Падтрымка і апора патрэбны ўсім без выключэння

Падтрымка і апора патрэбны ўсім без выключэння

Алёна НІКАНЧУК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
У мінулую пятніцу, 10 жніўня, у гарадскім Доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 30-годдзю з дня ўтварэння грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”.
Да пачатку мерапрыемства яго госці маглі пазнаёміцца ў фае ГДК з выставай вырабаў наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На ёй былі прадстаўлены работы са скуры і гліны, бутэлькі і дошчачкі, зробленыя ў стылі дэкупаж, пашытыя наборы бялізны і ручнікі, іншыя вырабы. Свае работы на выставу – прыгожыя заколкі, а таксама плеценыя з газетных трубачак вазы, цукерніцы, ключніцы, іншыя рэчы – прадставіла жыхарка Жабінкі, сябра раённай арганізацыі інвалідаў Валянціна Гардзіенка.
І вось урачыстасць пачалася. На сцэну выйшла вядучая Яна Макасюк. Яна паведаміла, што сёлета грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства інвалідаў” адзначае сваё 30-годдзе. Рашэннем устаноўчай канферэнцыі арганізацыя была створана 8 ліпеня 1988 года. Яе мэтай з’яўляецца ажыццяўленне эфектыўных мер па забеспячэнні інвалідаў правамі, роўнымі з іншымі грамадзянамі. У цяперашні час Беларускае таварыства інвалідаў аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 55 тысяч чалавек. Наша дзяржава праводзіць мэтанакіраваную палітыку па аказанні падтрымкі грамадскаму аб’яднанню і іншым катэгорыям грамадзян, якія маюць патрэбу ў дапамозе.
Для прывітання ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства вядучая запрасіла да мікрафона старшыню райвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага. Дзмітрый Мікалаевіч павіншаваў прысутных з 30-годдзем утварэння арганізацыі і адзначыў, што яна аб’ядноўвае людзей, якія, нягледзячы на свае фізічныя асаблівасці і стан здароўя, імкнуцца рэалізавацца ў жыцці і вельмі таленавітыя. Гэта яшчэ раз пацвердзіла выстава работ, якую ўсе маглі бачыць у фае Дома культуры. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што задача дзяржавы і грамадства, усіх нас, усебакова падтрымліваць такіх людзей і аказваць ім дапамогу. Ён выказаў словы ўдзячнасці раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”, тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва за тое, што яны дапамагаюць людзям з асаблівасцямі раскрыць іх здольнасці і таленты, ствараюць умовы для іх развіцця і рэалізацыі. За актыўную грамадскую дзейнасць і ў сувязі з 30-годдзем з дня ўтварэння
ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Дзмітрый Гарадзецкі ўзнагародзіў Пісьмамі падзякі райвыканкама былога старшыню раённай арганізацыі інвалідаў Лідзію Варабей, старшыню Жабінкаўскай сельскай пярвічнай арганізацыі Георгія Селюкова і старшыню Зарэчанскай пярвічнай арганізацыі інвалідаў горада Жабінка Вікторыю Ліс.
Далей вядучая пазнаёміла прысутных з гісторыяй раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”, якая была створана ў 1989 годзе. Сёння яна налічвае больш за 300 чалавек. Так, вялікую ўвагу арганізацыя надае пытанням сацыяльнай абароны інвалідаў, прадастаўленню ім ільгот, прадугле-джаных дзяржавай. Нароўні з гэтым яе сябры прымаюць самы актыўны ўдзел ва ўсіх культурных і грамадскіх мерапрыемствах горада і раёна, а таксама ў абласным фестывалі творчасці інвалідаў “Разам мы мацнейшыя”.
Да мікрафона вядучая запрасіла старшыню раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Анжэлу Шыкунец, якая ўзначальвае яе з чэрвеня 2015 года. Анжэла Міхайлаўна выказала словы ўдзячнасці ўсім, хто на працягу многіх гадоў актыўна супрацоўнічае з арганізацыяй, аказвае ёй усебаковую дапамогу і падтрымку, і ўручыла заслужаныя ўзнагароды. Так, Пісьмы падзякі раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” атрымалі: генеральны дырэктар Жабінкаўскага цукровага завода Віктар Міронаў, старшыня раённай арганізацыі ГА “БТЧК” Зоя Фядчук, старшыня грамадскага аб’яднання “Чарнобыль і дзеці” Іна Дарошка, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Жабінкаўскага камбікормавага завода Тамара Чапрасава.
