Дапамога да школы

Як паведаміла начальнік аддзела сацыяльнай абароны ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Святлана Трафімчук, сёлета ў жніўні на Жабінкаўшчыне згодна з падпраграмай “Сям’я і дзяцінства” Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады” будзе ажыццяўляцца выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да новага навучальнага года шматдзетным сем’ям, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей. Бацькі атрымаюць па 40 рублёў на кожнае дзіця-школьніка, што наведвае ўстанову агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі).

Колькі грошай зарабілі

Згодна з дадзенымі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў Жабінкаўшчыны (без мікраарганізацый і малых арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці) у студзені-чэрвені бягучага года склала 750,4 рубля, у тым ліку ў чэрвені – 779 рублёў.
Найвышэйшы сярэднямесячны заробак у першым паўгоддзі быў налічаны ў сферы транспартнай, паштовай і кур’ерскай дзейнасці і складзіравання – 935,3 руб. У сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках у сярэднім за месяц зарабілі 701,9 руб., у прамысловасці – 840,3 руб., у будаўніцтве – 839,3 руб., у сферы адукацыі – 554,4 руб.

Ужо трыццаць год –
на школьным “жніве”

Сёлетні жнівень – час юбілейны для настаўнікаў, вучняў і шматлікіх выпускнікоў СШ № 3. Роўна трыццаць гадоў таму, у пачатку жніўня 1988-га, дзяржаўная камісія прыняла ў эксплуатацыю будынак новай, трэцяй па ліку гарадской школы, разлічанай на 1296 месцаў. Доўгачаканая на той час вучэльня паўстала ў самым цэнтры Жабінкі найперш намаганнямі рабочых і спецыялістаў міжкалгаснай перасоўнай механізаванай калоны № 10. Пасля кароткай святочнай імпрэзы, прымеркаванай да пачатку новага навучальнага года, будаўнікі МПМК-10 без прамаруджванняў пераключыліся на ўзвядзенне на ўскрайку Жабінкі раённай бальніцы на 120 месцаў (была адкрыта напрыканцы 1990 года).

Зноў у паход!

У канцы ліпеня па традыцыі прадстаўнікі мола-
дзевага брацтва і юнацкага клуба, выхаванцы Нядзельнай школы храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы разам са сваімі бацькамі і педагогамі адправіліся ў паход. Ён сабраў больш за сотню чалавек і меў свой распарадак – тры дні ў Агародніках прайшлі насычана і цікава. У вёсцы ўдзельнікі паходу не толькі пабывалі ў храме Узнясення Гасподняга, але й адпачывалі на прыродзе, арганізоўвалі розныя гульні, збіраліся ля вогнішча. Як заўжды, сустрэча пакінула добрыя ўражанні і жаданне адправіцца ў паход зноў.

Небяспечная хуткасць
прывяла да ДТЗ

Як паведаміў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС Раман Крупко, 23 ліпеня ў 21.50 ля аграгарадка Ленінскі адбылася аварыя. 18-гадовы жыхар вёскі Мышчыцы, будучы нападпітку, не маючы права кіравання транспартнымі сродкамі, ехаў на аўтамабілі “Форд Эскорт” у накірунку вёскі Бусні. На закругленні дарогі кіроўца не выбраў бяспечную хуткасць руху, з-за чаго машыну занесла, яна з’ехала ў кювет і ўрэзалася ў прыдарожнае дрэва. У выніку ДТЗ 30-гадовы жыхар аграгарадка, які знаходзіўся на заднім пасажырскім сядзенні, загінуў на месцы. Вадзіцель з траўмамі быў шпіталізаваны ў цэнтральную раённую бальніцу. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*