ААТ «Арэпічы» — 70 гадоў

ААТ «Арэпічы» — 70 гадоў

З гордай назвай “Перамога”

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Гэтыя дні юбілейныя для працаўнікоў ААТ “Арэпічы”. Мінула сем дзясяткаў гадоў з часу, як на поўначы Жабінкаўскага раёна тутэйшыя сяляне ўтварылі калектыўную арцель для сумеснай працы на зямлі.
Сённяшняе пакаленне арэпіцкіх земляробоў працягвае традыцыі сваіх папярэднікаў. Паспрабуем крыху зазірнуць у мінулае, каб пабачыць скуль вытокі сельскагаспадарчай арганізацыі, што некалі з гонарам насіла назву “Калгас “Перамога”.

ТРЫВАЛЫЯ ПАДМУРКІ былі закладзены ад самага ўзнікнення гаспадаркі, з пасляваенных часоў, калі ў Заходняй Беларусі паскорана праводзілася суцэльная калектывізацыя.
Калгаснае будаўніцтва развівалася надзвычай шпарка. Сельскагаспадарчыя арцелі ўзнікалі літаральна ў кожнай вёсцы. Калі ў студзені 1949-га іх налічвался на Жабінкаўшчыне сорак чатыры, дык у канцы года гэтая лічба падвоілася і працягвала расці. Сяляне тагачаснага Глыбокаўскага сельсавета, у складзе якога знаходзіліся надзелы сучаснага адкрытага акцыянернага таварыства “Арэпічы”, яшчэ летам 1948-га першымі ў раёне цалкам абагульнілі свае землі і хатнюю жывёлу, “уступіўшы на шлях новага калгаснага жыцця”. Створаныя гаспадаркі пераважна былі дробнымі, аб’ядноўвалі каля двух-трох дзясяткаў двароў у вёсках Вярхі і Налезнікі, Селішча і Палявая Рэчыца, Агароднікі ды Арэпічы. Такім чынам справы арэпіцкіх земляробоў былі прыкладам для тых, хто вагаўся, ці патрэбна ўступаць у калгас. Сумненні і нават страхі мелі падставы, бо нават пасля перамогі мірнае жыццё не адразу прыйшло ў наш край: часам па-зладзейску гучалі стрэлы тых, хто змагаўся супраць савецкай улады. Так, вялікую пагалоску пакінулі забойствы ў 1947 годзе старшыні калгаса ў Дзяменічах Леаніда Рахлея, камсамольскага сакратара Васіля Рака, кіраўніка Сакскага сельсавета Марфы Засімук, якую вяскоўцы за палымяную агітацыю калгаснага ладу празвалі Чырвонай Марфай.
Жыхары Арэпічаў і наваколляў не вагаліся. Улетку сорак восьмага яны сабраліся на сход і вырашылі стварыць агульную гаспадарку. Нездарма яна доўгі час насіла назву “Перамога”. “Пераможцы” і пазней нярэдка былі першымі ў калектыўнай працы, пра што сведчаць старыя дакументы ды падшыўкі раённай газеты.
ВОСЬ ПРА ШТО РАСКАЗВАЕ “Ленинский путь”. У 1949 годзе гаспадарка, якую ўзначальваў Мікалай Кірылавіч Кадлубовіч, упершыню патрапіла на раённую Дошку гонару. Калгаснікі з “Перамогі” датэрмінова выканалі план паставак бульбы дзяржаве. Свае паспяховыя справы яны прысвяцілі “дзясятай гадавіне ўз’яднання беларускага народа ў адзінай Беларускай Савецкай дзяржаве”.
Праца была нялёгкаю, амаль пазбаўленая механізацыі, тым больш важкім станавіліся справы рук “пераможцаў”. Яны вызначыліся і на жніве, працуючы на ўборачнай сярпамі, і на касавіцы. Асаблівы гонар выклікаў калгасны агарод. Пра тое расказваў летам 1949-га рахункавод гаспадаркі Іван Сарокін: “Добра выглядае грамадскі агарод у калгасе “Перамога”. Капуста, агуркі, памідоры і іншыя культуры цешаць вока калгасніка. Шмат працы прыклала тут агароднае звяно, якім кіруе Андрэй Галавейка. Яно па ўсіх правілах аграноміі апрацавала і ўгнаіла глебу, своечасова правяло пасадку ўсіх культур, ажыццяўляе надзейны нагляд за агародам. Усё гэта прыносіць свае плады”. У выніку прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі, агародніцтва і садаводства вымяраўся ў 27 тысяч рублёў. За гэтыя грошы закупілі сельгасмашыны, назвы некаторых гучаць зараз экзатычна: конскія граблі, касілка, льнамялка ды іншае.
СЯРОД ПЕРШЫХ КІРАЎНІКОЎ гаспадаркі асабліва хочацца прыгадаць чалавека па-сапраўднаму легендарнага – Пятра Антосенку, які нарадзіўся 120 гадоў таму, у 1898-м, пад Рагачовам, што на Магілёўшчыне. Яму выпала пражыць бурлівае жыццё. Пётр Прохаравіч быў удзельнікам Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе, Грама-дзянскай вайны, змагаўся з басмачамі ў Сярэдняй Азіі. А вясной 1940-га разам з сябрамі-трактарыстамі прыехаў на Жабінкаўшчыну, дзе ўзначаліў брыгаду на Жабінкаўскай машынна-трактарнай станцыі. У вайну зноў узяў у рукі зброю, змагаўся ў партызанскім атрадзе імя Чарнака, а пасля вызвалення вярнуўся на трактар. З вясны 1950-га па восень 1952 года Пётр Антосенка быў старшынёй калгаса ў Арэпічах, стаў кавалерам ордэна Чырвонага Сцяга, атрымліваў за мірную працу і свае вайсковыя справы шматлікія медалі.
Не абмінулі ўрадавыя ўзнагароды і перадавікоў вытворчасці гаспадаркі. Іх імёнамі дасюль ганарацца ў Арэпічах. Так, у 70-я – 80-я гады мінулага стагоддзя група калгаснікаў “Перамогі” была адзначана ордэнамі Працоўнай славы ІІІ ступені. Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга атрымалі свінарка Марыя Іванаўна Гаўрылковіч, трактарысты Уладзімір Міхайлавіч Будзько і Фёдар Сямёнавіч Ражкоў. Сярод кавалераў “Знака Пашаны” – старшыня калгаса Віктар Аляксандравіч Бакун, каваль Пётр Якімавіч Кавальчук, вадзіцель Мікалай Рыгоравіч Кавальчук, трактарыст Мікалай Дзмітрыевіч Шапятунка. Прыклад апошняга стаў падказкаю на жыццёвым шляху малодшаму брату, які ў маі 1969 года шчыра пісаў у “Сельскую праўду”: “Праз месяц я атрымаю атэстат сталасці. Дарогу ў жыццё ўжо выбраў даўно: буду працаваць у родным калгасе “Перамога”. Прафесія механізатара ў нас стала, можна сказаць, сямейнай. Больш за 20 гадоў працуе трактарыстам бацька. Два гады назад закончыў Арэпіцкую школу брат Мікалай. Ён таксама абрабляе палі, засявае іх. Так што ёсць з каго браць прыклад”.
І такіх працоўных дынастый у Арэпічах было нямала, бо клопат аб зямлі – справа сапраўды сямейная.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*