Ко всемирному дню борьбы со СПИДом. «Круглый стол»

Ко всемирному дню борьбы со СПИДом. «Круглый стол»

“Трэба імкнуцца да нуля”

Гэтыя словы, што сталі тэмай сёлетняга Сусветнага дня барацьбы супраць СНІДу, лейтматывам гучалі ў час “круглага стала”, які ладзіўся ў райвыканкаме пад кіраўніцтвам намесніка старшыні А.С.Ануфрыюк. У гутарцы бралі ўдзел медыкі, начальнікі аддзелаў па справах моладзі і культуры райвыканкама, першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Прыводзім вытрымкі з абмеркавання праблемы, у якой, як і чакалася, найбольш актыўнымі былі ўрачы.
Н.П.Шосцік, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна — галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:
— Кампанія “Трэба імкнуцца да нуля”, разлічаная на пяцігодку, праводзіцца пры падтрымцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Яна ахоплівае жыццёва важныя пытанні, што тычацца груп насельніцтва, якія пакутуюць ад інфекцыі. У адносінах да хворых павінна працаваць тры “не”: не распаўсюджваць, не прыгнятаць, не паміраць! Дырэктар Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДу Мішэль Сідзібе, прынамсі, гаварыў, звяртаючыся да чалавецтва: “Я веру ў грамадства, дзе “нуль” — новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі; “нуль” — дыскрымінацыі; “нуль” — смерцяў, выкліканых СНІДам. Некалькі гадоў таму мы маглі толькі марыць пра тое, цяпер ведаем, што можам гэтага дабіцца”.
А.І.Лаўрукевіч, галоўны ўрач Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы:
— Аднак захворванне надзвычай небяспечнае і вераломнае. Зараз у Беларусі ўжо зарэгістраваны 12751 выпадак ВІЧ-інфекцыі, у тым ліку 942 на Брэстчыне. За дзесяць месяцаў гэтага года ў краіне выяўлена 992 новыя выпадкі, прычым, назіраецца тэмп росту ВІЧ-інфекцыі і павелічэнне захворванняў у параўнанні з мінулагоднім перыядам. Дарэчы, гэта характэрна для ўсёй Усходняй Еўропы.
Г.В.Максіменка, урач-інфекцыяніст раённай бальніцы:
— Добра, што ў нашым раёне такога ўсплеску не назіраецца. Як і раней, з 1987 года (менавіта тады пачалі рэгістравацца хворыя на ВІЧ) колькасць іх на Жабінкаўшчыне спынілася на лічбе 10. (З іх адзін чалавек памёр некалькі гадоў таму, яшчэ адзін перасяліўся ў Гродзенскую вобласць, аднак па-ранейшаму рэгіструецца па месцы, дзе было выяўлена захворванне, гэта значыць — на Жабінкаўшчыне). Каб станоўчая тэндэнцыя ў нас захоўвалася, патрэбны агульныя намаганні.
Гэтыя выказванні знайшлі паразуменне ў прысутных. Яны пагадзіліся: у раёне павінна праводзіцца больш мерапрыемстваў, скіраваных на папярэджанне небяспечных захворванняў. Надзеі на будучыню спраўдзяцца, калі ў ёй не будзе СНІДу.

А.РОСТАЎ.
На здымку: у райвыканкаме пад час «круглага стала».
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top