Криминальная хроника

Криминальная хроника

Колькі каштуе прыватны падвоз?

Берасцеец (дарэчы, чалавек зусім не бедны — дырэктар прыватнага прадпрыемства) у ноч на 22 лістапада вырашыў падзарабіць на ўласным аўто, якое ператварыў у “таксі”. Паблізу атэля “Інтурыст” у горадзе над Бугам падхапіў пасажыра, што назваўся вадзіцелем-дальнабойшчыкам. “Дальнабойшчык” не выклікаў ніякіх падазрэнняў у кіроўцы, паабяцаў шчодра расплаціцца за паслугу. Неўзабаве “таксіст” моцна пашкадаваў аб сваёй непрадбачлівай даверлівасці, таму што пасажыр, як высветлілася пазней, толькі нядаўна выйшаў з-за кратаў. У 4.50, замест таго каб дастаць кашалёк, былы зэк выхапіў з кішэні… нож і паспрабаваў завалодаць машынай. Праз лічаныя гадзіны рабаўніка затрымалі ў Шчэгліках.

Злодзеі не адпачываюць ніколі

У святочны дзень 7 лістапада мабільная група міліцыі затрымала ў Азятах падазронага вяскоўца, які пад покрывам ночы перавозіў на веласіпедзе мех, напоўнены рознымі рэчамі. Калі пачалі разбірацца, высветлілася, што грамадзянін ужо тройчы прабіраўся ў пустуючыя дамы і дачы. На гэты раз ягоны “ўлоў” (у асноўным электрапрыборы) быў выкрадзены ў суседняй вёсцы Сычова.
Патрэбна адзначыць, што апошнім часам пачасціліся падобныя выпадкі. “Пад прыцэлам” у зламыснікаў найчасцей хаты і кватэры, дзе адсутнічаюць гаспадары. Так было ў лістападзе ў райцэнтры, Селішчах, Свішчах, Лясотах…

Камень — зброя хулігана

Малады жыхар вёскі Пруска, што прыехаў у раённы цэнтр, у пошуках “вострых адчуванняў”, вырашыў прадэманстраваць сваю зухаватасць падпіўшай кампаніі. Не знайшоў іншага выхаду сваёй “энергіі”, як пацэліць каменем… у шкло магазіна. За прылюднае парушэнне грамадскага парадку хулігана чакае адказнасць паводле часткі 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае папраўчыя работы альбо штраф.

П’яны — вораг не толькі сабе

Жыхара суседняга Камянецкага раёна знайшлі ў кювеце паблізу дарогі Камянец — Жабінка — Федзькавічы. Што прывяло яго “Таёту-Карыну” ў такое нязручнае месца? Прычына, на жаль, банальная: спіртное, што выяўлена ў крыві кіроўцы. У аварыю вадзіцель трапіў не адзін, а з пасажырам. Менавіта таму супраць гаспадара “Таёты” ўзбуджана крымінальная справа за парушэнне правілаў дарожнага руху, што прывяло да цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

“Прыгоды” македонца

У гэтым выпадку аварыя магла прывесці да жахлівых вынікаў. На шчасце, усё скончылася добра і для кіроўцы, які быў п’яны ў дым. Справа адбывалася на самай ажыўленай трасе краіны Брэст — Мінск — граніца Расійскай Федэрацыі. Парушальніка здолелі спыніць толькі каля вёскі Хадасы. Аднак размаўляць з ім была нялёгкая справа. Па-першае, у крыві вадзіцеля ўтрымлівалася звыш двух праміляў алкаголю. А па-другое, ён аказаўся грамадзянінам Рэспублікі Македонія.

У.ЖУК, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top