Пайшоў у вечны бор

Пайшоў у вечны бор

10 ліпеня паэту і перакладчыку, журналісту, адказнаму сакратару “Сельскай праўды”, былому старшыні літаб’яднання “Плынь” Васілю Сахарчуку споўнілася б 65. На жаль, 15 гадоў яго няма ўжо з намі. Але засталася добрая памяць аб паэце: яго імя носіць адна з новых вуліц у Жабінцы, дагэтуль у рэпертуары знакамітага гурта “Сябры” песня на ягоныя словы “Усё на свеце выпадкова…”, аўтары прысвячаюць яму вершы.
Рэдактар пасмяротнага Сахарчуковага зборніка Віктар Шніп у дзённіку запісаў: “Відаць, Васіль Сахарчук, даючы назву кнізе “Мой вечны бор”, думаў не пра звычайны лес, а пра тыя крыжы на магілах, дзе яму вечна ляжаць. А значыць, ён рыхтаваўся да свайго сыходу. І хто мог яго стрымаць? Жонка? Сябры? Выхад новай кнігі? Не ведаю… Але дакладна ведаю, што паэтам у гэтым свеце сапраўды бывае настолькі цяжка жыць, што яны аднойчы канчаткова вырашаюць сысці ў свой вечны бор, у якім няма ні зайздрасці, ні спрэчак, ні звадак, бо ўсе мы ляцім да зор”.
З гэтым выказваннем мінскага паэта нельга не пагадзіцца. Бо ў тым жа зборніку сам Васіль напісаў: “Шчаслівыя вершаў не пішуць, – і адразу ж дадаў: – Не пішуць і не чытаюць…”
Васіль Сахарчук (1953–2003) пражыў няпоўных 50 гадоў, але пакінуў пасля сябе прыкметную спадчыну: шэраг паэтычных кніг – усё той жа “Мой вечны бор”, “Ранішні госць”, “Даніна” ды “Зорны мост” у зборніку “Крыло”, а таксама кніжку для юнага чытача “Што такое? Хто такі?” і тры – перакладаў з балгарскай мовы.
Цяжка пераацаніць ролю Васіля ў збіранні і гуртаванні літаратурных сіл вакол раённай газеты “Сельская праўда”. Васіль Гадулька, Іван Дацкевіч, Светламіра Васілюк, Ірына Поўх, Андрэй Божуль надрукавалі свае першыя творы ў “Плыні” ў той час, як літаб’яднанне ўзначальваў Сахарчук. Ніжэй публікуем некаторыя ўспаміны “плынеўцаў”.
Алесь Каско:
– Пра саўгаснага пастуха Васіля Гадульку, які піша вершы, першаму вяскоўцы паведалі мне, тадышняму, як і Сахарчук, жабінкаўскаму журналісту, хіба што з крыху большым стажам; у дадатак я лічыўся кіраўніком раённага літаб’яднання. Навіна зацікавіла, аднак росшук дзівака, які не толькі п’е, а і цешыць вершамі рэдкіх хаўруснікаў (мне падалі яго так), я адклаў да зручнага выпадку: буду з рэдакцыйным заданнем у ягоных ваколіцах, тады і знайду (выпадак не надарыўся – я неўзабаве перайшоў на тэлестудыю ў Брэст).
Зусім інакш паставіўся да загадкавага паэта Васіль Сахарчук. Інтуіцыя, ды логіка, ды дабрыня беспамылкова падказалі яму: калі чалавек дасюль не аб’явіўся сам, не назаляе рэдакцыі сваімі вершамі, дык, мусіць жа, не абы-хто, не шарачковы графаман…
Давер паміж двума Васілямі ўсталяваўся адразу. Ці не з першай сустрэчы Сахарчук прывёз тузін вершаў Гадулькі – вершаў патаемных, далёкіх ад тых свавольных і лёгкіх, што чыталіся аўтарам пад кругавую чарку, і неадкладна надрукаваў іх у раёнцы.
Васіль Гадулька:
– Сярод нашых паэтаў ёсць толькі адзін чалавек, якому я магу даверыцца ва ўсім. Гэта карэспандэнт раёнкі Васіль Сахарчук… Спачатку ён быў мне ў многім настаўнікам, а цяпер чамусьці вырашыў, што я ўжо і так дастаткова адукаваны, і ў вершах маіх, якія адразу аддае ў друк, не кране нават знакаў прыпынку, хоць у пунктуацыі я яшчэ “плаваю”.
Іван Дацкевіч:
– У той час, калі вярнуўся з Урала на радзіму, я са сшыткам вершаў завітаў у рэдакцыю газеты “Сельская праўда”. Васіль Сахарчук, які кіраваў літаб’яднаннем “Плынь”, прыняў мае творы з цеплынёй і добразычлівасцю. Ва ўсёй яго паставе адчувалася радасць ад таго, што з’явіўся новы творчы чалавек. У хуткім часе першая нізка вершаў была надрукавана ў “Сельскай праўдзе”. З той пары пачалося наша сяброўства. Я памагаў Васілю будаваць лецішча…
Андрэй Божуль:
– Згадваецца восемдзесят дзявяты год, калі першы раз я пераступіў парог рэдакцыі раённай газеты. У руках я трымаў вялікі зялёны сшытак са сваімі вершамі. Дакладней, гэта быў той “сырэц”, які спачатку нараджаўся ў галаве, а затым і на паперы. У асобе Васіля Якаўлевіча Сахарчука я займеў таленавітага паэта, добрага і разумнага чалавека. Ён прыняў мяне шчыра, нібы блізкага прыяцеля, вучыў, як працаваць са словам, шукаючы тое адзінае, якое б дайшло да сэрца чытача. Неўзабаве мае спробы з’явіліся поруч з вершамі Гадулькі, Дацкевіча, Ганчука, іншых мясцовых аўтараў.
Васіль Сахарчук не толькі друкаваў свае кнігі, але й дапамагаў маладзейшым набыць імя ў літаратурных колах. Таму ж Андрэю Божулю ён падараваў толькі што выдадзеную кнігу “Даніна” з пажаданнем добрага творчага шляху. Пастаянна апекаваўся ён над Іванам Дацкевічам, Светламірай Васілюк і асабліва над Васілём Гадулькам. І тое, што паэт з Федзькавічаў заняў сваю пачэсную нішу ў літаратуры, таксама пэўная яго заслуга.
Зараз, пасля Васілёвай смерці, наступнікі імкнуцца гуртаваць літаратурныя сілы вакол раёнкі і выпускаць старонкі “Плынь”, дастойныя лепшым Сахарчуковым. А ён з таго вечнага бору быццам і сёння азірае свой пройдзены шлях.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.

