Год качества коснется и образования

Год качества коснется и образования

Якасныя веды — у Год якасці
З выступлення начальніка аддзела адукацыі С.М.Янусік на 17 сесіі раённага Савета дэпутатаў
Згодна з Дэкрэтам №15 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі” скараціўся тэрмін навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Сярэдняя школа стала адзінаццацігодкай, што дазволіла пазбавіцца ад некаторых накірункаў, якія сёння з’яўляюцца нясвоечасовымі. У першую чаргу гэта датычыцца былога імкнення да масавай рэалізацыі профільнага навучання. Змяніўся парадак вывучэння прадметаў: у школах ён вядзецца на базавым узроўні, у ліцэі — асобныя з іх на павышаным. Для вызначэння вучнямі сваіх здольнасцяў у пераходны перыяд быў выбраны найбольш аптымальны падыход — факультатыўныя заняткі. Быў аптымізаваны пералік вучэбных прадметаў, перапрацаваны тыповыя вучэбныя планы і праграмы, зменшаны аб’ём вучэбных нагрузак і інш. Дзякуючы прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, якія былі гатовыя да рэфармавання, арганізаванасці педагагічных калектываў, пераход на новыя ўмовы працы прайшоў спакойна.
Амаль кожны другі выпускнік — студэнт
Пераход на 11-гадовы тэрмін навучання не знізіў, а наадварот, дазволіў захаваць, а ў асобных выпадках і павысіць узровень падрыхтоўкі вучняў. Пра гэта сведчаць вынікі выпускных экзаменаў, колькасць выпускнікоў, якія атрымалі медалі і паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Так, летась 11 выпускнікоў базавых і сярэдніх школ атрымалі пасведчанні з адзнакай, 7 — узнагароджаны залатымі медалямі, 67 — пахвальнымі лістамі, што на парадак вышэй папярэдняга года. Выраслі і вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Сярод сельскіх раёнаў яны ў нашых школьнікаў лепшыя ў вобласці па гісторыі Беларусі, а ў беларускай мове, біялогіі і сусветнай гісторыі жабінкаўскія выпускнікі займаюць другую пазіцыю, у матэматыцы, хіміі і грамадазнаўстве — чацвёртую. І як вынік, — у ВНУ паступілі 45,8% адзінаццацікласнікаў, амаль кожны другі.
Далейшае развіццё атрымаў і алімпіядны рух. Толькі ў раённых алімпіядах прыняў удзел кожны чацвёрты вучань 3-11 класаў. У вобласці заваявана 8 дыпломаў. Для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай у склад абласной каманды ўключаны 6 школьнікаў з Жабінкаўскага раёна. Разам з тым, хвалююць стабільна нізкія вынікі нашых вучняў на абласных алімпіядах па англійскай і нямецкай мовах, астраноміі, інфарматыцы. Гэта стала прадметам сур’ёзнай размовы на савеце аддзела адукацыі.
6,4 — сярэдні бал
Пытанне якасці ведаў было і застаецца асноўным. Дзесяцібальная сістэма ацэнкі істотна змяніла сітуацыю з непаспяховасцю вучняў. Маніторынг якасці навучання ў 2009 годзе паказвае станоўчую дынаміку ў дзевяці прадметах ва ўсіх класах і школах. Сярэдні бал навучання ў раёне 6,4, што па 0,3 больш, чым у 2008 годзе. Штогод скарачаецца колькасць вучняў, якія заканчваюць навучальны год з адзнакай 1 і 2, становіцца больш тых, хто атрымлівае 6-10 балаў.
Стабільна трывалыя веды ў дзяцей, якіх навучаюць В.А.Папковіч, А.К.Зубік, І.І.Паляшчук, Н.Ю.Пратасюк, З.І.Ярмашук, Л.М.Шэйка, К.Ф.Місіюк, Т.К.Федарук, С.М.Мамановіч, Н.Я.Нікалаюк, Т.Б.Сыч, В.В.Гарбацюк, А.К.Шыла. Станоўчая дынаміка якасці навучання і паказчык вышэй раённага ў ліцэі, СШ №1 і СШ №3. Разам з тым, не дасягаюць якаснай шкалы ў Хмелеўскай і Якаўчыцкай СШ, Арэпіцкай школе-садзе.
Эксперымент: урок-факультатыў
У бягучым навучальным годзе 78,2% вучняў вывучалі асобныя прадметы на павышаным узроўні. Выпускнікі выбіралі факультатывы з улікам перспектывы паступлення ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы. Сёння ставіцца задача, каб факультатыў стаў асноўнай формай дыферэнцыяцыі навучання. Менавіта таму педагагічны калектыў ліцэя г.Жабінка вядзе эксперымент інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі рэалізацыі пераемнасці ў адукацыйнай сістэме” урок-факультатыў.
Факультатыўныя заняткі садзейнічаюць развіццю светапогляду вучняў, павышаюць інтарэс да таго ці іншага прадмета, умацоўваюць назапашаныя веды і стымулююць да іх удасканалення. Аднак неабходна ўлічваць, што факультатыўныя заняткі не павінны абцяжарваць дзяцей. Адзін вучань можа наведваць у залежнасці ад класа навучання абмежаваную колькасць факультатываў, ад 2 да 7 гадзін згодна з заявай бацькоў.
