На вопросы граждан ответил председатель райисполкома Н.В.Токарь

На вопросы граждан ответил председатель райисполкома Н.В.Токарь

З праблемамі, якія хвалююць

звярталіся 22 лістапада жыхары Жабінкаўшчыны да старшыні райвыканкама М.В.Токара на “прамую лінію”. І хоць не так даўно яна праводзілася з кіраўніком раёна, знайшліся новыя пытанні, а людзі, якія тэлефанавалі, спадзяваліся, што іх праблемы будуць пачутыя і вырашаныя.

Аб забеспячэнні палівам

В.І.Буза, в.Бусні: “У лістападзе мінулага года заказваў дровы. Сказалі, што паставяць на чаргу і прывязуць у 2011 годзе. Час прайшоў, а дроў так і няма”. Аналагічнае пытанне наконт забеспячэння палівам задала М.Дзмітрук з в.Гарэлкі, якая ў жніўні заказала брыкет. Дом у яе вялікі, і 2,5 тоны яго, што выдзяляецца па фіксаванай цане на год, расходуецца хутка. М.В.Токар абодвум паабяцаў не толькі разабрацца, але й запэўніў, што без паліва на зіму не застануцца.
P.S. Пакуль рыхтаваўся матэрыял да друку, дровы В.Бузе былі завезены.

Аб закрыцці магазіна і рабоце аўталаўкі

Стараста вёскі Пруска А.А.Жыгман і яе жыхарка Н.В.Пакалюк патэлефанавалі з пытаннем, на якой падставе зачынілі мясцовы магазін. Тут жывуць 50 пенсіянераў, у выхадныя, паводле іх словаў, шмат прыезджых. Аўтамагазін на колах, які прыязджае двойчы на тыдзень, як гаварылі яны, не задавальняе вяскоўцаў. Тым больш, ідзе зіма, давядзецца старым людзям мерзнуць у чаканні аўталаўкі.
— Цяжка ў ваш магазін знайсці прадаўца, — адказаў старшыня райвыканкама, — гандлёвая выручка тут невялікая. Зразумела, што зарплата прадаўца залежыць ад гэтага. Дый райспажыўтаварыству ад такой гандлёвай кропкі адны страты. Таму лепшы варыянт — аўталаўка. Ходзіць двойчы на тыдзень, у пэўна вызначаны час. Прадукты ўсе свежыя, а ў магазіне яны будуць залежвацца. Аднак, калі ўзнімаеце такое пытанне, прыедзем да вас, вывучым сітуацыю разам з работнікамі гандлю.

Аб дарогах і вулічным асвятленні

А.А.Жыгман звярнуўся таксама з просьбай падсыпаць дарогу ў Пруску ад дома №11 да дома №6, С.А.Цывілька — прагрэйдзіраваць адрэзак дарогі ад в.Мацясы на в.Песценькі (Кобрынскі раён), А.Козік з вуліцы Камсамольская г.Жабінка — зараўняць ямы на праезджай частцы ля Безыменнага канала.
Дарожная тэма хвалявала таксама жыхара Замошанаў М.В.Дзенісюка, які прапанаваў у вёсцы знізіць інтэнсіўнасць аўтамабільнага руху, у тым ліку шматгрузных фураў, шляхам устаноўкі ў трох месцах на паваротах “ляжачых паліцэйскіх”, а таксама знака абмежавання хуткасці — 40 км у гадзіну. Старшыня райвыканкама згадзіўся, што гэта слушная думка.
Яшчэ М.В.Дзенісюк звярнуў увагу на тое, што іншы раз неабдумана засыпаюцца старыя каналы, з-за гэтага ўзровень вады паднімаецца, і стаіць яна на палях. Як прыклад прывёў той, што між Федзькавічамі і Пятровічамі, вада з якога сыходзіць у Мухавец. Ля лесу канал поўнасцю засыпаны. М.В.Токар паабяцаў выехаць на месца і разабрацца, калі гэта так, даручыць раскапаць яго.
У М.А.Муха з вул.Палявая ў г.Жабінка іншая праблема: работнікі ПМК-19 пракапалі роў за агародамі. Цяпер да іх няма пад’езду. Жанчына прасіла старшыню райвыканкама пасадзейнічаць, каб засыпалі роў у месцы, дзе згодна плану, ідзе дарога.
Але першым яе зваротам было асвятленне вуліцы. Ліхтары не гараць на вялікай адлегласці. “Гэта вельмі нязручна для пенсіянераў, якія вечарамі збіраюцца разам за чытаннем духоўнай літаратуры”, — сказала М.А.Муха.
М.В.Токар патлумачыў, што ў мэтах эканоміі немагчыма, каб на кожным слупу гарэў ліхтар, дастаткова, калі святло будзе праз два слупы. Аднак Марыя Аляксееўна заўважыла, што на іх вуліцы ад дома №1 да №19 наогул не гарыць ніводзін ліхтар.
Згаданы ўжо А.Козік, што патэлефанаваў на “прамую лінію”, прапанаваў асвятліць пешаходны пераход ля чыгуначнага прыпынку “Цукровы завод”. Наступная яго просьба — побач Свята-Пакроўскай царквы ў Жабінцы абсталяваць аўтастаянку. Там і пешаходны пераход, і машыны вакол храма стаяць — небяспечны ўчастак для вадзіцеляў у цёмны час сутак. Старшыня райвыканкама паведаміў, што задумка такая ёсць — зрабіць стаянку, нават летась планавалі. У рэшце рэшт ажыццёўлена яна ў перспектыве будзе.

