Конкурс «А ну-ка бабушки»

Конкурс «А ну-ка бабушки»

Чыя бабуля найлепшая?

Спецыяліст сацыяльнай работы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Валянціна Шалягейка аб’явіла аб пачатку конкурсу “А-ну, бабулі!”, удзельнікамі і гледачамі якога былі людзі, для каго ўласцівы мудрасць жыцця, напоўненая багаццем ведаў і духоўнымі каштоўнасцямі.
У конкурсе ўдзельнічалі чатыры бабулі: чароўная і адухоўленая Людміла Васільеўна Дошчык, шчырая і памяркоўная Яўгенія Васільеўна Сасноўская, клапатлівая і вясёлая Валянціна Паўлаўна Чарнейка, забаўная і абаяльная Вера Васільеўна Бялова. Не абышлося і без дзядуляў. Яны былі запрошаны ў журы конкурсу, якое ўзначаліў старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц.
Першым быў конкурс “Наш радавод”, у якім неабходна было расказаць пра сваіх продкаў, захаванне сямейных традыцый і рэліквій, жыццёвую мудрасць у выхаванні дзяцей. Людміла Дошчык прапанавала кампазіцыю з кветак, што раслі з зямлі ярусамі, кожны з якіх уяўляў сабою мінулыя пакаленні. Было прадстаўлена пяць з іх са сваімі жыццёвымі пазіцыямі і ўкладамі. А яшчэ канкурсантка расказала пра дзядулю і бабулю, іх каханне і жыццё ў часы Першай сусветнай вайны, а таксама ў бежанцах.
Яўгенія Сасноўская пазнаёміла з генеалагічным дрэвам праз малюнак. Ад сямейных каранёў дзядоў-сялян ішлі бацькі, ад іх у бакі разыходзілася шэсць галінак: столькі было дзяцей — чатыры дачкі і два сыны. Далей пайшлі маладыя парасткі — яшчэ тры пакаленні. Старэйшай праўнучцы Яўгеніі Васільеўны — 16. На стогадовы юбілей бабулі і прабабулі Хрысціны Ніканаўны (тры гады не дажыла да юбілею) паслухаць яе жывы голас у запісе і пажаданні нашчадкам, сабраўся амаль увесь род, у якім цяпер 39 чалавек.
Радавод Валянціны Чарнейка таксама быў прапанаваны на малюнку ў выглядзе дрэва, у якім цяпер 120 чалавек. Тут з пакалення ў пакаленне перадаваліся клопаты аднаго аб адным, пачуццё локця, сяброўства, павага да роднай зямлі.
З любоўю і душэўнай павагай да шасці пакаленняў свайго роду гаварыла Вера Бялова. Яна паведала, што ў адным з пакаленняў быў чалавек, які без спецыяльнай адукацыі мог іграць на музычных інструментах, змайстраваць любую рэч. Праз жыццё ўсіх пакаленняў прайшла вайна, і кожны з пачуццём годнасці і патрыятызму выходзіў са складаных жыццёвых сітуацый.
Трапным вобразным выказванням, якія абагульняюць розныя з’явы жыцця, быў прысвечаны наступны конкурс “Што пасееш, тое і пажнеш”. Прапаноўвалася ўдзельнікам назваць прымаўкі і прыказкі, якія выкарыстоўвалі яны ў выхаванні дзяцей і ўнукаў. Вось некаторыя з іх, якія мне запомніліся: “Не патрэбен і клад, калі ў сям’і лад”, “Гультай за справу — мазоль на цела”, “Жыццё пражыць — не поле перайсці”…
Лірыкай і пяшчотай быў напоўнены музычны конкурс, пад час якога неабходна было выканаць куплеты песень сваёй маладосці ці калыханкі.
Бабулі могуць не толькі спяваць, танцаваць, рабіць урокі з унукамі, вязаць, яны яшчэ ўмеюць гатаваць любімыя стравы для нашчадкаў, гасцей і сяброў. Журы праводзіла дэгустацыю прыгатаваных ласункаў, а шчодры пірог ад Яўгеніі Сасноўскай атрымаў адзнаку не толькі журы, а і ўсіх прысутных.
У зале панавала станоўчая энергетыка, паўзы запаўняліся песнямі ў выкананні хору “Тонус”.
Паводле ацэнкі журы найбольш балаў набрала Людміла Васільеўна Дошчык.
На конкурсе прысут-нічала начальнік Жабін-каўскага загса Галіна Пятроўна Аксюцік, якая сказала, што такія мерапрыемствы трэба праводзіць для моладзі, каб юнакі і дзяўчаты чулі, як жыў народ раней. Маладыя ж пары, якія бяруць шлюб, здараецца, не ведаюць нічога пра сваіх бацькоў, а пра дзядоў тым больш.

Р.МАРГЕВІЧ, наш няшт. кар.
На здымку: віншаванні — Л.В.Дошчын, пераможцы конкурсу.
Фота В.Каско.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top