90 лет со дня основания «Белгосстраха»

Ніпачым бяда, калі вы з Белдзяржстрахам

Белдзяржстраху 90 гадоў. Гэта былі гады зараджэння страхавой службы, пашырэння яе паслуг, прыцягнення дадатковых інвестыцый у эканоміку краіны. Асноўныя функцыі, якія даводзіцца выконваць супрацоўнікам Белдзяржстраху ў нашым раёне, — заключэнне дагавораў страхавання і выкананне абавязацельстваў, прынятых паводле іх, абарона маёмасных інтарэсаў людзей і юрыдычных асобаў…
1 красавіка 2010 года калектыў страхавых работнікаў Жабінкаўшчыны быў далучаны да прадстаўніцтва Белдзяржстраху Камянецкага раёна. Цяпер у нас працуе аддзел аказання страхавых паслуг прадстаўніцтва Белдзяржстраху Камянецкага раёна.
Страхавая сетка яго складаецца з 9 участкаў, з якіх 6 — сельскія. У кожнага з 9 агентаў прыкладна аднолькавая колькасць страхавальнікаў, у аддаленыя ўчасткі яны дабіраюцца аўтатранспартам, які ёсць у нас.
Істотную дапамогу ў заключэнні дагавораў страхавання аказваюць арганізацыі-пасрэднікі. Арганізавана яна ў ЦБП філіяла №100 ААТ “ААБ “Беларусбанк”, аддзяленнях “Белаграпрамбанка” і “Белінвестбанка”, у раённых аддзелах паштовай і электрычнай сувязі. Тут можна заключыць дагаворы абавязковага і добраахвотнага страхавання: ад няшчасных выпадкаў, паводле грамадзянскай адказнасці, маёмасныя.
Калі ў 2009 годзе ад насельніцтва паступіла 270 мільёнаў рублёў страхавых узносаў, а летась — 300 мільёнаў, дык за 10 месяцаў сёлета ўжо 374 мільёны рублёў (тэмп росту 148,7% да леташняга ўзроўню). Паўплывала найперш павелічэнне колькасці заключаных дагавораў: 8133 — у 2009 годзе, 8500 — у 2010-ым і за 10 месяцаў сёлетняга — 7200. Гэта што датычыцца добраахвотнага страхавання насельніцтва. На сумы ўзносаў абавязковага страхавання ўплывае курс еўра, якія залежаць ад банкаўскага курсу гэтай грашовай адзінкі.
Найбольшую перавагу аддаюць жыхары раёна добраахвотнаму страхаванню будынкаў, жывёлы, маёмасці, ад няшчасных выпадкаў… Усяго ж мы аказваем каля 50 відаў яго.
З абавязковых відаў пераважаюць страхаванне пабудоў, што належаць грамадзянам, грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў.
Развіваецца добраахвотнае страхаванне і ў асяродку юрыдычных асобаў, ад якіх патупіла летась 115 мільёнаў 500 тысяч рублёў, што складае 28,3 працэнта ад усіх паступленняў паводле гэтага віду страхавання. Сёлета намі заключаны такія дагаворы са 144 суб’ектамі гаспадарання і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, паступіла ўжо 148 млн. 500 тыс. рублёў узносаў. Найбольш актыўна працуюць з намі ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”, сельгаспрадпрыемствы, ПУТЭП “Севаштранс”, іншыя. Страхуюцца сельгаспасевы, жывёла, маёмасць, што належыць юрыдычнай асобе, работнікі ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці, грамадзянская адказнасць уладальнікаў транспартных сродкаў… Дарэчы, жыццё наша такое, што ўрон гаспадаркам і прадпрыемствам прыносяць прыродныя катаклізмы, нягледзячы на ахову працы здараюцца няшчасныя выпадкі. У бядзе чалавек не застаецца адзінокім, на дапамогу яму прыходзіць Белдзяржстрах. Летась разгледжана нашым прадстаўніцтвам 3600 актаў і выплачана па ўсіх відах страхавання 3 млрд. 666 млн. рублёў, за дзесяць месяцаў сёлетняга года ў вытворчасці было 2900 актаў і кампенсацыі склалі 3 млрд. рублёў.
Літаральна некалькі дзён таму пранёсся ўраган, які нанёс шкоду людзям (пацярпелі ў асноўным дахі пабудоў), і яны прыходзяць па дапамогу. Яе мы павінны аказаць на працягу дзесяці дзён з моманту падачы апошняга дакумента для страхавой выплаты.
Важкі ўклад у развіццё страхавой справы ўносяць спецыялісты аддзела, якіх у нас пяцёра. Пад іх непасрэдным кіраўніцтвам забяспечваецца выкананне планавых заданняў, кантралюецца якасць аказання страхавых паслуг, выканання дагавораў.
Праца страхавога агента нялёгкая, але вельмі патрэбная і людзям, і дзяржаве. Усе нашы супрацоўнікі стараюцца сумленна выконваць свае абавязкі. Дый заробак іх залежыць ад колькасці заключаных дагавораў, таму яны стараюцца не абмінуць ніводнага страхавальніка. Вельмі цяжка назваць найлепшых. Калі браць аб’ём страхавых узносаў, то тут вылучаюцца агенты Марыя Паўлаўна Блоцкая, Ганна Паўлаўна Буракіна, Антаніна Васільеўна Партная, Любоў Паўлаўна Ястрабкова.
Калектыў наш папаўняецца маладымі спецыялістамі. Літаральна ў кастрычніку пачала працаваць агентам у Жабінкаўскім сельскім Савеце Алена Місюк. Справіцца. Ёй ёсць у каго навучыцца.
Дзяржаве наша служба забяспечвае дадатковыя фінансавыя паступленні ў бюджэт, а грамадзяне-страхавальнікі атрымліваюць гарантаваную падтрымку ў выглядзе кампенсацыі пры ўзнікненні страхавых выпадкаў, розных здарэнняў, прыродных катаклізмаў, якія, дарэчы, частыя апошнім часам. Але Белдзяржстрах дапамагае толькі тым, хто заключыў дагавор страхавання. Словам, у выйгрышы застаюцца толькі страхавальнікі.
На завяршэнне хачу павіншаваць сённяшніх работнікаў і ветэранаў страхавой сферы з прафесійным святам. Моцнага здароўя, дабрабыту, натхнення ў патрэбнай і карыснай для ўсіх справе. Удачы вам ва ўсім!

