Бюджэтным сродкам – асаблівая ўвага

Бюджэтным сродкам – асаблівая ўвага

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота аўтара.
Адбылося сумеснае пасяджэнне калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці і Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта, на якім былі разгледжаны вынікі праверкі райвыканкама, яго структурных падраздзяленняў і арганізацый раёна, праведзенай сумесна з Галоўным упраўленнем Міністэрства фінансаў па Брэсцкай вобласці.

Праверка выявіла парушэнні

Начальнік упраўлення Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Васіль Пінчук у сваім выступленні адзначыў, што ва ўсіх правераных установах і арганізацыях Жабінкаўскага раёна, у тым ліку ў Жабінкаўскім райвыканкаме і яго структурных падраздзяленнях, выяўлены парушэнні пры выкарыстанні бюджэтных сродкаў, парушэнні заканадаўства, якое рэгулюе гаспадарчыя і фінансавыя адносіны. Парушаецца заканадаўства аб дзяржаўных закупках. Акрамя таго, у рэгіёне не ў поўным аб’ёме выконваюцца прагнозныя і ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы арганізацый раёна, даведзеныя заданні, мерапрыемствы і мэтавыя паказчыкі дзяржаўных праграм. У шэрагу выпадкаў не забяспечваецца ўзаемасувязь выдзялення бюджэтных сродкаў з вынікамі рэалізацыі рэгіянальных мерапрыемстваў дзяржаўных праграм, што прыводзіць да незахавання праграмна-мэтавага метаду ў бюджэтным працэсе. Выяўлены парушэнні патрабаванняў заканадаўства, якое рэгулюе работу са зваротамі грамадзян, як непасрэдна ў райвыканкаме, так і ў яго структурных падраз-дзяленнях. Пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур аддзелам архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама дапускаліся парушэнні забароны на выпатрабаванне ад зацікаўленых асоб дакументаў і звестак, не прадугледжаных заканадаўствам.
Васіль Пінчук падкрэсліў: шматлікія парушэнні зямельнага заканадаўства сведчаць аб недастатковым кантролі з боку Жабінкаўскага райвыканкама і яго землеўпарадкавальнай службы за прынятымі рашэннямі ў сферы зямельных адносін, аб неэфектыўнасці мер па рацыянальным выкарыстанні земляў і апярэджанні парушэнняў. Выяўлены факты невыкарыстання і неэфектыўнага выкарыстання земляў сельскагаспадарчага значэння. Парушэнне парадку прадастаўлення зямельных участкаў выяўлена ў Жабінкаўскім сельвыканкаме. У Ленінскім сельвыканкаме ўстаноўлена парушэнне парадку ўліку грамадзян, маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Выяўлена каля 17,5 га земляў сельскагаспадарчага прызначэння, якія не апрацоўваюцца землекарыстальнікамі, паза-расталі драўняна-хмызняковай расліннасцю. Выяўлены факты самавольнага “захопу” зямельных участкаў і несанкцыянаванай здабычы пяску. На тэрыторыі раёна практыкуецца прадастаўленне зямельных участкаў у часовае карыстанне без прыняцця рашэнняў мясцовымі выканаўчымі камітэтамі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.
Васіль Уладзіміравіч засяродзіў увагу прысутных, што ў 2016-2017 гадах на Жабінкаўшчыне не праводзілася работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, дзе доля малакамплектных класаў складае больш за 50 %.
Выступоўца адзначыў, што ўпраўленнем працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама дапушчана нерацыянальнае расходаванне сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі, накіраваных на выкананне падпраграмы “Садзейнічанне занятасці насельніцтва” Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады. 6,7 тыс. рублёў былі накіраваны на перападрыхтоўку сямі беспрацоўных, якія прайшлі навучанне па незапатрабаваных у раёне прафесіях пры адсутнасці адпаведных вакансій.
Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў па Брэсцкай вобласці – начальнік КРУ Дзмітрый Пусан далажыў, што праверкай выканання бюджэтнага заканадаўства на Жабінкаўшчыне было ахоплена восем устаноў і арганізацый. Па яе выніках устаноўлена незаконнае расходаванне на агульную суму 86,5 тыс. рублёў, падлягае кампенсацыі 95 тыс. рублёў. Бюджэтнымі арганізацыямі з парушэннем заканадаўства выкарыстоўваліся сродкі раённага бюджэту на выплату работнікам заработнай платы, на аплату падрадным арганізацыям завышанага кошту рамонтна-будаўнічых работ, на аплату паслуг сувязі, камунальных паслуг і іншых расходаў.
Па выніках праверкі, адзначыў Дзмітрый Іванавіч, вернуты незаконна зрасходаваныя бюджэтныя сродкі на суму 90,78 тыс. рублёў, 19 службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці, 11 – да адміністрайцыйнай.
Калегія Камітэта на чале са старшынёй Дзмітрыем Баско дала прынцыповую ацэнку службовым асобам, па віне якіх дапушчаны парушэнні заканадаўства, і ўнесла пэўныя прапановы па выпраўленні выяўленых парушэнняў і недахопаў.

