Калыска веку

Калыска веку

Нарыс

Каму не зычылі на дзень нараджэння: “Жыві да ста гадоў у здароўі, радасці і шчасці!”? Дзесяць дзясяткаў амаль недасягальныя, дараваны Богам далёка не кожнаму. Таму і пашпарт у сорак пяць нам выдаецца пажыццёва. Наступны — толькі ў 100 гадоў — адзінкам, блаславёным лёсам.

Я бачыў у жыцці шматвекавыя дрэвы і будынкі. Ды ўпершыню — жывога чалавека, які пражыў свой нялёгкі век. Барвова-залаты кастрычнік, ласкава-цёплы з павучкамі ў павуцінках прынёс сапраўдны юбілей. Яго бабуля Марыя святкавала гожа — у атачэнні дзяцей і унукаў, праўнукаў і прапраўнукаў — усяго вялікага роду, які сабраўся ля Калыскі веку, каб павіншаваць Марыю Іванаўну Шаўчук са стагоддзем.

Хлеб з вадой і пірог з бядой

АД НАРАДЖЭННЯ была яна Сахарук. Аднак толькі прозвішча мела “цукровае” — жыццё выдалася з горкім прысмакам. Час быў асабліва трывожны, калі шуганула-палыхнула на захадзе Першая сусветная вайна, якая сагнала людзей з родных мясцінаў. Паехалі і Сахарукі з Сычова ў бежанцы. Цягавіты Іван, працавітая Апраска на хуткую руку сабралі ў клуначкі няхітрыя пажыткі, дзяцей — першаніцу Ганьку, хворага Мішу, наймалодшых Машу і Волю, — пасадзілі на воз ды рушылі ўглыб Расіі, у Пензу.

У тыя галодныя гады і скарыначцы, змочанай у вадзе, радаваліся. Каб толькі горш не было…

— Лепей хлеб з вадой, чым пірог з бядой, — вучылі старэйшыя.

Без бяды аніяк — яна наўкола. Зімой рукі на лютым марозе стынуць, ад бясхлебіцы ледзь ногі валочыш… А побач — іншыя размовы, уклад, адчуваеш сябе быццам кавалкам адрэзаным, пушынкай, закінутай на чужыну злым ветрам. Таму як на Беларусі трохі “развіднела” — сусветная бойня спынілася — бацька ў роднае Сычова зазбіраўся.

— Досыць чужы хлеб есці, трэба вяртацца! — сказаў увішны земляроб.

Выязджалі з родных мясцінаў, калі была тут Расія, а вярнуліся ўжо ў Польшчу.

Бацька шчыраваў не пакладаючы рук, жылы цягнуў ад цямна да цямна. Кожны златовік, кожны грош зберагаў, каб толькі хутчэй гаспадарку падняць, што зарасла бур’яном. Зямлю прыдбаў у Лісках, купіў кароў, каня, драўніну на зруб… Толькі жыццё стала наладжвацца, як раптоўна памерла мама. Папрасіла дачку жбан хлебнага квасу паднесці, выпіла — і вочы заплюшчыліся. Хто ж ведаў, што хворых на тыфус на кіслае цягне?..

Тады зведалі сіроты, якім бывае пірог з бядой.

Калі любіш — жаніся, а не любіш — адкасніся

АД СЯБРОВАК — дачок Несцеравых навучылася Марыя ткацтву, вышыўцы, яшчэ шаснаццаці не было, а ўжо мела пасаг рукатворны. І цяпер у сям’і захоўваецца трохмятровы плат, сатканы і вышыты з любоўю бабуляй Марыяй: намітку раней на святы апраналі ды на смерць завівалі.

— Як жа кроснаў не знаць, не ўмець шыць, вышываць? — здзіўляецца жанчына. — Нельга ісці пад вянец беларучкаю, дый хлопцы ў бок лайдачкі не глянуць. Глядзіш, і ў дзеўках можна застацца…

Ёй было дзевятнаццаць, калі сваты завіталі прасіць Івана Сахарука аддаць дачку за Івана Шаўчука. Стары Іван маладога Івана ў працах “праэкзаменаваў” ды строга папярэдзіў:

— Калі любіш — жаніся, а не любіш — адкасніся!

Ладная пара склалася. Хутка з гарышча дасталі калыску, зробленую старым Іванам з грушавага дрэва. Некалі ў ёй калыхалі Марыю, цяпер яе дачушак: спачатку Васілісу, затым Валю, Тоню, Жэню. Наймалодшая Надзея нарадзілася ўжо ў вайну — 8 снежня 1943 года.

Вядома, які быў час. Жылі-гаравалі, страху нацярпеліся. Вёска Ліскі — ля лесу, а ў ім партызаны. Недалёка і фашысцкі гарнізон. Аднойчы немец на падворак завітаў і хлеў падпаліў. Стаяў з ружжом, сачыў, каб выгарала да тла, ды гразіў:

— Заб’ю, калі ўздумаеце тушыць!

