Хочацца ўлетку падзарабіць падлетку

Хочацца ўлетку падзарабіць падлетку

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

Летнія канікулы – любімы час школьнікаў. А яшчэ лепш праводзіць вольны час, калі ў кішэнях ёсць грошы. Можна, канечне, папрасіць іх у бацькоў, аднак зарабіць самастойна дзеля набыцця жадаемай рэчы – куды сур’ёзней, дый па-даросламу. Для старшакласнікаў Данііла Казлякоўскага, Паўла Захарчука і Ангеліны Савосінай праблема кішэнных грошай, можна сказаць, вырашана. Яны з першага дня ўборачнай кампаніі ў ААТ “Вазнясенскі” ўладкаваліся на зерняток.
…Для Данііла, вучня адной з брэсцкіх школ, гэта будзе першы заробак. Ён прыехаў на канікулы да бабулі з дзядулем у вёску. Вырашыў адпачыць ад гарадской мітусні на ўлонні прыроды, дый заадно падзарабіць. Работа – падкідваць рыдлёўкай збожжа або падмятаць падлогу на складзе – яму не здавалася складанай. А тое, што ў першы дзень мазалі чаранком нацёр, дык гэта ж ад працы, не ад ляноты! Для Паўла і Ангеліны рупіцца на зернетаку не ў навіну. Падлеткі – мясцовыя, нярэдка дапамагаюць бацькам, якія працуюць у ААТ “Вазнясенскі”. Сёлета прыйшлі на зерняток з пэўнай мэтай. Павел летась за сваю ўласную зарплату купіў мабільны тэлефон, сёлета мяркуе зарабіць на больш каштоўную рэч – ноўтбук. Ангеліна, як дзяўчына, плануе расстацца з грашыма на рынку, калі будзе абнаўляць свой гардэроб. А пакуль усе трое падлеткаў дружна шчыруюць на збожжаскладзе. Хутка да іх падключыцца яшчэ адзін юны руплівец. Працоўны дзень падлеткаў невялікі – 4 ці 6 гадзін, як таго патрабуе заканадаўства.
– Яны – малайцы, не цураюцца ніякай працы, робяць усё, што патрабуецца, без замінак, – кажа начальнік ЗСК Святлана Захарчук. – Хлопцы не кураць, таму з “перакурамі”-пяціхвілінкамі праблем няма. Павел, Ангеліна і Данііл сябрукі, таму рыдлёўкамі і шчоткамі працуюць дружна. Лічу, што варта ва ўсіх сельгасарганізацыях даваць магчымасць падлеткам зарабіць. Тады яны пачынаюць разумець, як няпроста дастаюцца грошы бацькам – у спякоце, пыле ды поце. Гэты жыццёвы вопыт дорага каштуе.
На здымку: Данііл Казлякоўскі, Павел Захарчук і Ангеліна Савосіна на зернятоку ААТ “Вазнясенскі”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro