтрам у Крыўлянах), можа пачынаць адлік сваёй гісторыі і з вясны сорак першага, калі за некалькі месяцаў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны на крыўлянскіх палетках стварыўся калгас “Бальшавік”.
Але ж сапраўднае развіццё новага ладу ўсё ж назіралася толькі пасля вызвалення краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Практычна ў кожнай вёсачцы тады ствараўся свой калгас або арцель. У хуткім часе сяляне з Вялікіх Сяхновічаў і Кардоў, Багноў і Новых Двораў, Баляўшчыны і Семенаўцоў аб’ядналіся ў гаспадаркі “30 гадоў Савецкай Арміі”, “Авангард”, “Шлях сацыялізму” ды іншыя. Самі Мацеевічы сталі цэнтрам калгаса “1 Мая”, які ўзначаліў Лука Аляксандравіч Скачыкоўскі.
Вядома, не людзі часы выбіраюць, а зусім наадварот.
Пра тое, як прыходзіла калектывізацыя ў роднай вёсцы згадвае нявестка былога першага старшыні Любоў Скачыкоўская, што дасюль жыве з мужам Леанідам Лукічом у бацькоўскім доме на вуліцы Цэнтральнай. Яна нарадзілася ў Мацеевічах яшчэ да вайны, у 1940-м, на Дабравешчанне. У 60-я – 70-я гады Любоў Цімафееўна працавала бібліятэкарам, а затым, да самай пенсіі, разам з мужам – на кардоўскай ферме.
Старажылы памятаюць часы, калі ў краі ствараліся пасляваенныя гаспадаркі, з любасцю гавораць пра далёкія дні сваёй маладосці, не-не ды пачынаюць параўноўваць сённяшні дзень з мінулым:
– Зямлю ў нашых Мацеевічах любілі спрадвеку абрабляць. Працавіты народ і адпачываць умеў з агеньчыкам. Столькі песень гучала, як вечар надыходзіў, а якія святы моладзь ладзіла! А як ранак прыйдзе – зноў у поле альбо на ферму з юначым запалам спяшаешся. Ну, і шчыравалі, адпаведна, на працягу ўсяго года не пакладаючы рук. Гэтак і жыццё ішло сваім парадкам. Цяпер, канечне, многае не так. Жыць сталі больш заможна, амаль як гарадскія, асабліва пасля таго, як некалькі гадоў таму ў аграгарадок прыйшоў прыродны газ. Часам ужо і не адрозніш вясковыя дамы ад гарадскіх. Толькі ўсё роўна ёсць настальгія па мінулым, дзе засталася маладосць…

Пра калгасныя “запаветы”

А ЎСПАМІНЫ МІЖВОЛІ пераносяць у сярэдзіну мінулага веку. У 1950–1951 гадах адбывалася ўзбуйненне дробных гаспадарак, у выніку стварылася адзіная – імя Куйбышава.
– На агульным сходзе вяскоўцы выказалі давер узначаліць аб’яднаны калгас майму будучаму свёкру, – згадвае Любоў Цімафееўна. – Чаму менавіта яго абралі? Меў ужо “першамайскі” вопыт за плячыма, да таго ж Лука Аляксандравіч быў мужчына мажны, парцейны (на гэта раней абавязкова зважалі), акрамя таго – франтавік, які зведаў і фашысцкі палон. Адным словам, шмат перажыў. Такі старшыня быў патрэбны вялікай гаспадарцы.
У няпростае пасляваеннае дзесяцігоддзе надзвычай востра на Жабінкаўшчыне стаяла праблема жытла і рамонту гаспадарчых пабудоў, знішчаных акупантамі за тыя тры гады, пакуль яны “гаспадарылі” на нашай зямлі. Калгаснікі з Мацеевічаў і наваколляў рабілі дзейсны ўнёсак ў аднаўленне, неаднойчы называліся ў ліку лепшых на нарыхтоўцы і вывазе лесу, які патрабаваўся для будаўніцтва.
Яшчэ ў 1949 годзе на двух гектарах зямлі ў калгасе быў закладзены фруктовы сад. Гаспадарка пад кіраўніцтвам Лукі Скачыкоўскага нязменна датэрмінова выконвала планы паставак бульбы дзяржаве, заносілася на раённую Дошку гонару і за паспяховае правядзенне жніва азімых. Актыўна займаліся вяскоўцы таксама льнаводствам.
Аднак галоўным заўсёды заставалася выкананне “першага запавету”, які гучаў надзвычай лаканічна і выразна: “Хлеб дзяржаве – датэрмінова!” Пра тое паведамляла і тагачасная прэса: “У першых шэрагах па здачы хлеба Радзіме – калгаснікі сельгасарцелі імя Куйбышава. Макасюк Васіль Лявонцьевіч здаў звыш абавязацельства 125 кг першасортнага зерня, Станіслаў Закрэўскі – 159”.
І такія вынікі адзначаліся па многіх паказчыках.