Пасля вызвалення нашай зямлі ад фашысцкай навалы Марыя праводзіла свайго Івана ў войска. Стаў ён аўтаматчыкам 101-га гвардыі стралковага палка, з баямі вызваляў Польшчу, дзе й склаў галаву ў баі за вёсачку Главачуў. Марыя атрымала пахавальны ліст, а ў ім — лаканічная вестка: “…гвардыі радавы Іван Гаўрылавіч Шаўчук загінуў верным воінскай прысязе, праявіўшы геройства і мужнасць, 14 студзеня 1945 года”.

Як некалі ён кляўся сваёй Марыі ў вернасці, так і яна ўсё жыццё ўдава салдата.

Родныя шукалі праз польскі Чырвоны Крыж, дзе дзед ляжыць. Толькі цераз дваццаць гадоў даведаліся: астанкі савецкіх байцоў з ускрайку вёскі пасля вайны перазахавалі на могілках у горадзе Гарвалін, там і захоўваюцца ў брацкім пахаванні пад №134.

Старэйшая дачка Васіліса скрушна прызналася:

— Хоць ведаем даўно, дзе ён ляжыць, але дасюль не давялося з’ездзіць на бацькаву магілу.

А я міжволі прыгадаў, як пяць гадоў таму, патрапіўшы ў Гарвалін па навуковых справах, больш за гадзіну праблукаў па могілках. Мой дзед Мацвей загінуў у адзін дзень з Іванам Шаўчуком… Такія вось бываюць супадзенні.

Анёл на печы душу лечыць

СЁННЯ ў Лісках тры хаты, дзе жыццё цепліцца.

— Сяло было! — уздыхае векавы чалавек. — З гары пачыналася і цягнулася ажно да Баранцоў. Дзе яно дзелася? Яшчэ трошкі — і будзе толькі дарога, нікога не будзе!

Пасля вайны канём вазілі чарназём на белы пясочак, каб нешта расло — і было сяло. Сярпамі жалі, за працадні гарбаціліся ў любую пару, на балоце касілі, сена ў капцы складалі, каб зімой, як мароз дарогу вымасціць, дамоў везці. Жылі вялікай сям’ёй: спачатку пры лучыне, затым лямпу запалілі, цяпер электрычнасць прыйшла. Сяло абмялела, стала самотным хутарам…

Аднаго разу, калі агарнула адзінота, бабуля ў сне пабачыла гожага юнака, што на печы сядзеў. Трымаў ён у руках кошык, а ў ім — залатыя плады, якія зіхацелі, быццам райскія яблычкі.

— Трэба, Марыя, мне ісці. У суседняй вёсцы жыве сама-адна жанчына, вельмі хварэе, аднясу ёй падарунак. А ты не хвалюйся — я цябе не кідаю, вярнуся абавязкова!

У дзевяноста тры яна захварэла. Вылечылі мандарынкі. Смактала сок залатых пладоў і здаравела! Апошнія пяць гадоў на кожны дзень нараджэння Марыі Іванаўны ў Лісках збіралася шматлікая радня, ля хаты накрываўся стол з пачастункамі. Канечне, зычылі ста гадоў, якія былі ўжо не за гарамі.

А напярэдадні раптам зноў захварэла.

— Мусіць не дайду, — сказала.

Зяць Віталь Антонавіч “Хуткую” выклікаў. Фельчар укалоў укол і шчыра паведаміў:

— Калі да раніцы дажыве — будзе добра.

А яна, якая ўжо не рэагавала, нікога не пазнавала, патаемна з Анёлам размаўляла, які ціха прашаптаў:

— Трэба дайсці — пасвяткаваць.

Ачуняла, ажыла, вочы заіскрыліся, дастала мільёны, на дамавіну прыхаваныя, і спыталася:

— Ну, і як мы будзем далей збірацца? Вось грошы, трэба стагоддзе святкаваць!

Яе запаветная вяршыня

ЗНОЎ з гарышча знялі калыску. Вакол цудоўнай сямейнай рэліквіі за шырокімі сталамі паселі, як кажуць, “усе свае”.

На запаветнай векавой вяршыні яна, прапрабабуля Марыя Іванаўна Шаўчук.

На прыступку ніжэй — пяць дачок, што жывуць у Лісках, Песках, Беластоку, Брэсце. А далей — па лесвіцы — 19 унукаў, 46 праўнукаў, 4 прапраўнукі.

— Маіх дзетак няма толькі ў Аўстраліі, — з усмешкай гаворыць пачынальніца багатага роду…


А.БЕНЗЯРУК.

На здымках: стогадовая Марыя Іванаўна Шаўчук; ля Калыскі веку; гарэзліва гуляюцца праўнукі.

Фота А.Шыманскага.



Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top