У чарговы раз у падарожжа па малой радзіме

У чарговы раз у падарожжа па малой радзіме

З надыходам летніх канікулаў 6 “Б” клас першай гарадской школы адправіўся ў велапаход. Для параўнання летась у велападарожжы прынялі ўдзел 27 чалавек, сёлета – 35. Нас пабольшала на чацвёра бацькоў і столькі ж вучняў, падоўжыўся і час паходу. Стартавалі ад школы, праехалі Мухіну яму і накіраваліся па бетонцы ў бок Залуззя. Перад вёскай звярнулі да Мухаўца і праз хвілін дзесяць апынуліся на мінулагодняй стаянцы. Дзякуючы тэхнічнай падтрымцы ў асобах Юрыя Піўчыка, Аляксандра і Алены Гацкевічаў да месца даехалі ўсе разам.
Стравай дня была самая сапраўдная юшка! І завіхаўся ля яе наш шэф-повар Аляксандр Уласюк, які па сумяшчальніцтву яшчэ й асабісты фотакарэспандэнт 6 “Б”. А тым часам другі кухар Уладзімір Дземядзюк смажыў сасіскі, каб мы маглі падсілкавацца і аднавіць затрачаную на дарогу энергію. Адказным за вогнішча быў Дзмітрый Заяц. Не абышлося і без печанай на ім бульбы! Вырашылі запякаць яе з салёным салам у фальзе. Бульба сапраўды атрымалася вельмі смачнай. Мы яшчэ прысыпалі яе зялёным кропам і цыбуляй. А займаліся прыгатаваннем гэтай стравы Юлія Якімук і Алеся Крашэўская. Тым часам Аксана Ігнацюк і Марыяна Варабей наразалі гародніну і сервіравалі наш паходны стол.
Каб не губляць час дарма, Таццяна Куніцкая з Інай Байцун арганізавалі для хлопчыкаў і дзяўчынак рухомыя гульні. З задавальненнем дзеці гулялі ў піянербол, у квача (салкі), хованкі. Усе актыўна адпачывалі, дэманструючы спрыт, хуткасць ды кемлівасць.
Паколькі сёлета група папоўнілася новымі ўдзельнікамі, было вырашана яшчэ раз наведаць гідравузел № 9 “Навасады” і аднавіць веды па геаграфіі. Дарэчы, леташні паход паспрыяў добраму напісанню практычнай работы па гэтым прадмеце.
Вядома, што кожны турыст павінен умець паставіць палатку. У нас іх было дзве, прычым палатку Арцёма Ігнацюка, як высветлілася, яшчэ і не кожны дарослы здолее правільна сабраць і ўстанавіць. Таму запланаванае спачатку спаборніцтва адклалі і арганізавалі лікбез для ўсіх прысутных, бо, магчыма, наступны паход будзе з начоўкай. А што рабіць, калі начлег застаў у дарозе, а палаткі няма?! Тады можна змайстраваць шалаш. Гэта прадэманстравалі хлопчыкі, якія хутка пабудавалі яго з яловых лапак, галінак і сухой травы.
Патрэбна адзначыць, што ў паходзе вялікая ўвага надавалася правілам бяспекі і ахове здароўя. Таццяна Людына паклапацілася, каб у нашым падарожжы былі неабходныя сродкі для аказання медыцынскай дапамогі. Яна расказала і пра карысць травяной гарбаты. Пад яе кіраўніцтвам жадаючыя нарвалі малінніку і святаянніку, з якіх атрымаўся смачны, духмяны, а самае галоўнае, карысны напой.
Сем гадзін праляцелі як адно імгненне. За гэты час мы паўтарылі правілы дарожнага руху, замацавалі веды па геаграфіі і краязнаўстве, навучыліся ставіць палаткі, знаходзіць лекавыя расліны. Даведаліся, як гатуецца традыцыйная беларуская юшка і колькі відаў рыбы павінна быць у ёй. Узгадалі, якім чынам можна запекчы ў вогнішчы бульбу, правялі эксперымент: якія малочныя сасіскі смажацца на агні лепш – бярозаўскія ці брэсцкія – і якія з іх смачнейшыя. Мы весела правялі час, а самае галоўнае – дзеці былі разам з бацькамі!
Хочацца выказаць шчырыя словы ўдзячнасці класнаму кіраўніку 6 “Б” класа Юліі Дусь. Дзякуючы яе энергіі, жаданню бачыць нас адной вялікай дружнай сям’ёй сталі магчымы такія мерапрыемствы. Юліі Аляксандраўне падабаецца адкрываць свет сваім вучням і іх бацькам, таму не толькі дзеці, але й дарослыя актыўна і з вялікай ахвотаю адгукаюцца на яе прапановы.
Асабістыя словы падзякі – Таццяне Людына і Таццяне Куніцкай, якія ўзялі на сябе ўвесь клопат па арганізацыі гэтага паходу і разам з класным кіраўніком былі яго ідэйнымі натхняльнікамі.
Людміла ЦУПА, уласны карэспандэнт 6 “Б” класа першай гарадской школы.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top