Усё пачынаецца з дзіцячага садка
Паспяховая работа агульнаадукацыйных устаноў немагчыма без якаснай арганізацыі дашкольнага навучання. Сетка дашкольных устаноў у раёне стабільная і на працягу апошніх гадоў не мяняецца. Адзін дзіцячы сад працуе з паглыбленай фізкультурна-аздараўленчай накіраванасцю, у двух — адкрытыя групы для малых з моўнымі парушэннямі, у трох — санаторныя. Забяспечанасць дашкольнікаў месцамі ў садках складае 88% (у горадзе — 86%, у вёсцы — 93%) пры нарматыве 85.
Грунтоўна вядзецца падрыхтоўка пяцігодак да школы ў дзіцячых садах. Летась усе такія дзеці наведвалі іх (у вобласці 78,9%).
За 2009 год ахопленасць дашкольнай адукацыяй павялічылася на 8%. Сёння больш запатрабаванымі сталі групы-яслі. У гарадскіх садах яны ўкамплектаваны на 130%. Таму застаецца актуальнай неабходнасць яшчэ адной сучаснай дашкольнай установы ў цэнтры горада.
Аддзел адукацыі патрабуе ад кіраўнікоў дашкольных устаноў шырокай растлумачальнай работы сярод бацькоў аб перавагах дашкольнага выхавання, асаблівую ўвагу надаючы праблемным сям’ям. Значную ролю ў станоўчым вырашэнні гэтай праблемы маглі б адыграць сельвыканкамы і працоўныя калектывы.
Субота — не выхадны
Пры пераходзе на 11-гадовы тэрмін навучання ўдалося аптымізаваць адукацыйны працэс, зняць перагрузку вучняў, узмацніць выхаваўчы і аздараўленчы эфект шостага школьнага дня, як гэтага і патрабуе Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №15. Занятасць вучняў рознымі формамі па заўрочнай дзейнасці складае 94,9%, у тым ліку работай гурткоў у школах — 53,2%. Да паслуг дзяцей раённы цэнтр пазашкольнай работы, станцыя дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, дзіцячая спартыўная школа. У іх займаецца 1027 школьнікаў (33,4%).
Рэалізуецца раённая праграма “Шосты школьны дзень”, якая прадугледжвае ўзаемадзеянне з усімі зацікаўленымі арганізацыямі. Гэтая работа вядзецца з улікам запатрабаванняў вучняў і іх бацькоў. У бягучым навучальным годзе ў суботу каля 15% вучняў занята ў школах, 21,4% — прымаюць удзел у культурна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых і турысцкіх мерапрыемствах. Пастаяннымі формамі арганізацыі вольнага часу на базе ўстаноў адукацыі ў шосты школьны дзень ахоплена 40% вучняў.
Ва ўстановах адукацыі раёна назапашаны станоўчы вопыт у арганізацыі шостага школьнага дня. Нягледзячы на гэта, ёсць неабходнасць у далейшым удасканаленні напрацовак. Аддзел адукацыі ставіць задачу, каб у кожнай школе была створана і рэалізавана ўласная комплексная праграма ў арганізацыі і змястоўнаму напаўненні шостага школьнага дня з улікам цеснага супрацоўніцтва з установамі сацыяльна-культурнай сферы, спецыфічных асаблівасцяў вучэбнай установы.
Злачыннасць і дзеці
Традыцыйныя месячнікі прафілактыкі, раённая алімпіяда прававых ведаў, тэматычныя інфармацыйныя і класныя гадзіны, сустрэчы з работнікамі праваахоўных органаў — уся гэтая сістэмная работа не дазваляе дапускаць рост злачыннасці сярод школьнікаў. У 2009 годзе ўдалось стабілізаваць абстаноўку ў гэтым накірунку, значна знізілася колькасць правапарушэнняў, якія здзейснілі школьнікі.
Аналіз паказвае, што усе злачынствы і правапарушэнні, як правіла, адбываюцца вечарам ці ў выхадныя дні. Павялічылася колькасць такіх, што ўчынілі дзеці, якім яшчэ не споўнілася 14 гадоў, г.зн. яны не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Трывожны факт: 21 вучня работнікі міліцыі затрымалі летась у нецвярозым стане. І тут асабліва востра паўстае пытанне аб ролі сям’і ў выхаванні дзяцей. Установы адукацыі імкнуцца да ўзаемадзеяння і партнёрства з бацькамі, што рэгулюецца раённай праграмай “Садружнасць”.
Ці будуць у школах медыяцэнтры?
Практычна ў кожнай установе адукацыі створаны, спрыяльныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей. У мінулым годзе на капітальны і бягучы рамонты зрасходавана з раённага і абласнога бюджэтаў 1536,4 млн.руб. Значна ўмацавана матэрыяльная база харчовых блокаў: заменена састарэлае тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, абноўлены кухонны і сталовы інвентар, набыты посуд і мэбля. Закупляецца аргтэхніка, спартыўны інвентар. З бюджэту раёна на адукацыю (без уліку капітальнага будаўніцтва) было накіравана 13756,5 млн.руб.
ХХІ стагоддзе дыктуе свае патрабаванні да матэрыяльна-тэхнічнай аснашчанасці вучэбных устаноў. У школах неабходна папоўніць рэактывамі і абсталяваннем кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі, працоўнага навучання. У цяперашні час востра стаіць праблема стварэння ў кожнай установе адукацыі рэсурсных ці медыяцэнтраў на базе школьных бібліятэк, што вызначана Дзяржаўнай праграмай “Развіццё агульнай сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2007-2010 г.г.”
Падрыхтавала С.МІКАЛАЕВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top