Спалучэнне вопыту, адказнасці, працавітасці

Спалучэнне вопыту, адказнасці, працавітасці

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

У нядзелю сваё прафесійнае свята адзначылі тысячы працаўнікоў чыгункі. Сярод многіх, хто свой жыццёвы шлях аднойчы і назаўжды знітаваў з “рэйкамі стальное магістралі”, і дарожны майстар Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Леанід Галадзюк.
ЖАДАННЕ ВЫСПЕЛА яшчэ за школьнай партай, калі Леанід заканчваў дзявяты клас. Ён любіў геаграфію. Навука гэтая спрыяе калі не падарожжам у далёкія краіны, дык марам пра іх – дакладна! Не, пятнаццацігадовым капітанам, як герой Жуля Верна, хлопец з Ленінскага ў свае пятнаццаць стаць не хацеў. А вось справы на чыгунцы вельмі вабілі, было жаданне вывучыцца на пуцевіка.
Далёка не апошнюю ролю ў выбары сыграла і маці, якая бачыла старэйшага сына толькі ў гэтай прафесіі. Галіна Лявонцьеўна нарадзілася паблізу чыгункі і доўга жыла-гадавалася ля станцыі Косава-Палескае, мо таму настойліва прасіла Лёню пры вызначэнні далейшай дарогі ў жыцці ўважліва ды сур’ёзна прыгледзецца да Брэсцкага чыгуначнага каледжа. Там веды спрадвеку даюць трывалыя!
Была і яшчэ адна лёсавызначальная падказка: сярод Галадзюкоў Леанід не быў першапачынальнікам дынастыі пуцевікоў. З беражлівасцю ў сям’і захоўваюць памяць пра Васіля Сцяпанавіча, Лёневага прадзеда, які працаваў на чыгунцы ў няпростыя даваенныя і пасляваенныя гады. Ён быў аглядчыкам пуці ў Гарадцы, што на Кобрыншчыне. Шмат гадоў і сіл Васіль Галадзюк аддаў сталёвай магістралі. Нават пасля смерці ён нібы застаецца вартавым спакою на чыгунцы: так сталася, што магіла ягоная на кобрынскім пагосце зусім блізка ад чыгункі…
У 2005 годзе збылося, як матуля прасіла, як прашчур завяшчаў: Леанід працягнуў дынастыю – падаў дакументы ў чыгуначны каледж. Гады вучобы прамільгнулі амаль непрыкметна, падарылі новыя веды, знаёмствы з прафесіяй і сапраўднымі прафесіяналамі. Такімі, як Сяргей Дзівінец. Ён выкладаў юнаку няпросты, але надзвычай цікавы прадмет “пуцявыя машыны і механізмы”. Пазней са сваім выкладчыкам Галадзюку давялося і папрацаваць побач, калі Сяргей Міхайлавіч быў прызначаны ў Жабінку на пасаду намесніка начальніка дыстанцыі пуці па кадрах і ідэалагічнай рабоце. На жаль, яго ўжо няма сярод жывых, але светлы вобраз прафесіянала і выкладчыка з вялікай літары зберагаюць многія, каму давялося мець з ім стасункі.
Сам Леанід Аляксандравіч пачаў працоўную біяграфію ўлетку 2009-га. У ліпені прыйшоў у Жабінкаўскую дыстанцыю пуці на 15-ы акалодак, дзе ўладкаваўся манцёрам. А гэта значыць, заняўся працай надзвычай адказнай, што ўключае пільны дагляд, а як спатрэбіцца, і рамонт чыгуначнага палатна.
Мелася жаданне і далей расці. А для гэтага, вядома ж, ніяк не абысціся без новых ведаў, якія прыносіць вышэйшая адукацыя. Таму ўжо ў верасні малады спецыяліст без адрыву ад вытворчасці патрапіў у сцены Смаленскага філіяла Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. І што цікава, з Лёневай групы колішніх навучэнцаў Берасцейскага каледжа ў Смаленск паступілі ажно васьмёра! Факт сведчыць, якія трывалыя ды надзейныя веды дае сярэдняя спецыяльная ўстанова ў горадзе над Бугам.
Вучыцца было цікава, пазнавальна, карысна. У 2014 годзе Леанід Аляксандравіч меў ужо дыплом, у якім была пазначана спецыяльнасць “інжынер будаўніцтва чыгуначнага пуці”. Яшчэ раней, у 2011-м, ён быў прызначаны майстрам пуці 8-га акалодка. На гэтай сур’ёзнай пасадзе Леанід Галадзюк працуе і сёння.
Адразу адчуў, наколькі павялічылася адказнасць, бо даводзіцца штодня сачыць за бяспекаю руху цягнікоў. З часам прыйшлі і вопыт, і ўпэўненасць у сваіх сілах. Тым больш, што майстар адчувае надзейную падтрымку з боку падначаленых, а гэта – тры брыгады, што аб’ядноўваюць амаль два дзясяткі чалавек. Галадзюк з задавальненнем называе прозвішчы брыгадзіраў Андрэя Балакера, Андрэя Жыгмана, Юрыя Герасімука, манцёраў пуці Мікалая Дыдзіка і Дзмітрыя Гуру. Спалучэнне вопыту, адказнасці, працавітасці – вось іх ёмістыя і выразныя характарыстыкі, названыя кіраўніком. Гэтыя ж словы можна аднесці і да самога майстра.
Калі некалі прадзедаў прыклад стаў карысным для Леаніда Галадзюка, дык пазней і ён сам пэўным чынам паўплываў на выбар малодшага брата. Аляксандр Гала-
дзюк пасля Пружанскага саўгас-тэхнікума, адвучыўся яшчэ на памочніка машыніста ў Магілёве. Цяпер працуе па спецыяльнасці – рухае пуцявыя машыны-матавозы.
Працоўная “вотчына”, за якою даводзіцца даглядаць штодня спецыялістам 8-га акалодка, – паблізу станцыі Жабінка: ад цукровага завода да Стаўпоў. Іншымі словамі – увесь Жабінкаўскі раён у накірунку руху цягнікоў па галоўным чыгуначным “экватары” Беларусі з Брэста на Маскву. А асноўнае пажаданне пры заступленні на чарговую змену, каб прайшла яна без усялякіх, нават самых дробных надзвычайных сітуацый. Апошнія два гады Галадзюк ды ягоная каманда праводзяць інтэнсіўныя работы па пракладцы стрэлачных пераводаў з драўлянай асновы на бетонную, што дазволіць палепшыць бяспеку і ўзніме яшчэ больш хуткасць сучасных цягнікоў.
У тым, што час не спыняецца, а імчыць усё далей, набіраючы хаду, Леанід Гала-дзюк бачыць важную заслугу працаўнікоў чыгункі. Таму з задавальненнем віншуе калег, якія 5 жніўня святкуюць у чарговы раз прафесійнае свята. Шчыра зычыць усім, каму давялося звязаць лёс з роднай дыстанцыяй пуці, запалу, поспеху, здароўя на многія і многія гады!

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*