3 декабря — День инвалидов Республики Беларусь

3 декабря — День инвалидов Республики Беларусь

Бачу свой свет па-свойму

На сядзібу здзітаўскіх гаспадароў Лойкуцаў звяртае ўвагу, бадай, кожны, хто ўваходзіць у вёску з боку Жабінкі. Яна запыняе вока сваёй упарадкаванасцю і прыгажосцю — не “крыклівай”, без экзотыкі, а густоўнай, менавіта вясковай. У двор “запрашае” арка з лімонніку, сцежка да хаты вядзе праз акуратна стрыжаны лужок, паўз бухматую ялінку злева, паўз дагледжаны сад і зграбны калодзеж справа. Абапал студні стаяць дзве кветніцы з лазовых прутоў. Яны першыя сведчаць, што жывуць тут не проста дбайныя гаспадары, а і народныя ўмельцы, аматары ўжытковых вырабаў. Таму карціць завітаць у хату, якая стала і майстэрняй для Людмілы і Станіслава Лойкуцаў. Аднак затрымацца ў двары варта яшчэ.
Усё тут зроблена і робіцца іхнімі рукамі, інвалідаў трэцяй і першай групы. Цукровы дыябет у абаіх, асабліва ж бязлітасна абышоўся ён са Станіславам Вячаслававічам — зрабіў літаральна сляпым. Ходзіць гаспадар з палкай-выручалкай і ў хаце, і на двары, дзе ўсё яму добра знаёмае навобмацак. Здзіўляцца тут, відаць, няма чаму. Але каб самому пілаваць дровы бензапілой, секчы круглякі, садзіць сад… Крыху пра сад. Ён усё больш наступае на колішнія вялікія агароды, упраўляцца з якімі, як і са свойскай жывёлаю, цяпер не пад сілу маладым, старанным, умелым, але — хворым людзям. Захапіліся садам. Саджанцы прывозяць сябры і знаёмыя, а пасадка, догляд — за імі. Заадно па-ранейшаму трэба падтрымліваць парадак на ўсім пляцы, пакуль што занятым травой. З газонакасілкай (і, дадам, з надзейным транспартам — скутарам) спаўна спраўляецца Людміла Іванаўна. Яна ж пасабляе мужу ўпраўляцца з бензапілою. Вось і ўвесь сакрэт.
Цяпер — у хату, куды гасцінна запрашаюць гаспадары і нават белы калматы сабачка, што не адыходзіць ад іх. У хаце, яшчэ дзедавай, чысціня, утульнасць. Немагчыма не заўважыць драўлянай разьбы, яна ў надваконных карнізах, у паліцы для вазонаў, падсвечніку, падвешанай свяцільні. Гэта як напамінак пра той час, калі Станіслаў крыху бачыў. Займаўся разьбой па дрэве са сваім хросным бацькам жабінкаўцам Яўгенам Галаванчуком. Іхняе пано дасюль ёсць у першай гарадской школе.
Цяперашні асноўны занятак Станіслава Лойкуца — пляценне кошыкаў. Навучыў азам рамяства тры гады назад Аляксандр Фёдаравіч Крыўчэня. “А потым, — прыгадвае гаспадар, — мой старэйшы брат Саша купіў спецыяльную кніжку. “Лозапляценне”, так, здаецца, называецца яна. Жонка чытала, вучыла мяне і вучылася сама. Яна і сёння дапамагае, куды мне без яе”.
Ці трэба казаць, якой аддушынаю, асалодаю стаў для яго новы занятак! Цікава нарыхтоўваць лазу, па якую яны выязджаюць з жонкай на бераг Мухаўца, захапляе працэс пляцення, калі чалавек забываецца на ўсё і засяроджваецца толькі на ім, радуе вынік, які даецца невідушчаму не так проста. “Вам не перадаць майго адчування зроку, — ажыўляецца да ўсхваляванасці мой суразмоўца. — Але калі я працую, здаецца — бачу. Рух пальцаў дакладны, трапны. Але гэта тады, калі настроюся, калі не перашкаджае які-небудзь непрыемны шум, нічога не раздражняе. Свой свет я бачу па-свойму. Відушчым проста не магу растлумачыць гэтага”.
На рахунку майстра, як ён прыкінуў, кошыкаў ужо каля сотні. Дзясятак сплёў за апошні месяц, ды і то працаваў не кожны дзень: часта даводзіцца быць у дактароў. Гэтыя дзесяць вырабаў пакуль што ў яго, а так кошыкі, зробленыя адмыслова, зручныя, трывалыя і лёгкія, прадаюцца або дорацца. Ахвочых набыць іх усё больш. “Яны вельмі практычныя, — кажа Станіслаў. — Калі з імі акуратна абыходзіцца, дык аж дзясятак гадоў могуць праслужыць. У нас з Людай яны “жывуць” акурат не менш”.
Даволі часта бываюць вырабы на выставах. Апошняя з іх адбылася сёлета ў кастрычніку ў гарадскім Доме культуры, а ў чэрвені з кошыкам здзітаўскага аматара змаглі пазнаёміцца наведвальнікі абласной выставы. Гэты малы кошык вабіць вока: ён сплецены цалкам з натуральнага матэрыялу — з лазовых прутоў-дужак, пераплеценых галінкамі ніцай вярбы.
У майстра і яго адданай памочніцы жонкі ёсць творчыя задумкі: пачаць выраб вялікіх кашолак з пляскатым дном, а ў яго асабіста — зрабіць крэсла-гушкалку. Спадзяюцца на літаратуру, якая ў іх ёсць, на дапамогу больш спрактыкаваных майстроў, на таго ж Аляксандра Крыўчэню, ну і, вядома ж, на ўласныя рукі.
“Бачу свой свет па-свойму…” Станіслаў Вячаслававіч мае на ўвазе перш за ўсё творчы свет. А на свет агульны для нас яму не даюць забыцца зносіны з добрымі людзьмі: аднавяскоўцамі, сваякамі, сябрамі таварыства інвалідаў, пакупнікамі ягоных вырабаў і наведвальнікамі выстаў, нават замежнымі гасцямі. “На масавых мерапрыемствах, — з прыкметным жалем сказала старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Раіса Сцяпанаўна Ліскова, — Станіслаў амаль не бывае. Сустракаемся з ім прыватна. Заўсёды на зборах прысутнічае яго маці Валянціна Рыгораўна, якая жыве ў мікрараёне Жабінкі. Яна трымае сына ў курсе нашых спраў не менш, чым мы самі”.
Калі я пакідаў гасцінную сядзібу Лойкуцаў, гаспадар паміж іншымі развітальнымі словамі паведаў: “Сёння з Любаю збіраемся ў горад, у госці да мамы”. І паведаў гэта ўзбуджана-радасна.

А.КАСКО.
На здымку: Любоў Іванаўна і Станіслаў Вячаслававіч Лойкуцы.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top