Т.РУЦЮК, начальнік аддзела ў аказанні страхавых паслуг у Жабінкаўскім раёне прадстаўніцтва Белдзяржстраху Камянецкага раёна.
На здымку: спецыялісты і агенты аддзела М.П.Блоцкая, А.В.Партная, Т.Я.Руцюк (начальнік аддзела), Л.П.Ястрабкова, С.Я.Асяйчук, В.І.Кузьміч, І.М.Давыскіба, Н.В.Дамарад, Г.П.Буракіна, А.В.Місюк.
Фота І.Жук.

Страхавыя тарыфы і ўзносы па асноўных відах страхавання:

па добраахвотным страхаванні будынкаў — 0,6% ад страхавой сумы: напрыклад, пры страхаванні на 40 млн. рублёў узнос складзе 240 тыс. у год;
хатняй маёмасці — 0,9% і пры страхавой суме ў 20 млн. рублёў — 180 тысяч у год;
кватэр — 0,4% і пры страхавой суме ў 30 млн. рублёў — 120 тыс. руб. у год;
грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў жылых памяшканняў — 0,55% на суму 10 млн. рублёў — 55 тыс. руб. у год;
грамадзян ад няшчасных выпадкаў — ад 0,7% да 1,7% ад страхавой сумы ў залежнасці ад узросту, прафесіі і абранага варыянта страхавання;
транспартных сродкаў — ад 3,5% да 6,5% ад рыначнага кошту аўтамабіля, у залежнасці ад яго ўзросту і месца выкарыстання;
жывёлы — ад 3,9% да 17,3% ад лімітных страхавых сум, у залежнасці ад віду і ўзросту жывёлы.
Акрамя таго, прадугледжана гібкая сістэма скідак, такіх як наяўнасць пакета страхавых паслуг; заключэнне дагавораў у перыяд рэкламных акцый; наяўнасць банкаўскіх картак, пажарных апавяшчальнікаў, ахоўнай сігналізацыі; заключэнне сямейных дагавораў ад няшчасных выпадкаў і інш.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*