Там, дзе дасюль спыняюцца саставы…

Там, дзе дасюль спыняюцца саставы…

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Нельга адасобіць (ды ніхто і не збіраецца!) назву нашага горада і чыгуначнай станцыі. Яны назаўжды паяднаныя ў часах мінулых ды сённяшніх, на фотаздымках сучасных ды старадаўніх …
НА ГЭТЫ РАЗ праект “ФОТАСВЕДКІ БЫЛОГА”, у якім галоўныя героі – гэта запамінальныя здымкі, зробленыя ў ХХ стагоддзі, прывёў туды, адкуль бярэ свае пачаткі сучасная Жабінка. А менавіта – у колішняе ўрочышча Купіна. (У дужках таксама пазначым, маёнтак з такой назвай згадваецца яшчэ пад 1567 годам!)
А паміж 1868 і 1871 гадамі тут разгарнулася шпаркае будаўніцтва чыгункі. Менавіта ў гэтай мясцовасці напрыканцы 1870-га паўстаў нарэшце драўляны станцыйны дамок. А на ім – пазначаны прыпынак № 80 “Жабінка” – адзін са шматлікіх на вялікім жалезным шляху з Масквы да Варшавы. З тае пары, як некалі паэт пісаў, паселішча, названае ў гонар рэчкі, “рэйкамі стальное магістралі да ўсіх галоўных гарадоў і да Расіі моцна прывязалі”.
Той першы будынак чыгуначнай станцыі, вядома, да нашых дзён не захаваўся. Аднак і сённяшні зусім не новы. Ён узнік у сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя, “за польскім часам”. Прынамсі, захаваліся фотаздымкі, што адлюстроўваюць знешні выгляд станцыі ды план размяшчэння яе ўнутраных пакояў у згаданы перыяд.
Дах быў пакрыты гонтамі – невялічкімі дошчачкамі, падобнымі на чарапіцу. Фасад упрыгожвалі вежкі ды ляпніна, бетонныя вазы ды ліхтары. Над уваходам змяшчаўся надпіс па-польску: ZABINKA.
Патрапіць у будынак можна было выключна з боку чыгуначнага палатна (на месцы, скуль цяпер ёсць скразны выхад на прывакзальную плошчу, гадоў гэтак дзевяноста назад месціліся багажнае ды паштовае аддзяленні, памяшканне для чыгуначнай варты). Аднак, каб дайсці да іх, патрабавалася перакрочыць (дарэчы, як і зараз) агульную залу ў цэнтры.
Праваруч ад месца, дзе захоўваўся багаж, былі касы, за імі – кабінет кіраўніка руху (цяпер бы сказалі дыспетчара), а ў самым куце – тэлеграф.
Адразу пры ўваходзе знаходзіліся гардэробы – асобна дамскі, асобна мужчынскі (адпаведна пры іх былі і прыбіральні). А вось там, дзе цяпер размяшчаюцца білетныя касы, раней была зала чакання для пасажыраў, што рухаліся першым ды другім класамі. (Першая класа, заўважым, лічылася найбольш прэстыжнай, утульнай і адпаведна каштавала найдаражэй).
Аднак, рушым далей. Побач з самымі лепшымі месцамі для чакання знаходзіўся буфет з кухняй. А насупраць, калі прайсці праз агульную залу, побач з месцамі чакання для пасажыраў трэцяй класы, наведвальнік мог патрапіць у кабінет начальніка станцыі Жабінка альбо ў канцылярыю.
НА ДРУГІМ ЗДЫМКУ таксама адлюстравана чыгуначная станцыя. Мінула прыблізна дзесяцігоддзе, і вось без усялякіх праблем можна заўважыць істотныя змены. “Птушачка” вылецела на гэты раз у часы акупацыі, прыблізна паміж летам 1942-га і восенню 1943 года.
Перш-наперш, што кідаецца ў вочы, змянілася ўлада, а ра-зам з ёю і літары на фасадзе. Замест польскай назвы цяпер красуецца нямецкі тэкст – SHABINKA.
Нельга не звярнуць увагу і на колер будынка. Ён быццам апрацаваны сучаснымі майстрамі графіці, хоць насамрэч гэта спроба армейскіх улад крыху замаскіраваць станцыю ад магчымых авіяналётаў савецкіх самалётаў. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо, нягледзячы на тое, што лінія фронту праходзіла яшчэ далёка ад нашых мясцін, вядомы выпадкі і з сорак першага года, калі чырваназорныя летакі бамбілі нават Берлін ды ягоныя прадмесці.
Сярод людзей, што стаяць перад будынкам, вылучаюцца чыгуначнікі (у цэнтры), а па баках, відаць, нямецкія вайскоўцы ў форме з галіфэ, двое маюць нашыўкі, якія сведчаць пра раненні. Твары ў іх заспакоеныя, нават усмешлівыя. Як вядома, яшчэ ў часы Першай сусветнай вайны многія германскія салдаты выпраўляліся на фронт з фотаапаратамі. Што ж тут казаць пра Другую сусветную…
Аднак гэтае заспакаенне, што назіраецца на аматарскім фота з захопленай Жабінкі, падманлівае. Бо ўсе цудоўна ўсведамляюць: ідзе вайна. І нават у далёкім тылавым мястэчку водгукі яе чуюцца вельмі выразна: чыгуначнае палатно паблізу Жабінкі ў гэты час партызанскія групы падрывалі не менш за два дзясяткі разоў, агульная колькасць дыверсій была яшчэ большай. А наперадзе была “рэйкавая вайна”…
На здымках: станцыя Жабінка з яе планам у 1920-я гады; у перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*