P.S. Мы прапануем чытачам тры вершы: першы напісаў Сахарчук да свайго 40-годдзя, а таксама чулае слова ў вянок паэту ўплялі аднакурснік Анатоль Шушко і Ніна Радзінская, што жыве ў Казахстане.

 

Васіль САХАРЧУК

10 ліпеня 1993 года

Праз два дні па Яне,
за дзень да Пятра
ранак сыпне
з неба коўш серабра.

Сонца пральецца
вясёлкай на дол.
Сыдзе па ёй
да мяне мой анёл.

Скліча гасцей
і збярэ на гары.
Сорак сарок
застракоча ў бары.

Вестку падхопіць
лагодны зефір
і панясе
ў яснавокую шыр.

Сумна і светла
на свяце душы
стаць на вяршыні,
нібы на мяжы.
Дзень прамінецца,
надыдзе Пятрок.
З дрэва сарвецца
пажоўклы лісток.

Год адсвяткуе
свой звыклы зеніт.
Ліпень змайструе
для восені плыт.

Бор, захаваўшы
настрой свой святы,
плашчык заменіць
на строй залаты.

Лісце змарнее
і стане травой,
каб заквітнець
з новай сілай вясной.

Вечны мой бор,
я і ў гэтым бары
пройдзены шлях
азіраю з гары.

 

Анатоль ШУШКО

* * *

Светлай памяці аднакурсніка

“Запарушана вока, –
Ціха скардзіцца песня. –
Мой каханы далёка,
Не чакае ля весніц.

Не кувай ты, зязюля,
Не кувай штохвілінна.
Любы сыне матулю
Назаўсёды пакінуў…”

Край крынічны – святочны.
Край зялёны і весні.
Запарушаны вочы.
Загалошана песня.

 

Ніна РАДЗІНСКАЯ

* * *

В. Сахарчуку

Почему век короткий
У прекрасных душой?
Как свеча, одинокий:
Догорел – и ушёл.

Если кто не заметил,
Что горел огонёк,
Значит, сам был не светел
Или слишком далёк…

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*