З пытаннямі і прапановамі да кіраўніка раёна

З пытаннямі і прапановамі да кіраўніка раёна

20 снежня старшыня райвыканкама М.В.Токар правёў апошнюю ў 2011 годзе “прамую лінію” з жыхарамі Жабінкаўшчыны. На працягу дзвюх гадзін, у нерабочы час, з 17.00 да 19.00 можна было патэлефанаваць кіраўніку раёна і звярнуцца са сваёй праблемай ці прапановай. Скарыстаў гэтую магчымасць 21 чалавек.

Першым быў званок з Рагозна ад сям’і Н.І. і І.Л. Панасюкоў, якія ўзнялі пытанне забеспячэння палівам. Людзі з лета заказалі брыкет, а яго так і не завезлі. Аналагічная сітуацыя ў Н.Г.Мотыль з Філіпавічаў, У.Л.і Р.Д. Пасевічаў і А.К.Панасюка са Стрыганца, М.К.Качаноўскай з Ёжыкаў. Старшыня райвыканкама паабяцаў ім дапамагчы і пасадзейнічаць, каб да канца снежня паліва было дастаўлена, што, дарэчы, і зроблена.

І ў час мінулай “прамой лініі” з М.В.Токарам паступалі такія ж званкі, як бачым, праблема з дастаўкай брыкету насельніцтву існуе. У раённым бюджэце не хапае сродкаў, каб прафінансаваць тую колькасць яго, што рэалізуецца па фіксаваных цэнах. Тым не менш, у сельсаветах стараюцца трымаць пытанне на кантролі і вяскоўцам, у каго няма запасу брыкету, але даўно чакаюць, паступова яго завозяць.

У.Ц.Ляўчук з Арэпічаў запытаўся, чаму ў Пелішчанскім лясніцтве не адпускаюць дровы для жабінкаўцаў (і нават па свабодных цэнах), спасылаючыся, што няма фондаў для нашага раёна. Старшыня райвыканкама паабяцаў разабрацца і даць адказ.

Другі блок пытанняў, што паступілі на “прамую лінію”, — асвятленне вуліц у цёмны час сутак. Т.М.Гурына звярнула ўвагу на тое, што па вуліцы Бэзавая, ля дома №1 райцэнтра, дзе жыве яе сын, не гарыць святло, а ўнучка-школьніца вяртаецца дадому з другой змены. Пазванілі таксама, што на вуліцы Цэнтральная, насупраць рамбыттэхнікі, дзе пешаходны пераход, не гараць ліхтары. Дадзены даручэнні адпаведным службам. Пасля вывучэння зваротаў на гэтых вуліцах былі заменены лямпы асвятлення.

А.С.Сядун не задавальняе, што ў вёсцы Булькова вуліцы ноччу не дастаткова асветленыя, асабліва на разгалінаванні. Са сваёй праблемай яна звярталася і ў сельсавет. Уважліва выслухоўваючы рэспандэнтаў, М.В.Токар напамінаў, што немагчыма ля кожнага дома павесіць ліхтар, патрэбна эканоміць, але эканоміць разумна, недзе хопіць, каб гарэла святло, скажам, праз два стаўпы. У кожным выпадку абяцаў: выедзем, праверым, паспрабуем рашыць.

Скарысталі магчымасць, каб звярнуцца да старшыні райвыканкама наконт паляпшэння дарожнага пакрыцця тры чалавекі . “Па нашай дарозе не праехаць, не прайсці”, — пазваніла жанчына з Курпічаў. Затым патэлефанаваў гр.Цывілька, які як і ў час мінулай “прамой лініі” з М.В.Токарам прапанаваў абуладкаваць дарогу з Мацясоў у Кобрынскі раён. Яму было патлумачана, што дарога палявая, на абслугоўванні ДРБУ-103 не знаходзіцца, няма таксама магчымасці выдзеліць рэсурсы з раённага бюджэту на яе рамонт. “Другая справа — дарога са Стаўпоў на Лышчыкі да чыгуначнага пераезда, па якой людзі дабіраюцца на цягнік, яе мы пастараемся прагрэйдзіраваць”, — паведаміў М.В.Токар.

А.Козік з Жабінкі патэлефанаваў старшыні райвыканкама з ранейшай праблемай, што агучыў у час лістападаўскай “прамой лініі”. Ён прасіў падсыпаць дарогу, што на завулку Камсамольскі. “Яе падсыпалі, — сказаў ён, — але зрабілі яшчэ горш, цяпер вадзе няма куды сыходзіць”.

