Дети за колючей проволокой

Дети за колючей проволокой

Дзеці за калючым дротам
Дзеці вайны. Цяжка ўявіць больш нелагічнае спалучэнне паняццяў, але яно актуальнае для кожнага з 1418 дзён Вялікай Айчыннай. Успаміны аднаго з дзяцей (падлеткаў) вайны моцна ўразілі мяне, я вырашыла запісаць іх як мага падрабязней, а потым перадаць у газету. Каб ведалі і памяталі нашчадкі.
Я, Батуля Аляксандр Калейнікавіч, нарадзіўся 26 жніўня 1925 года ў Залуззі. Фашысты ў нашу вёску, як памятаю, заходзілі рэдка. Напэўна, таму, што яна знаходзіцца недалёка ад Жабінкі, а там стаяў даволі буйны нямецкі гарнізон.
Тым не менш, мяне ўключылі ў спіс тых, каго павінны былі адправіць на прымусовыя работы ў Нямеччыну. У першых чыслах чэрвеня 1942-га, толькі ўзышла бульба, нас, двух вяскоўцаў, немцы накіравалі на падводзе ў Жабінку, да чыгуначнага вакзала. На станцыі ўжо стаялі вагоны, і было многа такіх, як мы. З двух бакоў нас абступілі фашысцкія аўтаматчыкі. Па гэтым калідоры правялі ў вагон. На даху вагона — аўтаматчык, куды ўцякаць? Пра гэта і думаць страшна! Прывезлі ў Брэст,размясцілі ў яўрэйскай сінагозе (зараз на гэтым месцы кінатэатр “Беларусь”). Ні ложкаў, ні матрацаў, адна салома на падлозе. Так мы пераначавалі. Раніцаю немцы правялі санапрацоўку, вопратку “прасмажылі”. Выдалі кожнаму кольца каўбасы і буханку хлеба. Зноў пагрузілі ў таварны вагон. А вагонаў было шмат.
Прыбылі ў Гродна. Медагляд. Ад вопытных вачэй дактароў нічога не магло схавацца, пагэтаму некаторых адпраўлялі ў бок. Хто прайшоў агляд — у барак. Пакармілі і пад дуламі аўтаматаў пагрузілі ў вагон-“цялятнік”. Праз Беласток павезлі ў Нямеччыну. Нікуды нас не выпускалі. У сярэдзіне вагона нары і дзірка каля сценкі, каб апаражняцца. Раз у суткі дзесь на чарговай станцыі канвойны адкідваў засову, і ў вагон падавалі пахлёбку. Везлі нас чацвёра сутак. У горадзе Кіль выгрузілі з вагона і пагналі на баржу. Буксір неўзабаве пацягнуў яе за сабой. Куды вязуць? Узялі кацялок і на рэмені апусцілі ў ваду. Вада — марская, гэта быў заліў. Прычалілі. Усіх людзей пагналі да кар’ера, там сабралі ў кучу. Пад адкрытым небам на пяску пераначавалі пад пільным вокам нямецкіх салдат з сабакамі.
Уранку немцы прывезлі зборныя баракі, і мы пачалі іх манціраваць. У кожным бараку размясцілі па 20 чалавек. Людзей прыбывала і прыбывала… Нас ужо было каля тысячы.
Лагер быў абнесены калючым дротам у некалькі радоў. На вышках аўтаматчыкі. Як толькі скончылі будавацца, пад канвоем павялі на завод. Там жа, у Кілі. Ен знаходзіўся ў метрах чатырохстах ад лагера. На заводзе размеркавалі паводле спецыяльнасцей. Я не ведаў ні такарнай, ні слясарнай справы і мяне запісалі ў вучнёўскі цэх. Навучанне праходзіла на нямецкай мове, якую я няблага ведаў, бо закончыў шэсць класаў школы. Кожны тыдзень “настаўнікі” правяралі, чаму мы навучыліся, і ставілі адзнакі. Хто не засвойваў азы вучобы, тых накіроўвалі ў грузчыкі. Праз некалькі месяцаў адабралі 13 чалавек, у тым ліку мяне, і павялі ў рамонтна-слясарны цэх.
Уставалі ў бараках а шастой гадзіне раніцы. Працоўны дзень пачынаўся з пастраення. І праверкі паводле спісу. Дасюль памятаю свой заводскі нумар — 6105. Ён быў выбіты на бляшанцы і прымацаваны да вопраткі.
У цэху сядзелі два наглядчыкі на 140 рабочых. У першыя дні нам выдалі па дзве спяцоўкі. Усе рабочыя абавязаны былі маркіравацца знакам “Ост”. На чырвонай павязцы былі выбіты гэтыя чорныя літары.
З васьмі гадзін пачыналася праца. Станкі былі самыя сучасныя, і за іх чысцінёй трэба было пільна сачыць. У іншыя цэхі і не спрабавалі зазіраць, нас строга папярэдзілі: сунеш нос — трапіш у канцлагер як шпіён.
Першыя паўгода кармілі абы-як. Сняданак — эрзац-кава без цукру. Абед — суп з бручкі або капуста. Увечары тая ж бручка і тая ж капуста, адна буханка хлеба на чатырох. Працу заканчвалі ў шэсць вечара. Маладыя былі, у галаве круцілася: як бы чаго паесці! Кожнаму выдавалі пачак цыгарэт. Я не курыў — мяняў на хлеб (300г). За шчасце было, калі ганялі прыбіраць гарох да фермера. Нас “пасвіў” наглядчык, аднак мы ўмудраліся незаўважна з’есці некалькі стручкоў. Вось была радасць!