Па экспарце паслуг трэція ў вобласці

У другой частцы пасяджэння гаворка ішла аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бю-джэту Жабінкаўскага раёна ў першым паўгоддзі бягучага года. Намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Гардзееў далажыў, што па выніках работы за студзень–чэрвень 2018 года Жабінкаўскі раён забяспечыў выкананне двух з трох ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы і сем з дзесяці заданняў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Выкананы ключавы паказчык па экспарце паслуг па прадпрыемствах мясцовай і без ведамаснай падпарадкаванасці: за першае паўгоддзе тэмп росту экспарту паслуг склаў 151,6 %
пры заданні 103,8 %. Што тычыцца прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, то пры заданні на першае паўгоддзе 0,15 млн. долараў ЗША выкананне складае 0,28 млн. долараў. Не выкананы ключавы паказчык па экспарце тавараў. Тэмп росту экспарту без прадпрыемстваў рэспубліканскага падпарадкавання за студзень–чэрвень склаў 51,6 % пры заданні 101 %.
Дзяніс Уладзіміравіч адзначыў, што сёлета ў першым паўгоддзі раён выканаў заданні па валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў су-пастаўных цэнах, па роз-нічным таваразвароце праз усе каналы рэалізацыі, па стварэнні новых мікра- і малых арганізацый, а таксама новых рабочых месцаў, па ўводзе жылля за кошт усіх крыніц фінансавання, па будаўніча-мантажных работах і энергазберажэнні. Не ўдалося дасягнуць запланаваных паказчыкаў па індэксе фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці, удзельнай вазе убытачных арганізацый і ўзроўні намінальнай налічанай заработнай платы.
Індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці, як адзначыў выступоўца, за першае паўгоддзе склаў 54,1 %
(заданне 55 %). Невыкананне задання КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” звязана са змяненнем схемы вывазу смецця ў Жабінкаўскім раёне (аб’ём вывазу бытавых адходаў, які ўлічваецца пры разліку дадзенага паказчыка, быў зніжаны з 223 да 43 тон).
Вытворчасць цукру за сту-дзень–чэрвень бягучага года знізілася на 86,2 %, або на 25,3 тыс. тон, у сувязі з адмовай цукровага завода ад перапрацоўкі цукру-сырцу сёлета. Разам з тым на 45 % павялічылася вытворчасць паліўных брыкетаў і на 13 % – камбікармоў.
Падрабязна спыніўся Дзяніс Уладзіміравіч і на паказчыках у галіне сельскай гаспадаркі. Ён зазначыў, што знізілі тэмп росту валавой прадукцыі да ўзроўню мінулага года і не выканалі даведзенае заданне па ім ААТ “Азяты Агра” (94,1 %), “Ракітніца” (95,2 %), “Хмелева” (96,8 %), а таксама свінакомплекс “Сычова” (99 %).
Зніжэнне валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі адбылося з прычыны зніжэння прадукцыі вырошчвання да ўзроўню 2017 года. У грашовым выражэнні недаатрымана 170,5 тыс. рублёў валавой прадукцыі.
Дзяніс Уладзіміравіч далажыў, што па выніках пяці месяцаў бягучага года Жабінкаўскі раён займаў апошняе месца сярод раёнаў Брэстчыны па тэмпах росту экспарту тавараў. Зніжэнне экспарту тавараў на Жабінкаўшчыне атрымалася за кошт падзення аб’ёмаў экспарту трох прыватных прадпрыемстваў: ТАА “ЕваЛэндагратэхніка” (-724,4 тыс. долараў ЗША, прычына – сезонная адсутнасць попыту), ТАА “Бугтэкстыль” (-93,1 тыс. долараў з-за ўзмацнення канкурэнцыі на рынку), Ф/Г “ЯКВІЛ” (-147,5 тыс. долараў). Пры гэтым СТАА “Зодчыдрэў” больш чым у два разы перавысіў свой мінулагодні паказчык. Для выканання гадавога задання да існуючага прагнозу патрабуеецца дадаткова экспарціраваць тавараў на суму 95 тыс. долараў.
Затое па тэмпах росту экспарту паслуг па выніках пяці месяцаў наш раён займаў трэцяе месца на Брэстчыне. На Жабінкаўшчыне павялічыўся экспарт будаўнічых паслуг, турыстычных і медыцынскіх.