Цікавілі жабінкаўцаў і праблемы гандлёвага абслугоўвання. Найперш, пашырэнне сеткі магазінаў, напрыклад, калі будзе ён у Курпічах? М.В.Токар адказаў, што плануецца яго будаўніцтва ў 2012 годзе. Стараста са Шчэглікаў выказаў заклапочанасць, што тутэйшым жыхарам патрэбен новы сучасны магазін, тым больш, што побач аўтатраса, а вёска прырастае новабудоўлямі. Кіраўнік раёна згадзіўся з прапановай і паведаміў, што ў перспектыве будзе разгледжана гэтае пытанне, магчыма, з прыцягненнем прадпрымальнікаў.

Жыхары з вуліцы Лугавая г.Жабінка хацелі даведацца, калі пасля рамонту пачне працаваць магазін, што побач з ПМК-19. Чакаць засталося нядоўга, заверыў Мікалай Васільевіч, аднаўленне гэтай гандлёвай кропкі было вельмі неабходнае. І сапраўды напярэдадні Новага года, 30 снежня, магазін расчыніў дзверы для пакупнікоў.

А.В.Шчарбакоў пазваніў і выказаў здзіўленне, чаму яго жылы дом і прыватнае прадпрыемства “100 працэнтаў” маюць адзін адрас: вул.Наганава, д.16. Безумоўна, гэтая памылка будзе выпраўлена.

М.С.Давыдзенка запытаўся, калі прыйдзе ў Сенькавічы газ, тым больш, што пракладваецца газаправод у Хмелеве і Маціевічах. Дадзены адказ: калі будуць жадаючыя, створыцца кааператыў на долевых умовах, а ў перспектыве разлік робіцца на тое, каб спажыўцоў газу было як мага больш.

Патэлефанаваў пенсіянер з Чыжэўшчыны і паведаміў, што ў вёсцы ідзе газіфікацыя, устанаўліваюцца ў жылых дамах газа- і электрапрыборы. Яго, як былога электрыка, хвалюе, што ў камісію прыёмкі аб’ектаў не ўключаюць супрацоўнікаў энерганагляду. М.В.Токар паабяцаў разабрацца і даць адказ. І другая прапанова гэтага чалавека, які не назваў свайго прозвішча, — добраўпарадкаваць месца побач рэкламнага шчыта, размешчанага ля аўтадарогі перад в.Рагозна.

Дарэчы, праблему, што датычыцца добраўпарадкавання, узняла Д.Ф.Цімашук. Яна паведаміла, што пасля таго, як райспажыўтаварыства праводзіла да ўнівермага газ, тэрыторыя вакол у парадак так і не прыведзена. У прыватнасці, і пад’езд да варот дома Д.Ф.Цімашук, што быў заасфальтаваны, не набыў ранейшы выгляд. Цяпер жа асфальтавы завод не працуе і хутчэй за ўсё чакаць жанчыне давядзецца да вясны.

А.У.Бакей звярнуў увагу старшыні райвыканкама, што на вуліцы Лесапаркавая райцэнтра неабходны тратуар, бо інтэнсіўнасць руху аўтатранспарту на ёй узрастае. Праблему гэтую, падкрэсліў М.В.Токар, ведаем і ў бліжэйшай перспектыве тут тратуар будзе.

Забудоўшчыца ЖБСК-21 Літвінюк пацікавілася, ці будзе ўзводзіцца дом. З-за таго, што праектна-каштарысная дакументацыя аб’екта была зроблена са спазненнем, будаўніцтва яго адцягнулася, патлумачыў старшыня райвыканкама. Пры адкрыцці крэдытнай лініі работы распачнуць. Крэдыты будуць, як і раней, выдавацца пад 1%, аднак вырасце цана за квадратны метр.

Пенсіянер з вёскі Маціевічы задаў пытанне кіраўніку раёна, як ён сказаў, не толькі ад сябе, але і ад аднавяскоўцаў. Чаму цяпер нельга прадаць (здаць) шкуркі авечак? Атрымліваецца, што яны нікому не патрэбныя. Вось і даводзіцца выкідваць каштоўную сыравіну. М.В.Токар паабяцаў даць адказ, пытанне, як ён заўважыў, слушнае.

Як заўжды, званкі напрамую кіраўніку раёна дапамаглі паскорыць вырашэнне праблем. Аднак некаторыя патрабавалі дэталёвага вывучэння, што і было даручана адпаведным службам. Адказы на іх будуць дадзены жабінкаўцам асабіста ці праз раённую газету.

С.МІКАЛАЕВА.


Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top