Аб рабоце прадпрымальніка

А.Козік і І.Філіманюк хацелі даведацца, ці праўда, што будзе зачынены кіёск ІП Мелікава, дзе рамантуецца абутак, размешчаны ля ўнівермага горада. М.В. Токар патлумачыў, што пытанне такое не ставілася, магчыма, прадпрымальнік своечасова не прадоўжыў арэнду, і падкрэсліў: калі ёсць у яго нейкія цяжкасці з далейшай дзейнасцю, гатовы выслухаць і дапаамагчы.

Аб камунальных паслугах і ўводзе жылля

“Мікалай Васільевіч, дапамажыце нам, — звярнулася А.М.Тарасюк з вуліцы Цэнтральная г.Жабінка, дом 18, кватэра 10. — Каб з’вілася цёплая вада (гарачай наогул няма), патрэбна вёдзер 5-6 выпусціць. Тое ж самае і ў суседзяў. Не аднойчы звярталіся ў ЖКГ, праўда, пісьмовых заяў асабіста я не пакідала. 26 кастрычніка званіла ў дыспетчарскую камунгаса, са мной не захацелі размаўляць. Цяпер і лічыльнікі на воду пастаўлены, і нормы расходу даведзены, усё гэта выльецца ў капеечку”. Безумоўна, без выезду на месца адказаць канкрэтна жанчыне было немагчыма. Старшыня райвыканкама даручыў разабрацца з праблемай службе камунгаса.
Пазваніла забудоўшчыца жыллёвага кааператыву №20 г.Жабінка, якая запыталася, калі будзе здадзены дом. Як аказалася, чакаць засталося ўсяго некалькі дзён. ЖБСК-21 (яе папрасілі таксама даведацца пра гэтую новабудоўлю) увод у эксплуатацыю намечаны на наступны год. Крэдытаванне аб’екта будзе весціся на тых жа ўмовах, што і суседніх нядаўна пабудаваных кааператываў.

Аб школьным харчаванні

На “прамую лінію” звярнулася жанчына з Падлесся. Яе не задавальняе арганізацыя харчавання ў Хмелеўскай школе. Як яна сказала, абедае яе дзіця ў 11.00, а дадому прыязджае ў 17.00, галоднае, у сталоўцы адсутнічаюць першыя стравы. Напрыклад, яна гатовая даплачваць, каб дзіця больш паўнацэнна сталавалася. Старшыня райвыканкама паабяцаў, што гэтае пытанне будзе вывучана.
Пасля “прамой лініі” службовым асобам былі да-дзены даручэнні для вырашэння ўзнятых пытанняў насельніцтвам горада і раёна.

С.МІКАЛАЕВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top