Гонар быць лепшымі

КОЖНЫ ЧАС ВЫЛУЧАЕ сваіх герояў. Гонар быць лепшымі па-дзяляюць выдатныя прадстаўнікі не аднаго ўжо пакалення працаўнікоў гаспадаркі.
Дасюль у акцыянерным таварыстве з удзячнасцю згадваюць імёны перадавых даярак Ганны Дзяркач і Таццяны Юрчук. І ва ўмовах нялёгкай працы, якая заставалася мала механізаванай, жанчыны-працаўніцы вызначаліся сваімі справамі. Не заставілі вяскоўцаў чакаць і ўрадавыя ўзнагароды. Так, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ўпрыгожыў грудзі трактарыста Уладзіміра Навумука, кавалерам “Знака Пашаны” станавіліся свінарка Марыя Волк і даярка Праскоўя Аксюцік.
Згадваючы перадавікоў, Любоў Скачыкоўская пералічвае таксама імёны трактарыстаў Івана Волка, Міхаіла Андрасюка, што з маленства прысвяцілі сябе роднай гаспадарцы.
– Здаўна славяцца Мацеевічы і працоўнымі дынастыямі, – працягвае Любоў Цімафееўна свой летапіс ААТ “Мацеевічы”. – Напрыклад, аддана шчыравалі на гэтай зямлі механізатары Леўчукі – бацька Мікалай Пятровіч (зараз ён на пенсіі, але па-ранейшаму ў працоўным страі) ды ягоны сын Аляксандр. Сямейны экіпаж заўсёды быў у ліку найлепшых не толькі ў гаспадарцы, але й ва ўсім раёне. Доўгі час фермай загадвала іх жонка і маці Крысціна Мар’янаўна.
Аднак не толькі сваімі земляробамі ды жывёлаводамі ганарыцца-славіцца мацеевіцкая зямля. Адсюль – жыццёвыя вытокі шматлікіх выдатных асоб. У ліку тутэйшых нараджэнцаў, нагадвае карэнная жыхарка, – былы міністр сувязі Беларусі Іван Міхайлавіч Грыцук, дырэктар Бярозаўскай ГРЭС Іван Уладзіміравіч Баярчук, колішні начальнік аддзела спецыяльных перавозак Міністэрства шляхоў зносін Расійскай Федэрацыі Віктар Мікітавіч Андрасюк. У Мацеевічах прыйшлі на свет таксама Іван Іванавіч Пацяйчук, які працаваў юрыстам у Маскве, ды Сцяпан Лукіч Волк – кавалер ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалёў Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, лаўрэат Дзяржпрэміі Савецкага Саюза, заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь.

Як прызнацца зямлі ў любові?

НА ПАМЕЖЖЫ 60-х – 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў калгасе шмат разоў мянялася кіраўніцтва. Гэта не спрыяла развіццю агульнай справы. Бо вядома – ад кіраўніка вельмі многае залежыць.
Прыкметныя змены пачаліся, калі пасля Сцяпана Пракопавіча Клімука, які на доўгія гады ўзначаліў мясцовую школу-васьмігодку, на пасаду старшыні калгаса імя Куйбышава прыйшоў вельмі малады, але надзвычай энергічны і адукаваны Уладзімір Цупа. Новаму старшыні было ўсяго 24, а ў ягоным няўрымслівым характары ўжо меліся рысы сапраўды ініцыятыўнага кіраўніка, падрыхтаванага да новых формаў вя-дзення гаспадаркі. За тыя восем гадоў, што Уладзімір Паўлавіч узначальваў калгас, гаспадарка настолькі прыкметна ўзнялася, што й цяпер старыя людзі не-не ды скажуць:
– А пры Цупу жыць стала лепш! –
настолькі блізкімі для сябе лічыў патрэбы кожнага калгасніка новы старшыня.
За сваю працу ў 1973-м ён атрымаў ордэн “Знак Пашаны”. Такая ж узнагарода ўпрыгожыла ў хуткасці і грудзі аднаго з ягоных наступнікаў – Валерыя Парафенюка.
Тыя амаль тры дзясяткі гадоў (з канца 1981-га па сакавік 2010-га), калі калгас імя Куйбышава (пазней – СВК “Маціевічы”) узначальваў Валерый Уласавіч, складаюць асобную старонку гісторыі гаспадаркі.
Парафянюк запомніўся найперш як чалавек справы, які хоць і цаніў навукі, ды заўжды лічыў, што веды ведамі, але галоўнае ў сельскай гаспадарцы ўсё ж вопыт, практыка.
Вяскоўцы назіралі за Валерыем Уласавічам і самі міжволі цягнуліся да працы. Старшыня ведаў, здаецца, усё, чым жыве гаспадарка. У любы момант мог дапамагчы і механізатару, і паляводу. У самым прамым сэнсе слова. Як надыходзіла жніво, сам сядаў ад самага ранку і да вечаровых зор за руль камбайна і ўбіраў поруч са сваімі працаўнікамі збажыну. Яшчэ адно добрае памкненне Валерый Уласавіч перадаваў сваім падначаленым: калі хочаце багацець, адносьцеся да калгаснага дабра як да свайго. Таму й не зналі сяляне спачыну ад зімы і да зімы. Вынік таксама быў. Шмат разоў у калгасе імя Куйбышава збіралі зерня больш, чым у іншых гаспадарках Жабінкаўшчыны.
Сённяшняе пакаленне працаўнікоў ААТ “Мацеевічы” пад кіраўніцтвам Мікалая Іванавіча Кавальчыка – прадаўжальнікі традыцый, што закладзены іх папярэднікамі за доўгія і часам вельмі няпростыя семдзясят гадоў існавання гаспадаркі.
Тут ведаюць: каб атрымаць вялікую аддачу ад зямлі, патрэбна быць гаспадаром на ёй ды адначасна – служыць ад ранку і – да ранку.
…Як жа зямлі сваёй прызнацца ў любові?
Працаўнікі ў Мацеевічах на гэтае пытанне даўно знайшлі адказ: патрэбна клапаціцца аб зямлі штодня, шчыруючы аддана. Тады яна аддзячыць спелым коласам, адметным ураджаем…

На здымках: Любоў СКАЧЫКОЎСКАЯ; Уладзімір ЦУПА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.