К 120-летию со Дня рождения Максима Богдановича

К 120-летию со Дня рождения Максима Богдановича

Зорка першай велічыні

(Запісы розных гадоў)

1.

Зайздрошчу цяперашняму хлапчуку або юнаку, які толькі-толькі адкрывае для сябе агромністы і бяздонны, шматфарбны і шматгалосы свет Паэта. Не сумняваюся, што хтосьці, бы колісь я, задумае радок за радком, верш за вершам завучыць напамяць усю яго паэтычную спадчыну, прынамсі, выйсці далёка за межы школьнай, дый універсітэцкай праграмы. І засвоіць так глыбока, што і на старасці гадоў без намагання прадэкламуе “Зорку Венеру”, “Здароў, марозны звонкі вечар!..”, “Слуцкіх ткачых”, “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”, “Калісь глядзеў на сонца я…” і шмат-шмат што яшчэ. Гэта ў тым выпадку калі надоўга не будзе развітвацца ні з выбраным томікам, ні з поўнымі тамамі, не пакіне чытаць і перачытваць іх.
Вайсковую службу я праходзіў пад Ленінградам. Хлопцы-беларусы, нават вясковыя, даволі хутка асвоіліся ў рускамоўнай стыхіі, а для мяне, хто пісаў вершы, яна была не на карысць. Пачынаў і думаць па-руску, дык не дзіўна, што вершы перасталі прыходзіць. Што я тады папрасіў прыслаць мне ў лісце да бацькі? Зразумела — кніжку М.Багдановіча, якую адклаў да радка ў памяці і перад ад’ездам дамоў пакінуў афіцэру родам з Мінска, беларусу, аматару паэзіі.

2.

Багдановіч… Богам дадзены… Міжволі паверыш у невыпадковасць ягонага прозвішча. На гэта звярталі і звяртаюць увагу багдановічазнаўцы. “Госць з высокага неба” — так назваў яго У.Ігнатоўскі, а сучасная даследчыца І.Багдановіч канкрэтызуе: “Боскім наканаваннем было прадвызначана М.Багдановічу нарадзіцца на гэтай зямлі, для гэтага народа і яго культуры”.
Узрадзіць у сабе родную мову на чужыне, куды яго лёс закінуў з пяцігадовага ўзросту, і, па-сутнасці, там жа зрабіцца класікам беларускай літаратуры ў свае 25. За тры гады стварыць паэтычны “Вянок”, кнігу, якая “стала легендай” (Т.Чабан). Быць не толькі вялікім паэтам, а і глыбокім крытыкам і літаратуразнаўцам, цудоўным празаікам і майстрам перакладу, гісторыкам і мысляром. Весці за сабою і накіроўваць увесь беларускі адраджэнскі рух, назаўсёды застацца невычэрпнай крыніцай для росту нацыянальнай культуры. Містычнае ёсць і ў тым, што Бог забраў Максіма да сябе менавіта ў 1917-м, пасля якога ён, як “нацыяналіст” і “папутнік”, наўрад ці выжыў бы, і ў тым, што мы не ўпэўнены, ці сапраўды там, дзе стаіць надмагільны помнік з імем паэта, ляжыць ягоны прах, як не ведаем, дзе знаходзіцца прах Хрыста (не ўваскрос жа ён разам з душою).
Разгадка такой выключнай з’явы, як Максім Багдановіч і яго самаахвярныя жыццё і творчасць, бадай што, у місіянстве. Місіянства можна выводзіць ці з рэальнай хады гісторыі і чарговай хвалі нацыянальнага Адраджэння, ці з містычна-духоўнага праяўлення феномена — гэта сутнасці не мяняе. “У краіне светлай, дзе я ўміраю… я не самотны, я кнігу маю”. Так даткліва і так мужна ў канцы кароткага жыцця мог сказаць толькі той, хто ўсведамляў сваю місію. З вялікай літары Кніга ёсць, і значыць місія споўнілася.

3.

