Падалося няўтульна на волі…
А за кратамі будзе лягчэй?

Сяргея К. жыццё, відаць, нічому не вучыць. Як жа інакш можна патлумачыць ягоныя ўчынкі, што адбываліся сёлетняй вясной ды летам? Летась напрыканцы сакавіка ён ужо быў прыгавораны судом Жабінкаўскага раёна да абмежавання волі на тэрмін у два з паловаю гады без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу (ВУАТ). Аднак паводзіў сябе мужчына так, нібыта хацеў стаць ілюстрацыяй прыказак “як з гусака вада” або “нам і мора па калена”. Так, Сяргей неаднойчы не з’яўляўся на рэгістрацыю ў міліцыю, чым дапускаў парушэнне парадку і ўмоў адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў ВУАТ. Да таго ж мужчына станавіўся “героем” крымінальных сюжэтаў, калі нецвярозым распачынаў вечаровыя “канцэрты” сусе-дзям на “радасць”… Вынік прадказальны і сумны: супраць Сяргея К. узбуджана новая справа паводле артыкула 415 КК Рэспублікі Беларусь. Цяпер пакаранне давядзецца адбываць ужо за кратамі…

Шчупакі пакуль маўчаць

Здзек з прыроды ўчыніла невядомая асоба. Дакладней – пакуль невядомая. Следства па справе зламысніка, што дзёрзка займаўся браканьерствам, працягваецца.
Гэта толькі ў казцы шчупак размаўляе ды выконвае пажаданні. У жыцці рыбіны, незаконна здабытыя ў канале паблізу вёскі Сычова, пакуль маўчаць, нібы вады ў рот набраўшы. Затое дакладна падлічана шкода ад незаконнага промыслу ў забаронены час. Злодзей здабыў 29 шчупакоў. Паводле такс, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых мерах па павышэнні эфектыўнасці вядзення паляўнічай гаспадаркі і рыбагаспадарчай дзейнасці, удасканаленні дзяржаўнага кіравання імі”, гэта шкода вымяраецца вялізнай сумай у 6394 з паловай рублёў.

Адзін рэбры ў хаце скраў…

Асоба грамадзяніна, вінаватага ў крадзяжы, што адбыўся ў зімовую пару, стала вядома праваахоўнікам гэтым летам. Мікалай М. абвінавачваецца ў тым, што, пранікнуўшы патаемна ў дом на вуліцы Някрасава ў Жабінцы, вынес адтуль 48 рэбраў ацяпляльных радыятараў. Гэтым зламыснік прычыніў шкоду гаспадыні хаты на агульную суму ў 144 рублі.

…а другі ля хаты – “палічыў”

А вось у Прусцы лічылі рэбры зусім не металічныя або керамічныя. Ігар К., якому, дарэчы, яшчэ і васямнаццаці не споўнілася, паказаў сябе надта зухаватым хлопцам. Хуліган спачатку напіўся, а затым і кулакам ды нагам даў занадта волі. Біў Рыгора К. зацята ў галаву дый тулава. Вынік несуцяшальны: пашкоджанні ў выглядзе закрытых пераломаў сёмага, восьмага і дзявятага рэбраў ды ранкі ў левай скроневай вобласці. Цяпер забіяка павінен будзе адказваць паводле часткі 1 артыкула 149 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь; Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top