Николай Васильевич Григорук

Николай Васильевич Григорук

Сорак гадоў — сорак спартсменаў высокага класа

Любога юнага жабінкаўца ці больш сталага чалавека спытайцеся пра тое, каго ведае з настаўнікаў фізічнай культуры ці трэнераў у розных відах спорту, ён абавязкова назаве Мікалая Васільевіча Грыгарука. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Чатыры дзясяткі гадоў Мікалай Васільевіч далучае хлопчыкаў і дзяўчынак да фізічнай культуры, умела і тактоўна спрыяе іх фізічнаму развіццю, загартоўвае на вынослівасць, уменне браць спартыўныя вяршыні.
А пачынаў ён сваю педагагічную працу ў Якаўчыцкай адзінаццацігодцы. Быў таксама трэнерам-выкладчыкам і дырэктарам раённай ДЮСШ, апошнім часам працуе настаўнікам у трэцяй гарадской школе. Сумяшчае таксама трэнерскую дзейнасць: рыхтуе юных баксёраў.
Вядома, з гадамі прыходзяць майстэрства, творчы вопыт. Так было ў педагагічнай працы і Мікалая Васільевіча. Яго творчымі і метадычнымі настаўнікамі былі вядомыя спецыялісты фізічнага выхавання Міхаіл Маркавіч Няпраўскі і Васіль Фаміч Стэпусь. Апошні напачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя арганізаваў адкрытыя ўрокі-панарамы раздзелаў школьнай праграмы ва ўсіх кутках Берасцейшчыны. Аналагічныя ўрокі за сваю саракагадовую настаўніцкую і трэнерскую дзейнасць правёў і жабінкаўскі педагог вышэйшай катэгорыі ў школах розных гарадоў.
— Мой багаты вопыт, — расказвае Мікалай Васільевіч, — дазваляе ўжо навучаць маладых настаўнікаў педагагічнай методыцы, якую прымяняю на ўроках фізічнай культуры, на трэніровачных занятках, а таму неаднойчы з лекцыямі выступаў на курсах павышэння кваліфікацыі ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Мая творчая работа з уласнага вопыту на пятай абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Фізічная культура, спорт і сучасны алімпійскі рух: праблемы і інавацыі” заняла першае месца. У ёй я прааналізаваў арганізацыю ўліку і кантролю навучальнай і спартыўна-масавай работы мною ж распрацаваныя і ўкаранёныя. Менавіта дзякуючы ёй, абумоўлены шматгадовы поспех у раённых, абласных і рэспубліканскіх спартакіядах нашых школьнікаў.
Сапраўды, педагогам-трэнерам падрыхтавана каля 40 пераможцаў і прызёраў. У іх ліку баксёр, майстар спорту міжнароднага класа, прызёр першынства Еўропы Сяргей Жмайлік. Яшчэ ён двойчы быў пятым у чэмпіянатах свету. Сярод яго выхаванцаў прызёр першынства Еўропы ў боксе сярод школьнікаў Алег Кастрамін, фіналісты першынства СССР таксама ў боксе Віктар Царук і Аляксандр Ткачук. Сёлета прызёрамі спартакіяды Беларусі сярод школьнікаў прызнаны яго выхаванцы Сяргей Дзятлаў і Сяргей Міхайлоўскі.
Многія яго выпускнікі сталі педагогамі фізічнай культуры і спорту, іншыя закончылі ваенную, міліцэйскую, пагранічную, органаў дзяржаўнай бяспекі акадэміі, дзе пад час вучобы і патрабаваліся вынослівасць, сіла, байцоўская вытрымка.
У апошнія гады ім выхаваны маладыя перспектыўныя юнакі, якія навучаюцца і гуляюць у спартыўных камандах Мінска. Так, Яўген Місюк у 2008 годзе ў складзе моладзевай зборнай Беларусі паспяхова выступіў на чэмпіянаце свету ў валейболе. У гэты ж год у рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву на аддзяленне гандболу паступіў Раман Мірко. У фінальных абласных спаборніцтвах “Алімпійскія надзеі Беларусі” сярод гарадскіх школ, што праходзілі ў маі 2006 года, з шасці прызёраў двое былі з Жабінкі — Яўген Пракапчук і Таццяна Бакун, яны сталі трэцімі.
У Жабінцы, дзе паспяхова развіваецца бокс на працягу многіх гадоў, а ля яго вытокаў быў Мікалай Васільевіч дый цяпер працягвае лепшыя яго традыцыі, створаны адзін з найлепшых залаў адзінаборстваў Беларусі на базе ФАУ “Ба-дзёрасць”. Значны ўклад у гэтую справу, вядома, зрабіў і настаўнік вышэйшай катэгорыі Мікалай Васільевіча Грыгарук.
Руплівая праца настаўніка адзначана знакавымі ўзнагародамі, і самая дарагая — нагрудны знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Ганаровых грамат Міністэрства асветы, упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, аддзела адукацыі райвыканкама ў яго цэлы стос. Усе яны сведчаць пра ўмелую падрыхтоўку выхаванцаў да рэспубліканскіх, абласных, раённых спаборніцтваў, пра арганізацыю карыснага адпачынку дзяцей у летніх працоўных лагерах.

Л.КОСЦІНА.
На здымку: настаўнік фізкультуры СШ №3 г.Жабінка М.В.Грыгарук з вучнямі Г.Барысюк, І.Галаваш, Я.Варанчуком і Я.Страйсцянам.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. мой преподаватель бывший. хороший человек, хороший тренер!

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top