Максім Багдановіч — зорка першай велічыні. Не таму, што самая яркая, а таму, што зыходная, крынічная, самая шчодрая. Яна дасюль іскрыцца промнямі, а мы, каму які промень прыдаўся, збіраем іх. І ніводзін беларускі паэт не ўнікнуў уплыву Багдановіча, святла ягонай зоркі. Нават сённяшнія самыя маладыя, самыя прэтэнцыёзна-арыгінальныя. Іхні авангард — толькі адзін з “забытых шляхоў” М.Багдановіча. “Краса” пылу, змроку, ценяў, зданяў, павуціння — зноў жа адтуль, з ягонай лірыкі:
Дзесь у хмарах жывуць павукі,
Што снуюць павуціну дажджа…
…Чу! Чуваць шорах ног павукоў,
Аплятаючых сцены і дах.
Хутка і такога святла ў беларускай паэзіі стане дастаткова, і тады з’явяцца новыя “авангардысты”, зноў будуць маліцца на зорку Максіма і стануць збіраць прыдатныя толькі для іх промні.

4.

Здаецца, першым назваў М.Багдановіча “паэтам чыстай красы” ягоны сучаснік — палітычны і культурны дзеяч, публіцыст і крытык Антон Луцкевіч. Многія паэты-паслядоўнікі ўспрынялі гэтае азначэнне літаральна і наўмысна пазбягалі (і пазбягаюць) у сваіх творах рэалій часу і грамадскага жыцця, чаго не цураўся, аднак, вялікі паэт. Ці ягоная выразная грамадзянская пазіцыя абядніла змест, знізіла эстэтычную вартасць такіх вершаў, як “Пагоня”, “Я хлеба ў багатых прасіў і маліў…”, “Паміж пяскоў егіпецкай зямлі…” ды шэрагу іншых? Зразумела, не. Усе яны ў “асяроддзі зачараваных люстраў” (І.Замоцін) сапраўднага мастацтва. Кожны твор павінен быць дасканалым, створаным паводле законаў хараства, які б матыў у ім ні гучаў, — такога прынцыпу няўхільна трымаўся Максім і нават вучыў гэтаму старэйшых Я.Купалу і Я.Коласа. Толькі самабытная, гарманічная, унікальная краса можа быць “чыстай”.

5.

Надзейны і незаменны сродак ад “зорнай хваробы” для сённяшніх амбіцыйных маладых творцаў — паэзія Максіма Багдановіча. Дастаткова мець пад рукою “траўнік” — ягоны “Вянок”, каб твае пыха і фанабэрыя прайшлі. Ты хоць крыху наблізіўся да яго? Што ў цябе ёсць паставіць побач з “Зоркай Венерай” або з такімі шэдэўрамі, як “Песняру”, “Па-над белым пухам вішняў…”? Пытацца ды пытацца, нават калі ты пасталеў.
…дваццаціпяцігадовага Багдановіча
чытаю, напамяць вучу,
за Максіма старэйшы
роўна на гэтулькі ж — на 25!..
Не давучыць яго, не дачытаць.
Гэтак мне напісалася роўна дзесяць гадоў таму, а і праз такі час не пакідаю ўчытвацца ў створанае ім.

6.

“Сёння ўсё часцей у дачыненні да Багдановіча ўжываюць слова геній…” Такую фразу пачуў нядаўна з тэлеэкрана. Сёння? Толькі сёння?! Госпадзі, колькі літаратуры створана пра яго, колькі пакаленняў паэтаў вырасла на ягонай неўміручай спадчыне, а бач — “сёння”! Было крыўдна і балюча за генія.
Але потым прачытаў: “Ні на кім не адбілася прадвызначэнне часу так, як на лёсе Багдановіча” (М.Стральцоў). Часу, мабыць, перш за ўсё будучага, а гэтае паняцце яшчэ больш невытлумачальнае (бо непрадказальнае), чым час мінулы і цяперашні. Дык хоць добра тое, што не чакаем заўтрашняга дня, а называем — хай і праз сто з лішкам гадоў — генія геніем ужо “сёння”!

А.КАСКО.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top