Новости района

Новости района

Журналісты сустрэліся ў Драгічыне

24 лістапада журналісты “Драгічынскага весніка” прымалі калег з Жабінкі, Кобрына, Бярозы і Пружанаў. Творчая “лятучка” ладзілася ў рамках праекта “Радаслоўная і сучаснасць роднага краю ў СМІ”. Напачатку яны наведалі гістарычныя і культурныя мясціны Драгічыншчыны. Асаблівую цікавасць і захапленне ў гасцей выклікалі экскурсіі ў музеі ваенна-гістарычны імя Дз.К.Удовікава ў Драгічыне і народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”. Пад час сустрэчы ў інфармацыйным цэнтры Хомскай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы супрацоўнікі раёнак падзяліліся вопытам работы асвятлення гістарычнага мінулага на старонках сваіх выданняў, зрабілі агляды газет калегаў-суседзяў.

Донар — слова годнае, справа яго высакародная

Патрэбнасць у прэпаратах, якія рыхтуюцца з донарскай крыві, увесь час узрастае. Таму раз-пораз у раённую бальніцу наведваецца брыгада спецыялістаў з Брэста, што займаюцца яе зборам. Апошні дзень донара ў Жабінцы адбыўся ў сярэдзіне лістапада, на пункт здачы крыві прыйшло звыш 40 жыхароў райцэнтра. Найбольшую актыўнасць у гэтай высакароднай справе, як паведаміла галоўная медыцынская сястра ЦРБ Н.М.Спіцына, праявілі работнікі медустаноў Жабінкаўшчыны, цукровага і камбікормавага заводаў.

Першыя ў вобласці

У Брэсце падведзены вынікі конкурсу-спаборніцтваў у алімпійскай адукацыі сярод школьных устаноў Брэстчыны. Найлепшым сярод сельскіх раёнаў вобласці прызнаны Жабінкаўскі. “Чакаем рэспубліканскага этапу, — адзначыў спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама А.Ф.Крук. — Для ўдзелу ў ім падрыхтаваны і днямі накіраваны ў сталіцу матэрыялы ў шасці намінацыях. 5 снежня адбудзецца пасяджэнне Нацыянальнага алімпійскага камітэта, дзе і вызначыцца, хто мацнейшы ў краіне”.

За парадай да святара

У першы дзень Каляднага посту ў Жабінкаўскай дзіцячай бібліятэцы ладзілася чарговае пасяджэнне “Школы праваслаўя”, якую вядзе настаяцель Свята-Пакроўскай царквы святар Сергій Петрусевіч. На сустрэчу прыйшлі маладыя матулі з дзецьмі, што мелі магчымасць паслухаць і параіцца са святаром. Пакуль малыя бавіліся ў суседнім пакоі, дарослыя абмяркоўвалі надзвычай важныя для хрысціяніна пытанні: што ёсць грэх? як прыйсці да пакаяння? Наступнае спатканне ў “Школе праваслаўя” адбудзецца праз месяц, бліжэй да новага 2012 года.

Наша Наташа ў “Фактары смеху”

Сёння, 3 снежня ў 19.25 у эфіры АНТ — чарговая перадача “Фактар смеху”, дзе ўдзельнічаюць самадзейныя гумарысты з усіх куткоў Беларусі. У адной з перадач (магчыма і сёння?) гледачы змогуць пабачыць на сцэне нашу непаўторную Наталлю Дырман. Каб трапіць на сталічныя падмосткі, вясёлай артыстцы з Хмелева давялося прайсці няпросты адбор (у касцінгу толькі ад Брэстчыны бралі ўдзел каля сотні чалавек). Члены журы, а сярод іх кіраўнік тэатра гумару “Хрыстафор” Яўген Крыжаноўскі, вядомыя сябры Клуба вясёлых і знаходлівых Вадзім Галыгін і Міхаіл Марфін, выказалі нашай Наташы камплімент: “Гэтае выступленне — сур’ёзная заяўка на беларускі мюзікл!” Паглядзім?

Сумны “рэкорд”

Сёлета на Жабінкаўшчыне выяўлена 21 парушэнне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання вытворчасці, абароту і рэкламы нехарчовай спіртаўтрымліваючай прадукцыі і этылавага спірту”. За гэта да адказнасці прыцягваліся шэсць грамадзян. Сумны “рэкорд” сярод іх трымае жыхарка в.Вялікія Якаўчыцы Н.Замулка, якая незаконна гандлюе дома гарэлкай і віном, прыдбанымі ў краме, за што на жанчыну ажно дзесяць разоў накладваліся штрафы, агульная сума якіх перавысіла ўжо 30 мільёнаў рублёў.

Падборку падрыхтаваў А.РОСТАЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top