Як адзначыў выступоўца, за першае паўгоддзе сёлета ў раёне ўведзена ў эксплуатацыю 7214 квадратных метраў жылля, гадавое заданне (14000 кв. м) выканана на 51,5 %.
За справаздачны перыяд на Жабінкаўшчыне зарэгістравана 6 суб’ектаў малога прадпрымальніцтва (пры гадавым заданні 8)
і 33 індывідуальныя прадпрымальнікі. Увогуле роля індывідуальных прадпрымальнікаў і суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў фарміраванні бюджэту раёна ўзрастае: дзякуючы ім у бюджэт паступіла 819,6 тыс. рублёў, што складае 15,1 % ад агульнай сумы паступленняў у кансалідаваны бюджэт раёна.
Па выніках работы ў першым паўгоддзі з чыстымі стратамі на Жабінкаўшчыне спрацавалі чатыры прадпрыемствы, або 19 % ад агульнай колькасці (ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, ААТ “Рыбгас Сакалоўскі Гусак”, КУП па аказанні паслуг “Жабінкаўскі РКБА” і філіял “Жабінкаўскі райпалівазбыт”). Агульная сума страт вырасла з 242 тыс. рублёў да 17762 тыс. рублёў (99 % – доля ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”).
Выступленне асноўнага дакладчыка дапоўнілі намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Кучынскі і намеснік старшыні райвыканкама Максім Антанюк.
Затым былі заслуханы растлумачэнні кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, што не выканалі прагнозныя паказчыкі ў першым паўгоддзі бягучага года, і іх прапановы па выхадзе з сітуацыі.
Аб выніках выканання бюджэту Жабінкаўскага раёна за першае паўгоддзе далажыла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Святлана Плавух.
Святлана Мікалаеўна адзначыла, што ў бюджэт Жабінкаўскага раёна за шэсць месяцаў бягучага года паступіла 15505,6 тыс. рублёў даходаў, у тым ліку ўласных – 9995,9 тыс. рублёў, або 49,6 % гадавога плана з прыростам да ўзроўню мінулага года на 1357,3 тыс. рублёў. Тэмп росту ўласных даходаў склаў 115,7 %.
З асноўных даходных крыніц забяспечана станоўчая дынаміка паступленняў па падаходным падатку (тэмп росту склаў 121,5 %), падатку на дабаўлены кошт (116,6 %), падатку на нерухомасць (115,3 %), падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання (114 %) і адзіным падатку для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі (107,3 %). Ніжэй за міну-лагодні ўзровень склаліся паступленні па падатку на прыбытак (52 %) і адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб (94,9 %).
Святлана Мікалаеўна засяродзіла ўвагу, што ў раёне праводзіцца недастатковая работа па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання дзяржаўнай уласнасці. У справаздачным перыядзе знізіліся паступленні ад здачы ў арэнду зямельных участкаў і ад іх продажу.
Расходы бюджэту раёна за студзень–чэрвень прафінансаваны на 15725,4 тыс. рублёў – з тэмпам росту 115,6 % да мінулагодняга ўзроўню. На першачарговыя расходы (заработную плату, трансферты насельніцтву, харчаванне, медыкаменты, камунальныя плацяжы і інш.) накіравана 13603,2 тыс. рублёў, або 86,5 % ад агульнай сумы бюджэтных расходаў. Раённы бюджэт у першым паўгоддзі выкананы з дэфіцытам у 219,7 тыс. рублёў.
Гаворка на пасяджэнні вялася і пра тое, што ў раёне перавышаны сабекошт жыллёва-камунальных паслуг па водазабеспячэнні над даведзенымі планава-разліковымі цэнамі, перавышаны ўдзельныя нормы расходу паліўна-энергетычных рэсурсаў пры аказанні камунальных паслуг і нарматывы страт і няўлічаных расходаў вады, не асвойваюцца сродкі на капітальны рамонт жыллёвага фонду, растуць расходы па вулічным асвятленні населеных пунктаў. Была ўнесена прапанова актывізаваць работу па зносе старых і пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці, прызнаных безгаспадарчымі.
Вынікі сумеснага пасяджэння падвялі старшыня Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Дзмітрый Баско і старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*