Таксама Пісьмы падзякі адрасаваны і будуць перададзены намесніку генеральнага дырэктара па сацыяльных пытаннях Жабінкаўскага цукровага завода Аляксандру Еўтуховічу, дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Раісе Мышкавец, дырэктару Жабінкаўскага камбікормавага завода Васілю Волку і дырэктару фермерскай гаспадаркі “ЯКВІЛ” Віктару Якаўчуку.
У той дзень са святочнай сцэны гучаі імёны тых, хто стаяў ля вытокаў узнікнення раённай арганізацыі інвалідаў, удзельнічаў у яе станаўленні і развіцці. Так, першым старшынёй праўлення быў абраны Сцяпан Крапчук, затым яго змяніў Аляксей Шчарбакоў. У свой час арганізацыю ўзначальвалі: Вольга Струк, Наталля Дырман, Лідзія Варабей, Ганна Анікіна. Зараз на пасадзе старшыні – Анжэла Шыкунец.
У такі знамянальны дзень не абышлося і без ганаровых гасцей. На сцэну падняліся старшыня праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Валянціна Ізаак і яе намеснік па сацыяльных пытаннях Вера Лявонава.
Валянціна Мікалаеўна адзначыла, што зараз па ўсёй краіне – ва ўсіх гарадскіх і раённых арганізацыях – ідуць мерапрыемствы, прысвечаныя 30-годдзю Беларускага таварыства інвалідаў. Яны паказваюць згуртаванасць, зладжанасць, агульнасць інтарэсаў яго сяброў. Госця падкрэсліла, што Брэсцкая абласная арганізацыя самая шматлікая ў рэспубліцы: аб’ядноўвае 16 раённых, тры гарадскія, 301 пярвічную арганізацыі, у цэлым – 15 тысяч 432 чалавекі. Яна прымае актыўны ўдзел у конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню, у якіх часта становіцца пераможцай. Свой унёсак у гэтыя перамогі робяць і сябры Жабінкаўскай раённай арганізацыі інвалідаў, якія рыхтуюць творчыя нумары і ўдзельнічаюць са сваімі вырабамі ў выставах. Валянціна Ізаак выказала словы ўдзячнасці за добрасумленную работу былым старшыням раённай арганізацыі інвалідаў, а таксама цяперашняму – Анжэле Шыкунец, якой уручыла Ганаровую грамату Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”. Такую ж узнагароду атрымала і старшыня кантрольна-рэвізійнай камісіі Валянціна Качко.
Да віншаванняў далучылася і Вера Лявонава. Вера Анатольеўна нагадала, што яна курыруе Жабінкаўскую раённую арганізацыю інвалідаў, прысутнічае на справаздачна-выбарчых канферэнцыях, ведае многіх яе сяброў асабіста. Госця адзначыла станоўчую работу старшыні Анжэлы Шыкунец, якая працуе непасрэдна ў цеснай узаемасувязі з кожным прадстаўніком арганізацыі, ведае пра іх жыллёвыя ўмовы, існуючыя праблемы і імкнецца дапамагчы. Вера Лявонава выказала словы ўдзячнасці сябрам раённай арганізацыі інвалідаў за актыўны ўдзел у творчых фестывалях, якія дапамагаюць раскрыць іх таленты і прыносяць у скарбонку ўзнагарод прызавыя месцы.
Выступленні і віншаванні на ўрачыстасці межаваліся з музычнымі і танцавальнымі нумарамі. Падымалі настрой прысутным, дарылі пазітыўныя эмоцыі салісты народнага вакальнага ансамбля “Каларыт” Аксана Пракошына і Валерый Няменьшы, узорны ансамбль народнага танца “Каруначкі” і яго салістка Наталля Волк, дзіцячы вакальны калектыў гарадскога Дома культуры “МАЖОРчыкі”, народны хор ветэранаў “Тонус”, міні-тэатр гумару і песні “Спявай, душа”, а таксама юныя выканаўцы Арсеній Міхалькевіч, Варвара Ганчар і госць з Брэста Арсеній Кандрацюк.
Беларускае таварыства інвалідаў адзначыла свой чарговы юбілей. Наперадзе – новыя справы і ідэі, якія будуць паступова ажыццяўляцца. А ў цэнтры ўвагі былі і застаюцца людзі, якія ў сілу сваіх фізічных асаблівасцяў і стану здароўя не могуць поўнасцю рэалізоўвацца ў жыцці. Наша з вамі задача – не заставацца ўбаку ад іх праблем і па магчымасці дапамагаць, бо падтрымка і апора патрэбны ўсім людзям без выключэння.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*