На заводзе, паверхам вышэй, працавалі нямецкія рабочыя. Яны да нас ставіліся добра, асабліва мужчыны сталага веку. Абед ім прывозілі ў тэрмасах. Калі яны заканчвалі палуднаваць, тэрмас выстаўлялі на лесвіцу. Для нас і аб’едкі былі добраю ежай. Знарок адпраўлялі каго-небудзь па рэшткі яды. Было іншы раз і так: рабочыя, праходзячы паўз нас, совалі нам у руку бутэрброд.
Аднойчы я з’еў ажно тры буханкі за адзін дзень! У цэху было адчынена акно. Гляджу — вязуць цэлы прычэп хлеба. Сачу каля выхаду. Хлеб выгрузілі, а з назглядчыкаў нікога не відно. Не памятаю, як апынуўся каля кучы боханаў, схапіў два і назад. Куды схаваць? У цэх несці нельга, а тут ідзе назіральнік. Я кінуў хлеб у акно нейкай падсобкі. Заходжу праз некалькі хвілін туды: стаіць нямецкі рабочы і няўцямна пазірае на хлеб. Я за боханы і схаваў іх за пазухай. Тады рабочы ўсё зразумеў. Паказаў на сваю тумбачку, а пасля працы дапамог вынесці мой хлеб з завода. У той вечар усім рабочым у лагеры далі па буханцы, бо ў час бамбёжкі снарад разгерметызаваў склад. Каб хлеб не сапсаваўся, яго аддалі нам. Дзве буханкі я з’еў адразу. Трошкі паляжаў і з’еў палову трэцяй. Потым падумаў: а раптам мяне заўтра заб’юць? І з’еў яшчэ палову.
Калі над заводам кружылі самалёты, аб’яўлялася трывога. Для нас зрабілі асобнае бамбасховішча, абы-якое, а вось нямецкія рабочыя спускаліся ў сваё, надзейнае. Дык я з цягам часу хітрыў: здымаў павязку са знакам “Ост” і спускаўся разам з імі. Глыбіня гэтага сховішча была 10 метраў, таўшчыня сцен — 2 метры.
Ці спрабавалі мы ўцячы з лагера? А куды? Першае, што нам убівалі ў галаву, — гэта бязмэтнасць уцёкаў. Уцекачоў хутка знаходзілі, бо за лагернай агароджай знаходзіліся маякі, ды і вопратка ў нас была не тая. Злоўленых жорстка білі. Але насмерць не забівалі. Заводу патрэбны былі рабочыя.
Праца на заводзе для нас закончылася 2 мая 1945 года. Раніца, 6 гадзін, у барак да нас ніхто з наглядчыкаў не прыйшоў. Ляжым, думаем: што здарылася? Нарэшце выйшлі з баракаў. Нібыта ўсё, як і заўсёды: на вышках ахоўнікі. Але ў гэты дзень на працу нас не павялі, толькі пакармілі.
Пачалі мы прыглядацца, што робіцца навокал. На ацалелых дамах вісяць белыя сцягі. Няўжо канец вайне?.. Немцы пра нас успомнілі 6 мая. У барак ускочыў наглядчык з пісталетам у руцэ. Загадаў збіраць рэчы і хавацца ў бамбасховішча ад авіяналёту. Хтосьці з рабочых заўважыў, што раней у наглядчыкаў былі толькі дубінкі, палкі, а цяпер… Мы хутка прынялі рашэнне: у бомбасховішча не заходзіць. Калі будуць страляць — у ход пускаць камяні. Бачым: каля яго стаіць што гурт падрыўнікоў. Бы статак авечак, стаялі мы і пазіралі, але камандаў ужо ніхто не выконваў. Чамусьці немцы не наважыліся ў нас страляць. Тую ноч мы не заходзілі ў баракі і не клаліся спаць. Усім хацелася жыць.
Назаўтра ніводнага наглядчыка, ніводнага ахоўніка ў лагеры не было. Яны ўцяклі, а каменданта мы самі арыштавалі. Што рабіць далей? Вырашылі дзесяць чалавек выправіць на пошукі нашай вайсковай часці. Але дзесьці а дванаццатай гадзіне да нас прыехалі амерыканцы. Ад іх мы і даведаліся пра Перамогу.
Цэлы месяц пра нас ніхто не ўзгадваў. Самі сабе здабывалі яду, для чаго разышліся хто куды. А потым у лагер прыехалі вярбоўшчыкі з СССР, угаворвалі вяртацца дамоў (мы маглі ехаць у любую іншую краіну). 4 чэрвеня 1945 года ў лагер прыйшла калона грузавікоў. Нас павезлі ў Кіль на чыгуначны вакзал. Павезлі на Усход. У горадзе Расток я быў залічаны ў сапёрны батальён. Праслужыў у войску тры гады.
Пасля вайсковай службы вярнуўся дадому. Ажаніўся, выгадаваў чацьверых дзяцей, даў ім адукацыю. Зараз у мяне сямёра ўнукаў і васьмёра праўнукаў. Жыву ў маленькай вёсцы Багны.
Запісала Н.КУЛЬМУРАТАВА, настаўніца матэматыкі Маціевіцкай базавай школы.
На здымку: А.К.Батуля з вучнямі Маціевіцкай школы.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top